Ад вучнёўскага самакіравання да паспяховага прафесійнага самавызначэння

13.12.2017
- Для паспяховага вырашэння асабістых і прафесійных задач сучасная моладзь павінна быць самастойнай, прадпрымальнай, адказнай, камунікабельнай і талерантнай, здольнай працаваць у камандзе і гатовай пастаянна вучыцца чамусьці новаму ў жыцці і на рабочым месцы, - гаворыць дырэктар гімназіі Пружан Аляксандр Канстанцінавіч Момлік.

– Сённяшняя канкурэнтаздольнасць на рынку працы залежыць ад здольнасці авалодваць новымі ведамі і тэхналогіямі, адаптавацца да розных умоў працы. Кампетэнтнасны падыход у навучанні школьнікаў узмацняе практычную арыентаванасць адукацыі, накіраваную на інтарэсы і патрэбы дзяцей, актывізацыю іх пазнавальнай дзейнасці. Сучасныя вучні павінны самі шукаць, даследаваць і прымаць рашэнні, набываць карысныя веды. Вельмі важна, каб дзеці ўжо ў школьныя гады навучыліся правільна ацэньваць навакольны свет і пазіцыянаваць сябе ў ім.

Для задавальнення адукацыйных запытаў вучняў і развіцця іх творчых здольнасцей у гімназіі створана дыферэнцыраванае адукацыйнае асяроддзе, пабудаванае на прынцыпах кампетэнтнаснага падыходу. Педагогі працуюць над тым, каб вучні паспяхова сацыялізаваліся ў грамадстве, развівалі важныя асобасныя якасці, самастойна ацэньвалі ўласныя адукацыйныя вынікі і ўдасканальвалі іх, удзельнічалі ў асэнсаванай дзейнасці на аснове дакладнай матывацыі і адказнасці. Вялікая ўвага ўдзяляецца рэалізацыі лідарскага патэнцыялу падлеткаў праз іх актыўнае далучэнне да грамадска карыснай дзейнасці ў рамках вучнёўскага самакіравання і работы пярвічных арганізацый БРПА і БРСМ. 

- Сістэма вучнёўскага самакіравання ўключае савет гімназістаў (сенат), які ўзначальвае консул, - расказвае А.К.Момлік. – Консул выбіраецца на пасяджэнні сената тайным галасаваннем з ліку старшакласнікаў. Работа сената спланавана і вядзецца ў 7 цэнтрах: “Вучэбны”, “Парадак”, “Спорт і здароўе”, “Вольны час”, “Клопат”, “Фінансавы” і “Прэс-цэнтр”. На пасяджэннях сената, якія праводзяцца адзін раз на месяц на працягу навучальнага года, разглядаюцца пытанні па папярэджанні пропускаў заняткаў, павышэнні паспяховасці, арганізацыі агульнагімназічных мерапрыемстваў і калектыўных творчых спраў, а таксама прымаюцца лакальныя дакументы. Штомесяц прэс-цэнтр выпускае агульнагімназічную газету “Адкрыты ўрок”, дзе адлюстроўваюцца самыя цікавыя і важныя падзеі гімназічнага жыцця. Дзейнасць сената прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва вучняў і педагогаў, актыўны ўдзел падлеткаў у кіраванні адукацыйным працэсам. Сенат кантактуе з саветам гімназіі, яе адміністрацыяй і пярвічнымі арганізацыямі БРПА і БРСМ. Члены гімназічных органаў самакіравання актыўна ўдзельнічаюць у навукова-даследчай, вучэбнай, спартыўнай, грамадска карыснай, культурна-масавай, асветніцкай і іншай дзейнасці.

Па словах А.К.Момліка, гімназічнае самакіраванне дапамагае вучням вырашаць важныя пытанні. Перад дзецьмі адкрываецца складаны і супярэчлівы свет чалавечых узаемаадносін. Падлеткі вучацца вылучаць тыя віды ўзаемадзеяння, якія вядуць да поспеху і самасцвярджэння. Удзел у рабоце органаў вучнёўскага самакіравання рыхтуе дзяцей да выканання грамадска значных задач, дапамагае ў жыццёвым самавызначэнні і з’яўляецца першай у жыцці школай лідарства. Адна з галоўных функцый вучнёўскага самакіравання – падрыхтоўка да жыцця ў грамадстве, дзе чалавек павінен умець не толькі падпарадкоўвацца, але і кіраваць.

- Даволі часта поспех у сучасным грамадстве залежыць ад умення працаваць ва ўмовах канкурэнцыі: хутка рэагаваць на імклівыя змены, аналізаваць інфармацыю і на яе аснове прагназаваць далейшыя падзеі, прымаць адэкватныя рашэнні і дзейнічаць згодна з імі, - адзначае А.К.Момлік. – Таму педагогі ўжо з малодшага школьнага ўзросту развіваюць у вучняў сацыяльную актыўнасць, мэтанакіраванасць і валявыя якасці. Асаблівая ўвага ўдзяляецца выхаванню ўпэўненасці кожнага дзіцяці ва ўласных сілах. Менавіта лідарства ў дзіцячым калектыве з’яўляецца вядучым і ключавым у будучым самавызначэнні і сацыялізацыі. Вучні-лідары часам больш, чым педагогі, задаюць рытм жыцця ўстановы адукацыі. Аўтарытэт такіх дзяцей і сіла іх уздзеяння на равеснікаў пераўзыходзяць уплыў дарослых. На працягу многіх гадоў у органы вучнёўскага самакіравання гімназіі ўваходзяць толькі самыя аўтарытэтныя і паважаныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ў будучыні даказалі сваю сацыяльную значнасць.

Адным з прыярытэтных напрамкаў у дзейнасці гімназіі з’яўляецца работа па выяўленні, развіцці і падтрымцы здольных вучняў. З мэтай сістэмнага падыходу да гэтага пытання распрацавана комплексна-мэтавая праграма “Інтэлект”. Сфарміраваны банк адораных дзяцей, дзе ў мінулым навучальным годзе знаходзіліся 116 вучняў 2 – 11 класаў. Рэгулярна адсочваюцца дынаміка іх дасягненняў, узаемаадносін у калектыве і магчымыя праблемы. Гэта дазваляе своечасова аказваць здольным вучням неабходную псіхолага-педагагічную дапамогу.

- Якімі прыроднымі задаткамі не валодаў бы той ці іншы чалавек ад нараджэння, сфарміраваць на іх аснове пэўныя здольнасці можна толькі ў дзейнасці, - лічыць А.К.Момлік. – Таму для развіцця лідарскага патэнцыялу гімназістаў ствараюцца ўмовы, якія патрабуюць дзіцячай актыўнасці. Штуршком да развіцця лідарскіх якасцей выступаюць агульнагімназічныя мерапрыемствы, калектыўныя творчыя справы, спартыўныя і інтэлектуальныя (камандныя/індывідуальныя) гульні-спаборніцтвы, якія патрабуюць спрытнасці, дакладнасці і хуткасці рухаў і мыслення, а таксама дакладнага і хуткага запамінання і ўзнаўлення інфармацыі.   

Па словах А.К.Момліка, вялікая роля ў развіцці асобы дзіцяці належыць поспеху. Гімназісты – неаднаразовыя прызёры алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў рознага ўзроўню. Дзецям вельмі падабаецца адчуваць сябе пераможцамі.

- Сакрэт выхавання лідарскіх якасцей заключаецца ў паспяховасці дзяцей, адчуванні свайго росту і руху наперад, веры ва ўласныя сілы, - гаворыць А.К.Момлік. – Кожны гімназіст можа развіць і ўдасканаліць патэнцыял, закладзены прыродай. Галоўнае – вызначыць сферу дзейнасці для найлепшага прыкладання сваіх сіл і дасягнення поспеху. На гэта накіравана пазаўрочная дзейнасць вучняў, якая ўключае работу аб’яднанняў па інтарэсах, факультатываў і спартыўных секцый, стымулюючыя і індывідуальныя заняткі з высокаматываванымі дзецьмі. Так, у гімназіі дзейнічаюць больш за 30 прадметных факультатываў. У рамках дапрофільнай падрыхтоўкі васьмікласнікі і дзевяцікласнікі вывучаюць асобныя прадметы на павышаным узроўні. На базе гімназіі працуюць рэсурсныя цэнтры па матэматыцы, фізіцы, беларускай, нямецкай і англійскай мовах. Вучні наведваюць па суботах заняткі, арганізаваныя ў рэсурсных цэнтрах Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.