Павышаць прафесійную кампетэнтнасць педагогаў у прафарыентацыі вучняў

07.12.2017
- Акрамя бацькоў і соцыуму, вялікую ролю ў прафарыентацыйнай рабоце адыгрываюць і педагогі, якія дапамагаюць дзецям, іх мамам і татам правільна і своечасова сарыентавацца ў свеце сучасных прафесій і не памыліцца з выбарам прафесійнай будучыні, - гаворыць загадчыца Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.М.Маргаева. – Практыка паказвае, што для таго, каб дапамагчы вучням самавызначыцца ў адукацыйна-прафесійнай сферы, педагогам недастаткова валодаць ведамі, атрыманымі ва УВА. Павышэнне кампетэнтнасці настаўнікаў у галіне прафарыентацыйнай работы са школьнікамі – адзін з важных напрамкаў метадычнай дзейнасці на Ляхавіччыне.

Па словах С.М.Маргаевай, сучасныя кіраўнікі павінны валодаць сістэмным бачаннем задач школы, якое дазваляе атрымаць у будучыні адчувальны эфект ад прафарыентацыі. Пытанні арганізацыі дзейснай сістэмы прафарыентацыйнай работы з вучнямі заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання кіраўнікоў устаноў адукацыі. Напрацоўкі з вопыту правядзення пасяджэнняў гэтага аб’яднання былі прэзентаваны ў абласным конкурсе “Эфектыўныя заняткі ў сістэме метадычнай работы з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

На адным з пасяджэнняў раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання намеснікаў дырэктара ўстаноў адукацыі абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з фарміраваннем усвядомленых і паважлівых адносін да працы і выбару будучай прафесіі як фактару прафесійнага поспеху выпускнікоў. На пасяджэнні не толькі разглядаліся тэарэтычныя аспекты праблемы, але былі наведаны і прааналізаваны заняткі па інтарэсах “Азбука прафесій” у 2 класе, урок-праект “Партрэт паспяховага прафесіянала” ў 8 класе, а таксама заняткі з элементамі трэнінгу “Ад мары да прафесіі” ў 10 класе.

Галоўная мэта дзейнасці школьнай сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы – аказанне своечасовай комплекснай дапамогі вучням у пытаннях асобаснага развіцця, пазітыўнай сацыялізацыі і прафесійнага самавызначэння. Эфектыўныя падыходы ў ажыццяўленні прафарыентацыйнай работы абмяркоўваюцца на пасяджэннях раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў.

- Важная роля ў прафарыентацыі вучняў належыць настаўнікам, якія, рэалізоўваючы адукацыйныя праграмы, адначасова праводзяць выхаваўчую работу ў ролі класных кіраўнікоў, - адзначае С.М.Маргаева. – Адным з вядучых напрамкаў прафарыентацыі з’яўляецца прафарыентацыя праз вучэбныя прадметы. На пасяджэннях раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў-прадметнікаў і класных кіраўнікоў разглядаюцца пытанні, звязаныя з узаемасувяззю вучэбных прадметаў і прафесійнага асяроддзя, інфармацыйным і метадычным забеспячэннем прафарыентацыйнай работы з вучнямі і іх бацькамі. У дзейнасці раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання бібліятэкараў акцэнтуецца ўвага на трансляцыі новых форм прафарыентацыйнай работы школьнай бібліятэкі.

Педагогі зацікаўлены ў тым, каб іх вучні выбіралі настаўніцкую прафесію. Так, з 2014 года педкалектыў сярэдняй школы № 2 Ляхавіч разам з раённым ВМК рэалізоўвае інавацыйны праект “Укараненне мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму, устаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, накіраванага на выбар выпускнікамі педагагічных спецыяльнасцей”.

Па словах С.М.Маргаевай, павышаць узровень прафесійнага майстэрства ў прафарыентацыйнае рабоце добра дапамагае вывучэнне вопыту калег падчас розных мерапрыемстваў. Значную ролю ў гэтым адыгрываюць і конкурсы. Так, у мінулым навучальным годзе з мэтай выяўлення лепшага педагагічнага вопыту па стварэнні ўмоў для развіцця гульнявой дзейнасці выхаванцаў у дашкольных установах прайшоў раённы агляд-конкурс “Сюжэтна-ролевыя гульні сучасных дзяцей”. Штогод на Ляхавіччыне праходзіць конкурс “Калейдаскоп прафесій”, накіраваны на паспяховую сацыялізацыю асаблівых вучняў.

Педагогі раёна актыўна ўдзельнічаюць у Рэспубліканскім конкурсе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, які ў мінулым навучальным годзе прысвячаўся тэме “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення”. Конкурс выявіў цікавыя напрацоўкі лепшых настаўнікаў Ляхавіччыны па ўзаемадзеянні з установамі прафесійнай і вышэйшай адукацыі ў арганізацыі і правядзенні прафарыентацыі ў рамках шостага школьнага дня. На рахунку прадстаўнікоў раёна – 3 дыпломы рознай вартасці.

- Супрацоўнікі раённага ВМК выдатна разумеюць, што выніковасць прафарыентацыйнай работы ў школе залежыць ад прафесійнай кампетэнтнасці ў прафарыентацыі ўсіх педагогаў, таму гэты напрамак будзе і надалей вельмі важным у метадычнай дзейнасці, - падагульняе С.М.Маргаева.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.