Дарогай сяброўства

05.12.2017
Адразу два кабінеты Канфуцыя адкрыліся ў Брэсце: на базе сярэдняй школы № 28 і дзіцячага сада – пачатковай школы № 1. Гэтыя ўстановы адукацыі сталі першымі ў горадзе, дзе вучні пачалі сістэмна і мэтанакіравана вывучаць кітайскую культуру і мову.

Актавая зала сярэдняй школы № 28 сабрала шматлікіх удзельнікаў урачыстай цырымоніі з нагоды адкрыцця кабінетаў Канфуцыя. Гасцямі святочнага мерапрыемства сталі намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста А.П.Ульяніцкая, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму гэтай адміністрацыі В.К.Шчэрба, а таксама кіраўнікі класа Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Н.У.Касцеева і Сун Пэн.

- Паміж Беларуссю і Кітаем ужо даўно ўсталяваны сяброўскія стасункі, якія дынамічна развіваюцца ў культурнай, адукацыйнай і эканамічнай сферах, - адзначыў дырэктар сярэдняй школы № 28 А.А.Лазарук. – Адкрыўшы кабінет Канфуцыя, наша ўстанова далучылася да міжнароднага праекта – глабальнай сеткі інстытутаў Канфуцыя па ўсім свеце. Кабінет Канфуцыя надзвычай запатрабаваны сярод дзяцей, іх бацькоў і нават педагогаў. Выкладчыкі-валанцёры У Шуцін і Ван Мінсінь знаёмяць з кітайскай культурай і мовай каля 200 вучняў 2, 5 – 10 класаў.

- Адукацыйны праект дзейнічае ў нашай краіне ўжо 11 гадоў і рэалізоўваецца ў партнёрскіх установах вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая, - расказала дырэктар класа Канфуцыя БДУФК Н.У.Касцеева. – Асноўная мэта работы інстытутаў – развіццё супрацоўніцтва ў сферы адукацыі, вывучэнне кітайскай мовы і знаёмства з культурай Кітая для паляпшэння ўзаемаразумення і сяброўства паміж народамі, сумеснага развіцця навукі і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў у розных галінах ведаў.

Клас Канфуцыя ў БДУФК быў створаны па ініцыятыве ўніверсітэта і кітайскай партнёрскай УВА – Ліннаньскага педагагічнага ўніверсітэта. Клас Канфуцыя знаёміць усіх жадаючых з традыцыйнымі кітайскімі комплексамі фізкультуры (ушу і тайцзы) і мастацтвам чайнай цырымоніі, а таксама дапамагае ў вывучэнні кітайскай мовы, у тым ліку праз кабінеты, створаныя ў школах. Гэтыя кабінеты адкрываюць доступ да сучасных падручнікаў і тэхналогій, дазваляюць удзельнічаць у розных міжнародных адукацыйных і культурных праектах.

- Вывучаць кітайскую мову сёння вельмі прэстыжна, - адзначыла намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста А.П.Ульяніцкая. – Паміж Беларуссю і Кітаем актыўна развіваецца супрацоўніцтва ў розных сферах, найперш у эканоміцы. Яркі прыклад – будаўніцтва індустрыяльнага парка “Вялікі камень”, прыход у нашу краіну і яе рэгіёны кітайскага бізнесу і буйных інвестыцый. Гэта патрабуе спецыялістаў, якія добра валодаюць кітайскай мовай.

Кітайскія майстры ушу, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў па ушу з ліку студэнтаў БДУФК паказалі гледачам традыцыйныя кітайскія танцы Льва і

Дракона з элементамі кітайскіх баявых мастацтваў. У сваю чаргу брэсцкія вучні таксама парадавалі кітайскіх гасцей выступленнем з выкарыстаннем тэхнікі ушу, якім займаюцца ў школе.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.