Прафарыентацыя з бацькамі дзеля прафесійнага самавызначэння дзяцей

28.11.2017
- Сістэма прафесійнага самавызначэння вучняў, якая да нядаўняга часу існавала ў нашым раёне, дазваляла паспяхова выяўляць і развіваць іх здольнасці, але навукова-тэхнічны прагрэс, пераход да інфармацыйнага грамадства і змены ў сацыяльнай сферы прымусілі перагледзець падыходы ў гэтай рабоце, - гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Ганцавіцкага райвыканкама К.Ю.Баброўская. – Аналіз адукацыйных патрэб школьнікаў паказаў, што яны хацелі б бачыць навучанне больш асобасна арыентаваным. А для гэтага неабходна якасная інфармацыйна-педагагічная падтрымка, якая заключаецца ў кансалідацыі намаганняў педагогаў, бацькоў вучняў, зацікаўленых ведамстваў, устаноў вышэйшай і прафесійнай адукацыі. У выніку была створана рэгіянальная сістэма прафарыентацыйнай работы, накіраваная на актывізацыю міжведамаснага ўзаемадзеяння і эфектыўнае выкарыстанне патэнцыялу бацькоўскага выхавання. Гэтая сістэма рэалізоўваецца праз інтэграцыю ў адукацыйны працэс інтэрактыўных метадаў сацыялізацыі вучняў. Выкарыстанне інавацыйных метадаў і прыёмаў, здароўезберагальных тэхналогій і ЭСН пашырае ўяўленні дзяцей і іх бацькоў пра сучасны рынак працы, спецыяльнасці, неабходныя ў рэгіёне, і патрабаванні да пэўных прафесій.

Рэгіянальная сістэма прафарыентацыйнай работы з бацькамі вучняў уключае дыягностыку, кансультаванне, інфармацыйна-асветніцкую дзейнасць і суботнія мерапрыемствы. Сярод іх важную ролю адыгрывае псіхолага-педагагічная дыягностыка. Так, вучням сярэдняга звяна прапаноўваюцца першасныя карты інтарэсаў, якія дазваляюць выявіць пазавучэбныя зацікаўленні, вывучыць індывідуальныя асаблівасці і прафесійныя схільнасці. У рабоце са старшакласнікамі выкарыстоўваюцца методыкі, накіраваныя на вывучэнне асобасных якасцей дзяцей (воля, характар, лідарства, матывацыя і матывы ў жыцці). Вынікі праведзенай дыягностыкі абмяркоўваюцца на гадзінах зносін з педагогам-псіхолагам, бацькоўскіх сходах, індывідуальных і групавых кансультацыях. Пры неабходнасці вучням аказваецца дапамога ва ўсведамленні ўласных інтарэсаў, здольнасцей і схільнасцей.

- Прафарыентацыйнае кансультаванне ўключае непасрэдную дапамогу дзецям і іх бацькам у выбары прафесіі на аснове вывучэння асобы вучняў і даных дыягностыкі, - расказвае К.Ю.Баброўская. – Кансультацыі могуць быць падрыхтоўчымі, завяршальнымі і ўдакладняльнымі. У рамках павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагогаў, якія займаюцца дыягностыкай і кансультаваннем ва ўстановах адукацыі, раённы ВМК праводзіць практычныя і навучальныя семінары па вызначэнні аптымальных форм і метадаў работы, павышэнні якасці прафарыентацыі вучняў і іх бацькоў.

Інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць з мамамі і татамі накіравана на папаўненне іх педагагічных ведаў па прафесійным самавызначэнні вучняў, умовах паступлення ва ўстановы вышэйшай і прафесійнай адукацыі, а таксама па прагназуемай сітуацыі на рэгіянальным рынку працы. Для гэтага праводзяцца бацькоўскія сходы з удзелам прадстаўнікоў ПТНУ, ССНУ і УВА, кадравай службы, арганізацый і прадпрыемстваў раёна, сустрэчы з супрацоўнікамі райвыканкама і лідарамі грамадскіх арганізацый, сумесныя гасцявыя ўрокі і экскурсіі на прадпрыемствы, выступленні бацькоў перад вучнямі. Акрамя таго, афармляюцца інфармацыйныя стэнды і тэматычныя раздзелы на школьных сайтах, арганізоўваюцца інфармацыйна-асветніцкія акцыі “Новы час – новыя прафесіі”, “Зробім выбар разам!” і “Ад усвядомленага выбару прафесіі да шчаслівай будучыні”, а таксама тэматычныя выставы і прэзентацыі.

- Штогод раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму разам з раённым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне праводзіць дзень прафарыентацыі “Твой выбар, выпускнік!”, - гаворыць К.Ю.Баброўская. – У мерапрыемстве ўдзельнічаюць школьнікі, іх бацькі і настаўнікі, прадстаўнікі ПТНУ, ССНУ і УВА, кадравай службы, арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Выпускнікі і іх бацькі атрымліваюць інфармацыю пра ўступную кампанію, умовы прыёму, перспектывы, далейшае размеркаванне і працаўладкаванне маладых спецыялістаў. Ужо сталі традыцыйнымі месячнікі па прафарыентацыі вучняў, падчас якіх яны наведваюць установы прафесійнай і вышэйшай адукацыі, раённыя святы “Прафесіі нашай сям’і”, выставы тэматычнай літаратуры і відэалекторыі. У Раздзялавіцкай сярэдняй школе дзейнічае кабінет прафарыентацыі, які з’яўляецца арганізацыйна-метадычным, інфармацыйным і кансультацыйным цэнтрам прафарыентацыйнай работы ў раёне. Рэсурсы кабінета шырока выкарыстоўваюцца пры арганізацыі і правядзенні прафарыентацыйных мерапрыемстваў.

На працягу 3 гадоў на Ганцавіччыне рэалізоўваецца праект “Бацькоўская субота”, дзякуючы якому мамы і таты сталі больш актыўна ўдзельнічаць у школьных мерапрыемствах па суботах. У мінулым навучальным годзе ва ўстановах адукацыі раёна адбыліся 289 прафарыентацыйных мерапрыемстваў, у тым ліку з бацькамі – 59. Асаблівую цікавасць у вучняў і іх бацькоў выклікаюць сумесныя творчыя выставы “Шукаем справу па душы” і “Нашы рукі не для суму”, майстар-клас “Толькі гультайства не пахне нічым”, прэзентацыя “Прафесіі маіх бацькоў”, экскурсіі і адкрытыя заняткі аб’яднанняў па інтарэсах.

- Зроблена шмат, але яшчэ ёсць, да чаго імкнуцца. Мы працуем над пашырэннем сеткі бацькоўскіх клубаў, шукаем такія новыя формы выхаваўчай работы, якія павысяць матывацыю выпускнікоў да вяртання на малую радзіму ў якасці маладых спецыялістаў, - падагульняе К.Ю.Баброўская.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.