Развіваем маўленчую кампетэнцыю вучняў праз ІКТ

24.11.2017
У рэальнай сітуацыі зносін вучні не заўсёды могуць выкарыстаць веды, набытыя на занятках. Так, урок-знаёмства з сям’ёй шатландскіх сяброў, дзе патрабавалася аформіць відэаадказ з аповедам пра сябе, свае захапленні і сваю сям’ю на прывітальны ліст-знаёмства, выклікаў у дзяцей шмат праблем, звязаных з фарміраваннем зместу выказвання. Адны вучні, разгубіўшыся, не ведалі, якія пытанні можна задаць і як, хаця пералік магчымых пытанняў і тэм прапрацоўваўся на папярэднім уроку. Другія вучні саромеліся запісваць свае выказванні на відэакамеру, баяліся памыліцца, таму заставаліся пасіўнымі. Астатнія былі не гатовы ўспрымаць маўленне суразмоўцы і не арыентаваліся ў сітуацыі зносін.

Падводзячы вынікі ўрока, прапанавала вучням адказаць на шэраг пытанняў на рэфлексійных картках, у прыватнасці: “Ці спадабаўся вам урок і ці хацелі б вы яшчэ раз паўдзельнічаць у такім уроку?”. Усе дзеці адказалі станоўча. Больш за тое, падзяліліся вопытам зносін з замежнымі сябрамі, які найчасцей заключаўся ў тым, што бацькі дапамагалі знаходзіць неабходныя словы з дапамогай размоўніка.

Аналіз дзейнасці і зацікаўленняў вучняў падштурхнуў да перагляду ўласнай педагагічнай работы. Патрабавалася вырашыць шэраг праблем: павысіць узровень маўленчай кампетэнцыі ў розных відах дзейнасці і матывацыю да вывучэння замежнай мовы, стварыць сітуацыю поспеху для кожнага дзіцяці і дадатковае адукацыйнае асяроддзе для развіцця сацыякультурнай кампетэнцыі, абудзіць цікавасць да вучобы ў нізкаматываваных школьнікаў. Вырашыць гэтыя праблемы дазваляюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, якія дапамагаюць развіваць на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці маўленчую кампетэнцыю дзяцей (сукупнасць навыкаў і ўменняў маўленчай дзейнасці): гаварэнне, успрыманне іншамоўнага маўлення на слых, чытанне і пісьмовае маўленне.

Для фарміравання камунікацыйнай кампетэнцыі па-за моўным асяроддзем недастаткова напоўніць урок камунікацыйнымі практыкаваннямі. Адпраўной кропкай у арганізацыі навучання з’яўляюцца натуральныя маўленчыя і вучэбныя сітуацыі, якія мадэлююць розныя жыццёвыя абставіны. Так, пры вывучэнні ў 5 класе тэмы “Краіны і кантыненты” прапаноўваю выказацца па наступных сітуацыях: “Ты – вандроўнік. Увесь свет у тваіх руках. На які кантынент ты адправішся?”, “Уяві сябе…”, “Які кантынент табе падабаецца больш за ўсё?”, “Прадоўжы фразу: “Я збіраюся паехаць…, бо…”.

Ва ўмовах вучэбнага працэсу сітуацыя зносін задаецца педагогам. Супярэчнасці, закладзеныя ў самой сітуацыі, вырашаюцца падчас камунікацыйнага ўзаемадзеяння. Вучні павінны мець магчымасць мысліць і вырашаць праблемы. А для таго каб правільна фармуляваць думкі, трэба валодаць пэўнымі моўнымі сродкамі. Менавіта ІКТ дапамагаюць настаўніку ажыццяўляць адукацыйны працэс, набліжаны да рэальных зносін.

ІКТ выкарыстоўваюцца на розных этапах урока і для навучання розным відам работы. Граматычны навык з’яўляецца неад’емнай часткай усіх відаў маўленчай дзейнасці. Спачатку знаёмлю дзяцей з граматычнымі з’явамі і формамі праз праслухоўванне дыялогаў, песень, рыфмаванак, загадак і тэкстаў. Прэзентацыі, створаныя ў PowerPoint, дапамагаюць на гэтым этапе разнастаіць урок і напоўніць яго наглядным матэрыялам (ілюстрацыямі, схемамі, анімацыяй, спецэфектамі, фотаздымкамі, малюнкамі, відэафрагментамі і гукавымі запісамі). Затым замацоўваю граматычныя з’явы і фармірую ў вучняў граматычныя навыкі. Потым прапаноўваю прымяніць граматычныя маўленчыя ўменні ў маўленні. Канструктары тэстаў дазваляюць індывідуальна распрацаваць тэставыя заданні і пры жаданні выкласці матэрыялы ў адкрыты доступ для іншых карыстальнікаў. Акрамя таго, можна выкарыстоўваць анлайн-тэсты, створаныя іншымі карыстальнікамі. Стварэнне тэставых заданняў, гульняў, крыжаванак і трэнажораў настаўнікам і выкарыстанне іх на ўроках пры вывучэнні граматычных з’яў дапамагаюць вучням у выпадку няўдачы паўторна выканаць граматычнае практыкаванне, дабіваючыся правільных адказаў, а педагог можа весці статыстыку канкрэтнай групы, паколькі праграма аўтаматычна падлічвае балы, выстаўляе адзнакі і выводзіць у працэнтных суадносінах аб’ём выкананай работы. Інтэрфэйс канструктараў просты ў выкарыстанні. Настаўнік сам задае рэгламент па часе, колькасць пытанняў і адказаў. Прааналізаваўшы вынікі выкананай работы канкрэтнай групы, я магу планаваць далейшую дзейнасць.

Пры навучанні ўспрымаць іншамоўнае маўленне на слых дзеці чуюць яго з першых вуснаў, дзякуючы чаму ствараюцца ўмовы для фарміравання аўдытарных і інтанацыйных навыкаў, а таксама навыкаў правільнага вымаўлення. Стварэнне праектаў шляхам ІКТ ператварае ўрокі англійскай мовы ў даследчыя заняткі і дазваляе вучням праявіць сябе ў ролі даследчыкаў.

Асноўным крытэрыем дыягностыкі паспяховасці маёй работы з’яўляецца правільнае планаванне матэрыялу для развіцця каардынацыйных здольнасцей. Анкетаванне вучняў па вызначэнні іх вучэбна-пазнавальнай актыўнасці на ўроках англійскай мовы паказала, што ў дзяцей значна павысілася матывацыя да яе вывучэння, школьнікі сталі радзей адчуваць цяжкасці ў пабудове вусных выказванняў, з’явілася варыятыўнасць у выбары моўных сродкаў, сфарміравалася ўменне падтрымаць размову, запрасіць інфармацыю, прааналізаваць і абагульніць яе.

Выкарыстанне ІКТ у вучэбным працэсе не замяняе традыцыйныя метады, а спалучаецца з імі на ўсіх яго этапах. Паказчыкамі эфектыўнасці маёй работы сталі яе індывідуалізацыя, інтэнсіфікацыя вучэбнага працэсу, стварэнне ўмоў для паглыбленага засваення матэрыялу, пашырэнне кругагляду школьнікаў.

ІКТ – выдатны сродак, які дапамагае змадэляваць любую сітуацыю. Уменні атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, вылучаць галоўнае ў ёй, ігнаруючы другаснае, правільна выкарыстоўваць атрыманую інфармацыю і ствараць яе самастойна вельмі важныя сёння. Выкарыстанне ІКТ адкрывае новыя магчымасці ў выкладанні замежнай мовы. У сучасных умовах настаўнік павінен не толькі валодаць ведамі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, але і паспяхова іх прымяняць у прафесійнай дзейнасці. Таму перспектыўным напрамкам па ўдасканаленні назапашанага вопыту бачу ў выкарыстанні мабільных тэхналогій пры навучанні англійскай мове.

Святлана ЛІХТАР,

настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Лунінца.