Якасць, кадры, дысцыпліна

13.11.2017
На чарговым пасяджэнні калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама разглядаліся пытанні, звязаныя з работай рэгіянальных органаў апекі і папячыцельства, міжведамасным узаемадзеяннем па своечасовым выяўленні і эфектыўнай комплекснай дапамозе дзецям з АПФР, арганізацыяй бяспечнага падвозу выхаванцаў да месцаў вучобы, станам выкладання замежнай мовы ва ўстановах адукацыі вобласці і інш.

Загадчыца сектара аховы дзяцінства абласнога ўпраўлення адукацыі Л.У.Люкевіч расказала, што сёння на Брэстчыне створаны 1025 апякунскіх і 380 прыёмных сем’яў, дзе выхоўваюцца больш за 1,2 тысячы і больш за 500 дзяцей адпаведна. У 46 дзіцячых дамах сямейнага тыпу знаходзіцца каля 300 хлопчыкаў і дзяўчынак. Існуюць пэўныя праблемы з уладкаваннем інтэрнатных і асаблівых дзяцей, а таксама дзяцей да трохгадовага ўзросту на сямейныя формы выхавання. На жаль, здараюцца выпадкі (летась іх было 16), калі дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі, вяртаюцца з замяшчальных сем’яў у інтэрнатныя ўстановы. Бывае, што апекуны, прыёмныя бацькі і бацькі-выхавальнікі ДДСТ адхіляюцца ад сваіх абавязкаў. У шэрагу выпадкаў гэта звязана з памылкамі органаў апекі і папячыцельства ў вызначэнні кандыдатаў на ролю прыёмных бацькоў, апекуноў і бацькоў-выхавальнікаў, безадказнасцю замяшчальных бацькоў, невысокім выхаваўчым патэнцыялам сем’яў і іх неэфектыўным суправаджэннем. Таму сёння надзвычай актуальнымі з’яўляюцца пытанні якаснага адбору замяшчальных бацькоў і навучання замяшчальных сем’яў, іх комплекснага суправаджэння, звязанага з дыягностыкай развіцця дзяцей, пошукам шляхоў вырашэння пэўных праблем, эфектыўнай сацыялізацыяй выхаванцаў і г.д.

Практыка паказвае, што меры па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, у тым ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, не заўсёды вычарпальныя. Так, узнікаюць цяжкасці з кваліфікаванай сістэмнай дапамогай (найперш псіхалагічнай) непаўналетнім, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, і іх бацькам, што звязана з частай зменай спецыялістаў СПЦ і ўстаноў адукацыі, адсутнасцю ў педагогаў дастатковых ведаў, нізкім кантролем з боку кіраўнікоў школ, ВМК і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму за дзейнасцю сацыльна-псіхолага-педагагічных службаў. Сёння ў вобласці каля 3,1 тысячы дзяцей з амаль 1,6 тысячы сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.

- Якасць работы органаў апекі і папячыцельства і падпарадкаваных ім кадраў выклікае справядлівыя нараканні, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. – Няўмелае делегіраванне функцый і аслаблены кантроль прыводзяць да таго, што ў выніку ніхто ні за што не адказвае. Патрабуюць вырашэння праблемы, звязаныя з кампетэнтнасцю кадраў, іх высокай цякучасцю і павышэннем кваліфікацыі.

Дырэктар Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Т.В.Жук паведаміла, што ва ўсіх рэгіянальных ЦКРНіР рэалізоўваецца абласная мадэль аказання комплекснай медыка-псіхолага-педагагічнай дапамогі дзецям ранняга ўзросту з АПФР.

Гэтая мадэль грунтуецца на цесным узаемадзеянні з арганізацыямі аховы здароўя і накіравана на максімальна ранняе выяўленне першасных парушэнняў у развіцці дзяцей і своечасовую карэкцыйна-рэабілітацыйную работу з імі.

Па словах Т.В.Жук, праблема аказання ранняй дапамогі асаблівым дзецям з’яўляецца сёння адной з прыярытэтных у сістэме спецыяльнай адукацыі. Пастаянна абнаўляецца абласны банк даных дзяцей ранняга ўзросту з АПФР. Штогод спецыялісты абласнога ЦКРНіР аналізуюць стан ранняй комплекснай дапамогі ва ўсіх раёнах Брэстчыны. Неабходнасць больш сур’ёзнага падыходу да гэтага пытання абумоўлена няўхільным павелічэннем асаблівых дзяцей, у прыватнасці ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў. У той жа час колькасць асаблівых дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў нязначная. Так, сёння ў абласным банку даных знаходзіцца каля 18,3 тысячы дзяцей з АПФР, з якіх толькі 395 ранняга ўзросту. Паводле статыстыкі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, іх колькасць у некалькі разоў большая. Гэта патрабуе цеснага міжведамаснага ўзаемадзення ЦКРНіР з установамі аховы здароўя па своечасовым выяўленні асаблівых дзяцей. На жаль, з гэтым назіраюцца пэўныя праблемы. Тым не менш у шэрагу раёнаў вобласці такое ўзаемадзеянне наладжана даволі паспяхова, нягледзячы на тое, што толькі 10 ЦКРНіР могуць аказваць комплексную дапамогу асаблівым дзецям.

- Эфектыўнасць дапамогі, якую аказваюць ЦКРНіР дзецям ранняга ўзросту, вагаецца ад 33% да 42%, - адзначыла Т.В.Жук. – Важную ролю ў гэтым адыгрываюць якасць індывідуальных заняткаў і кансультацый, а таксама ступень цяжкасці наяўных парушэнняў у дзяцей. Значная частка дзяцей ранняга ўзросту пакідаюць ЦКРНіР у сувязі з выпраўленнем парушэнняў і пасля дасягнення трохгадовага ўзросту пераходзяць у звычайныя групы дашкольных устаноў. Як правіла, гэта дзеці з нягрубай затрымкай маўленчага развіцця і нязначнымі парушэннямі маторнага развіцця. Калі дзіця валодае высокім рэабілітацыйным патэнцыялам, то перавага аддаецца карэкцыйна-педагагічнай дапамозе ў ЦКРНіР. Гэта забяспечвае максімальную эфектыўнасць работы ў аказанні ранняй комплекснай дапамогі асаблівым дзецям.

У абласным банку даных найбольш шматколькасную групу складаюць дзеці з парушэннямі маўлення і затрымкай маўленчага развіцця. Большасць з іх трапляюць у поле зроку псіхолага-медыка-педагагічных камісій ЦКРНіР толькі ў 4 – 5 гадоў. Гэта звязана з рознымі прычынамі. Сёння ў вобласці назіраецца вялікі дэфіцыт спецыяльных і/ці інтэграваных дашкольных груп для дзяцей ва ўзросце ад 3 да 4 гадоў з цяжкімі парушэннямі маўлення. Колькасць такіх груп для дзяцей ва ўзросце ад 4 да 5 гадоў таксама цалкам не задавальняе патрэбы ў іх.

Першы прарэктар Брэсцкага абласнога ІРА С.Р.Рачэўскі расказаў пра вынікі вывучэння стану выкладання замежнай мовы ў шэрагу ўстаноў адукацыі вобласці. Гэтым пытаннем займалася рабочая група з ліку супрацоўнікаў абласнога ІРА, вучэбна-метадычных кабінетаў і школ.

Сёння ва ўстановах адукацыі вобласці працуюць амаль 2,6 тысячы настаўнікаў замежнай мовы. Больш за 1,9 тысячы з іх выкладаюць англійскую мову, каля 580 – нямецкую, астатнія – французскую, іспанскую і кітайскую. Толькі каля 58% педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Гэта сведчыць пра неабходнасць павышэння кваліфікацыйнага ўзроўню настаўнікаў замежнай мовы, прычым не толькі праз курсы ў ІРА і АПА, але і праз замежныя стажыроўкі і паездкі, удзел у міжнародных адукацыйных праграмах і праектах, работу ў якасці перакладчыкаў падчас прыёму замежных дэлегацый.

У большасці наведаных устаноў дзейнічаюць асобныя ці сумешчаныя вучэбныя кабінеты замежнай мовы. Педагогі актыўна выкарыстоўваюць у рабоце лінгафонныя сістэмы, мультымедыйнае абсталяванне і ІКТ. Разам з тым вучэбна-матэрыяльная і дыдактычная база кабінетаў патрабуе паляпшэння.

Пакідаюць жадаць лепшага і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікоў Брэстчыны па замежных мовах. Так, сярэдні бал у сёлетнім ЦТ па англійскай мове ў былых школьнікаў вобласці склаў каля 42,4, па нямецкай – каля 50,2. Стабільна нізкія вынікі ў ЦТ па англійскай мове на працягу апошніх гадоў паказваюць выпускнікі ўстаноў адукацыі Маларыцкага, Лунінецкага, Баранавіцкага і Брэсцкага раёнаў, па нямецкай мове – Баранавіцкага, Камянецкага і Бярозаўскага раёнаў. Станоўчая дынаміка назіраецца ў Брэсце і Баранавічах, Драгічынскім, Ляхавіцкім і Пружанскім раёнах. Нізкія вынікі ЦТ абумоўлены як аб’ектыўнымі, так і суб’ектыўнымі прычынамі. Гэта тычыцца і вынікаў сёлетняй рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, дзе школьнікі вобласці занялі ў краіне 3-ю пазіцыю па англійскай і нямецкай мовах, 7-ю – па французскай і 6-ю – па іспанскай.

Вялікую ролю ў павышэнні кампетэнтнаснай культуры настаўнікаў замежнай мовы адыгрываюць вучэбна-метадычныя кабінеты, якія шырока практыкуюць навучальныя семінары, інструктыўна-метадычныя нарады, панарамы эфектыўнага вопыту, майстар-класы, фестывалі метадычных ідэй, наведванне адкрытых урокаў і абмеркаванне відэаўрокаў, конкурсы і злёты творчых педагогаў. Асаблівай увагі заслугоўвае вопыт метадычнай работы, назапашаны ў Камянецкім, Пінскім і Столінскім раёнах. Разам з тым метадычнае суправаджэнне выкладання замежных моў у многіх рэгіёнах вобласці патрабуе сістэмнай арганізацыі. У гэтым плане ёсць чаму павучыцца ў ВМК Баранавіч. Толькі адзін педагог-“замежнік” Брэстчыны (настаўнік англійскай мовы А.М.Сарока з ліцэя Івацэвіцкага раёна) з’яўляецца настаўнікам-метадыстам.

Па словах С.Р.Рачэўскага, неабходна пашыраць дзейнасць праблемных і творчых груп настаўнікаў замежнай мовы, здольных распрацоўваць і ўкараняць у адукацыйны працэс вучэбна-метадычную прадукцыю кшталту рэкамендацый па найбольш складаных граматычных тэмах і падрыхтоўцы вучняў да алімпіяд і канферэнцый, мадэліраваць прыкладныя ўрокі і часткі вучэбна-метадычных комплексаў, рыхтаваць дыдактычныя матэрыялы, рознаўзроўневыя і рэфлексіўныя заданні, дыферэнцыраваць дамашнія заданні па асобных тэмах і інш.

Па запытах вучняў і іх бацькоў профільнае навучанне па замежных мовах арганізавана ў 109 школах, гімназіях і ліцэях, у тым ліку ў 25 сельскіх установах адукацыі. Адукацыйны працэс у профільных класах і групах забяспечваюць найбольш кваліфікаваныя настаўнікі.

Галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення адукацыі Г.І.Ганчар засяродзіў увагу на праблемах, звязаных з арганізацыяй бяспечнага падвозу дзяцей да месцаў вучобы. Сёння ў гэтым задзейнічаны 306 аўтобусаў (з іх 297 – школьныя), якія падвозяць каля 16,1 тысячы дзяцей. Сярод актуальных пытанняў – адсутнасць рэзервовых аўтобусаў для непрадбачаных сітуацый, састарэлы парк аўтамабіляў для перавозкі дзяцей з АПФР, падбор вадзіцельскіх кадраў у аддаленых маланаселеных пунктах і цякучасць гэтых кадраў у сельскай мясцовасці, папярэджанне няшчасных выпадкаў на дарозе, тэхнічны стан аўтатранспарту і выканальніцкая дысцыпліна вадзіцелей.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.