Дзеля паспяховай будучыні выпускнікоў
04.11.2017А пачынаюць сваю работу хатыніцкія педагогі з актуалізацыі патрэб вучняў у вызначэнні сваіх адукацыйных і жыццёвых планаў, стварэння умоў для атрымання дзецьмі максімальна магчымага ўласнага вопыту ў розных сферах дзейнасці. На гэта накіраваны сацыяльныя спробы, падчас якіх школьнікі ацэньваюць свае магчымасці і здольнасці, фарміруюць пэўную сацыяльную пазіцыю і назапашваюць пэўныя ўменні і навыкі, што з’яўляюцца асновай для далейшага самавызначэння.
- Наша ўстанова адукацыі дазваляе кожнаму вучню рэалізаваць уласны патэнцыял, скіраваўшы да канструктыўнага супрацоўніцтва з соцыумам, - адзначае С.У.Перашчук. – Рэалізоўваецца гэта праз розныя напрамкі дзейнасці. Так, вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю актыўнай пазнавальнай дзейнасці школьнікаў з улікам іх схільнасцей і здольнасцей. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя формы вучэбнай і пазакласнай работы. Добра развіваюць інтэлектуальныя здольнасці дзяцей заняткі ў цэнтры юных інтэлектуалаў “Эрудыт”. З удзелам бацькоў вучняў праводзяцца віктарыны, КВЗ, брэйн-рынгі, інтэлектуальныя марафоны, трэнінгі, індывідуальныя і групавыя кансультацыі. Пры правядзенні многіх мерапрыемстваў мамы і таты з’яўляюцца не толькі іх актыўнымі ўдзельнікамі, але і спонсарамі.
Важнае месца ў прафарыентацыйнай рабоце займае экскурсійная дзейнасць. Так, вучні наведваюць прадпрыемствы раёна, установы прафесійнай і вышэйшай адукацыі вобласці. Педагогі складаюць карты і буклеты “Куды пайсці вучыцца” і “Як правільна выбраць прафесію”, ствараюць відэафільмы пра жыццё знакамітых землякоў, ладзяць тэматычныя сустрэчы з людзьмі розных прафесій і прадстаўнікамі ўстаноў адукацыі.
- Паколькі школа размешчана ў сельскай мясцовасці, педагогі скіроўваюць увагу дзяцей найперш на прафесіі, звязаныя з сельскай гаспадаркай, - расказвае С.У.Перашчук. – Многія бацькі вучняў працуюць на сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Хатынічы”, таму майстар-класы на рабочых месцах сталі ўжо традыцыйнымі. Радуе, што за апошнія гады павялічылася колькасць выпускнікоў, якія паступілі ва ўстановы прафесійнай адукацыі на спецыяльнасці “Тэхнік лясной гаспадаркі”, “Трактарыст-машыніст” і “Кухар, прадавец”. Пасля заканчэння ПТНУ многія вяртаюцца на малую радзіму. Так, за апошнія 3 гады 8 выпускнікоў школы вярнуліся працаваць у вёску.
З мэтай далучэння вучняў да спорту і здаровага ладу жыцця, арганізацыі вольнага часу жыхароў аграгарадка створаны клуб “Асілак” з ліку дзяцей, іх бацькоў і настаўнікаў. Арганізоўваюцца сумесныя спартыўныя конкурсы, дні здароўя, сустрэчы з медыкамі. Сістэмная работа дае плён. Вучні паспяхова выступаюць у раённых і абласных спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы і валейболе, турыстычных злётах.
- Асаблівая ўвага ўдзяляецца працоўнаму выхаванню школьнікаў, якое ўключае іх удзел у суботніках і акцыях “Працоўны дэсант”, “Чыстая вуліца” і “Адзін дзень чысціні”, валанцёрскіх і цімураўскіх атрадах, рабоце на прышкольным участку, - гаворыць С.У.Перашчук. – Дзеці разам з бацькамі ўдзельнічаюць у азяляненні ўстановы, рамонце вучэбных кабінетаў і афармленні школьнага інтэр’еру. З ліку мам і татаў створаны каардынацыйны цэнтр, які плануе работу асобных звёнаў (класаў), ставіць перад імі мэты і матывуе да выканання пастаўленых задач. Такая сумесная праца дазваляе штогод перавыконваць план па зборы другаснай сыравіны.
Выхаванне патрыятызму, вывучэнне гістарычнага мінулага і захаванне народных традыцый малой радзімы – асноўныя напрамкі дзейнасці цэнтра “Спадчына”, куды ўваходзяць фальклорны гурт “Валошкі” з ліку вучняў 6 – 8 класаў і ўзорны калектыў “Хатовічы” пры сельскім доме культуры. У гэтых аб’яднаннях дзеці знаёмяцца з народнымі гульнямі, святамі, абрадамі і танцамі. Пад кіраўніцтвам педагогаў школьнікі вядуць даследчую работу па вывучэнні гісторыі сваёй мясцовасці. Дзейнасць установы адукацыі па захаванні народных традыцый адзначана дыпломамі раённага і абласнога ўзроўню.
- З мэтай фарміравання актыўнай жыццёвай пазіцыі вучняў, развіцця ў іх імкнення да самастойнага творчага пошуку педагогі прапаноўваюць дзецям набыць вопыт лідарскай дзейнасці, раскрыць і рэалізаваць арганізатарскія здольнасці, адчуць сваю значнасць і ролю ў вырашэнні агульных пытанняў праз удзел у школьным самакіраванні, - расказвае С.У.Перашчук. – У кожным класе створаны орган вучнёўскага самакіравання. Па магчымасці кожнаму вучню даецца даручэнне, якое ахоплівае пэўны напрамак дзейнасці. Апорай у гэтай справе з’яўляюцца бацькі, а прыкладам з’яўляецца работа школьнай бізнес-кампаніі па вырабе рознай прадукцыі. Вучні самі генерыруюць ідэі, вырабляюць і рэалізоўваюць тавары, займаюцца рэкламай, што дазваляе атрымаць першыя навыкі прадпрымальніцтва. Бацькі дапамагаюць у набыцці сыравіны і матэрыялаў для бізнес-кампаніі.
С.У.Перашчук лічыць, што задача ўстановы адукацыі – дапамагчы дзецям у ракрыцці і развіцці іх непаўторных індывідуальных здольнасцей і талентаў. Сельская школа валодае добрым патэнцыялам у гэтай важнай справе. Ужо сталі традыцыйнымі такія выхаваўчыя мерапрыемствы, як фестывалі “Ало, мы шукаем таленты” і “Хвіліна славы”, конкурсы “Таленты юных хатынаўцаў” і “Лідар года”, творчыя конкурсы малюнкаў, плакатаў і праектаў, школьныя кірмашы і інш. Важна, што многія з іх праходзяць з актыўным удзелам бацькоў вучняў.
- Калі не звяртаць увагу на духоўна-маральнае выхаванне дзяцей, то пры ўсіх сучасных інавацыйных методыках і праграмах мы рызыкуем не атрымаць жаданага выніку, - упэўнена С.У.Перашчук. – Таму педагогі абавязкова спалучаюць інтэлектуальнае развіццё вучняў з выхаваннем важных маральных якасцей. Наша школа плённа супрацоўнічае з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Больш за 30 дзяцей наведваюць нядзельную школу пры мясцовай царкве. Вучні, іх бацькі і настаўнікі з цікавасцю ўдзельнічаюць у розных пастаноўках на рэлігійную тэматыку. Мамы дапамагаюць ствараць сцэнічныя касцюмы. Ніводнае значнае школьнае мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу протаіерэя Сяргея Бірука. Штогод ён звяртаецца да выпускнікоў школы на апошнім званку і да першакласнікаў на першым званку. З удзелам святара праводзяцца інфармацыйныя гадзіны, бацькоўскія сходы, сустрэчы з педагогамі. Вынік сумеснай працы відавочны: за 2 гады ніводны падлетак не трапіў на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх.
Па словах С.У.Перашчук, сістэмная работа па мадэлі “вучань – настаўнік – бацькі” дазваляе выхаваць дастойных грамадзян, здольных знайсці сваё месца ў далейшым жыцці. Можа, таму многія выпускнікі школы вяртаюцца з гарадоў у родную вёску, каб зрабіць яе прыгажэйшай і перспектыўнай.
- Штогод на вечар сустрэчы выпускнікоў прыходзяць шчаслівыя колішнія выхаванцы, якія з радасцю гавораць пра сваю прафесію, дзеляцца планамі на будучыню. Самая лепшая ацэнка карпатлівай працы педагогаў – бачыць аптымізм у вачах былых вучняў, іх задаволенасць зробленым выбарам, паспяховасць у пачатай справе, - падагульняе С.У.Перашчук.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.