У прыярытэце – работа з высокаматываванымі вучнямі
03.11.2017На працягу многіх гадоў асаблівая ўвага ў школе ўдзяляецца павышэнню прафесійнага ўзроўню педагогаў, якія працуюць са здольнымі дзецьмі. Абнаўляюцца змест, формы, метады і прыёмы арганізацыі адукацыйнага працэсу з улікам сучасных патрабаванняў, вырашаюцца задачы па развіцці творчых і інтэлектуальных здольнасцей вучняў, ажыццяўляецца перадпрофільная і профільная падрыхтоўка па інфарматыцы, матэматыцы, фізіцы, хіміі і біялогіі, арганізоўваецца навукова-даследчая дзейнасць школьнікаў і настаўнікаў, праводзіцца псіхолага-педагагічная дыягностыка адораных дзяцей, наладжваецца ўзаемадзеянне з сем’ямі для паспяховай адаптацыі выпускнікоў у соцыуме і інш.
З мэтай выяўлення і падтрымкі здольных дзяцей, развіцця іх даследчых уменняў і навыкаў у школе дзейнічае навуковае таварыства вучняў “Думка”, якое складаецца з 4 секцый: гуманітарных навук, пачатковых класаў, фізіка-матэматычных і прыродазнаўчых дысцыплін. Члены таварыства займаюцца даследчай дзейнасцю ў індывідуальным і групавым парадку, актыўна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху і навукова-практычных канферэнцыях абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. На рахунку вучняў шмат дыпломаў рознай вартасці.
Наша школа актыўна супрацоўнічае з УВА краіны, дзякуючы чаму дзеці ўдзельнічаюць у многіх рэгіянальных і рэспубліканскіх універсітэцкіх канферэнцыях. Наладжана плённае ўзаемадзеянне з Брэсцкім абласным ліцэем імя П.М.Машэрава.
Школа займае адну з лідзіруючых пазіцый у камандным рэйтынгу па выніках раённага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Сёлета ў склад каманды Лунінеччыны для ўдзелу ў абласной алімпіядзе ўвайшлі 8 прадстаўнікоў нашай установы, якія спаборнічалі ў інфарматыцы, тэхнічнай працы, матэматыцы і астраноміі. Па выніках інтэлектуальнага марафону вучні атрымалі 6 дыпломаў і пахвальны водгук. У заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы школьнікі ўзялі 3 дыпломы, а Кірыл Гулін у складзе каманды Беларусі заваяваў бронзавы медаль у Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Іране. У аснове такіх дасягненняў ляжыць мэтанакіраваная праца педагогаў І.А.Трэгубава, Н.І.Дуньчык, Г.П.Неўдах і С.А.Карпец.
Падзялюся пэўным вопытам паспяховага ўдзелу школьнікаў у матэматычных алімпіядах. Мая сістэма работы з адоранымі дзецьмі ўключае розныя напрамкі дзейнасці. Сярод іх – развіццё творчых здольнасцей на ўроках і падчас выканання дамашніх заданняў. Прапаноўваю вучням рашаць алімпіядныя задачы, звязаныя з тэмай заняткаў. Звяртаюся да займальных задач для актывізацыі пазнавальнага інтарэсу да рашэння нестандартных алімпіядных заданняў. Выкарыстоўваю творчыя дамашнія заданні: складзі задачу па схеме, сачыні матэматычную загадку, зрыфмуй правіла, прыдумай рэбус і г.д. Не абыходжу ўвагай дамашнія алімпіяды, накіраваныя на самастойнае рашэнне задач па пэўнай тэме.
Важнае месца ў рабоце займае стварэнне ўмоў для развіцця адораных дзяцей. Для гэтага вучні наведваюць рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы да алімпіяд па матэматыцы на базе Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, заняткі ў профільным летніку на базе гэтай установы адукацыі і заняткі ў завочнай школе БДУ. Удзяляю ўвагу развіццю дзіцячых здольнасцей у пазаўрочнай дзейнасці (конкурсы, турніры, даследаванні).
Вучням 5 – 6 класаў вельмі падабаецца рашаць матэматычныя крыжаванкі, разгадваць рэбусы і іншыя галаваломкі, таму ўсе алімпіядныя задачы для гэтай узроставай катэгорыі дзяцей маюць займальны сюжэт. У 7 – 8 класах узровень складанасці і тэматыка задач значна мяняюцца. З’яўляюцца геаметрычныя задачы, элементы тэорыі множнасцей і камбінаторыкі, няроўнасці, мнагачлены, ураўненні і функцыі. Займальнага моманту ва ўмовах задач становіцца менш. Ад вучняў патрабуецца ўжо наяўнасць матэматычнага складу розуму. У выніку на занятках па падрыхтоўцы да алімпіяды ў 8 – 9 класах застаюцца найбольш зацікаўленыя і высокаматываваныя вучні, гатовыя рашаць цяжкія матэматычныя задачы. Работа з такімі дзецьмі будуецца па загадзя падрыхтаваным плане. На кожных занятках разбіраецца асобная тэма, далей ідзе яе практычнае замацаванне і абавязковае дамашняе заданне. У 8 – 9 класах самай аптымальнай формай работы з’яўляецца групавая.
У 10 – 11 класах дзеці самавызначаюцца і расстаўляюць прыярытэты далейшай прафесійнай дзейнасці, таму работа з вучнямі набывае індывідуальны характар (па індывідуальнах планах). Вялікі ўпор раблю на самаадукацыю і самастойную работу. Так, прапаноўваю пералік задач з пазначэннем тэмы і літаратуры. Дзеці самастойна працуюць над тэмай і задачамі па ёй. Арганізоўваю кансультацыі па вывучаных тэмах і разбор прапанаваных задач.
Работу па падрыхтоўцы да алімпіяды пачынаю найперш з сябе: аналізую тэксты мінулагодніх алімпіяд, складаю план работы, вывучаю спецыяльную літаратару, інтэрнэт-рэсурсы і вопыт калег, падбіраю задачы па тэмах, наведваю тэматычныя семінары і практыкумы.
Алімпіядным рухам займаюся з 2010 года. Натхнілі на гэта пяцікласнікі. Дзеці раслі, задачы станавіліся больш складанымі, а часам трапляліся такія, што не ведала, з чаго пачаць, каб паказаць іх рашэнне ў найбольш даходлівай форме. Будучы маладым педагогам, я не мела добрага ўяўлення, як рыхтаваць дзяцей да алімпіяд і якія задачы і тэмы разглядаць. Дапамаглі больш вопытныя калегі. Іх кампетэнтныя парады і рэкамендацыі ўнеслі важкі ўклад у далейшыя вынікі.
Каб дасягнуць поспеху ў алімпіяднай рабоце, адных намаганняў настаўніка-прадметніка мала. Неабходны належныя ўмовы, створаныя ва ўсёй школе. У нашай установе адукацыі створана асяроддзе, якое дазваляе высокаматываваным і інтэлектуальна адораным вучням рэалізоўваць свае магчымасці, прычым не толькі ў вучэбнай, але і ў пазакласнай дзейнасці.
Наталля ДУНЬЧЫК,
настаўніца матэматыкі сярэдняй школы № 2 Лунінца.