У цэнтры ўвагі – школьнае харчаванне

26.10.2017
Пытанні якасці, бяспекі і збалансаванасці школьнага харчавання былі разгледжаны на сумеснай калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Брэсцкай вобласці і абласной пракуратуры.

Сёння на Брэстчыне дзейнічаюць больш за 500 школ, якія наведваюць каля 160,5 тысячы вучняў. Расходы мясцовых бюджэтаў на іх харчаванне ў мінулым годзе склалі 21,5 млн рублёў, у першым паўгоддзі бягучага года – 10,2 млн рублёў.

У вобласці няма адзінага падыходу да арганізацыі харчавання вучняў. У большасці школ ім займаюцца аддзелы адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў. Амаль 15% прыходзіцца на спецыялізаваныя прадпрыемствы грамадскага харчавання і арганізацыі сістэмы Брэсцкага аблспажыўсаюза.

Кантрольна-ацэначаныя мерапрыемствы, праведзеныя КДК, выявілі істотныя недахопы і праблемы ў арганізацыі школьнага харчавання. Так, нерухомая маёмасць, прызначаная для гэтага, прадастаўляецца суб’ектам гаспадарання ў бязвыплатнае карыстанне. Амаль усе расходы па арганізацыі харчавання ва ўстановах адукацыі, у тым ліку па эксплуатацыі, капітальным і бягучым рамонце памяшканняў, камунальных паслугах (уключаючы ацяпленне, электраэнергію, набыццё, бягучае абслугоўванне і рамонт абсталявання, асобных прадметаў у складзе зваротных сродкаў), ажыццяўляюцца за кошт бюджэту. Работай па эканоміі гэтых затрат ніхто не займаецца. Так, школы Брэста спасылаюцца на тое, што гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі камбіната грамадскага харчавання, а той інфармуе, што заданні і мерапрыемствы па зніжэнні сабекошту ім не даводзяцца. У той жа час энергаёмістыя духоўкі і напаўпустыя халадзільнікі намотваюць паказанні лічыльнікаў электраэнергіі.

Фактычнае выкананне натуральных норм па прадуктах харчавання ў школах, дзе арганізацыяй харчавання займаюцца аддзелы адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў, значна вышэй (90 – 98%), чым у школах, якія абслугоўваюць спецыялізаваныя арганізацыі (80 – 86%), нават з улікам бацькоўскіх даплат.

Патрабуе навядзення парадку пытанне, звязанае з выкарыстаннем наяўных грошай. Сёння ў Беларусі паспяхова дзейнічае сістэма безнаяўных плацяжоў, якой актыўна карыстаюцца дашкольныя ўстановы вобласці, у тым ліку пры аплаце харчавання дзяцей. Разам з тым у школах, як правіла, бацькі і вучні перадаюць грошы настаўнікам, для якіх гэтыя функцыі неўласцівыя.

Справядлівыя нараканні ў бацькоў школьнікаў выклікае адсутнасць у многіх буфетах і сталовых касавых апаратаў і плацежных тэрміналаў. Бескантрольны абарот ва ўстановах адукацыі наяўных грошай стварае перадумовы для карупцыйных праяў і злоўжыванняў.

Выкананне натуральных норм харчавання – адна з асноўных мер сацыяльнай абароны вучняў і захавання іх здароўя. У большасці правераных школ фактычны рацыён харчавання не адпавядаў зацверджаным нормам. Не выконваюцца і фактычныя сутачныя рацыёны харчавання па каларыйнасці.

Падчас праверак былі вывучаны пытанні, звязаныя з фарміраваннем кошту харчавання. У пастаўках сыравіны для прыгатавання страў, булачных і кандытарскіх вырабаў выяўлена шматзвённасць, што прыводзіць да завышэння рознічнага кошту на гатовыя вырабы. Так, камбінат грамадскага харчавання фарміраваў рознічны кошт на сыравіну з парушэннем вызначанага парадку прымянення гандлёвай надбаўкі. Гандлёвыя надбаўкі, выкарыстаныя пасрэднікамі, па асобных пазіцыях набытай сыравіны перавышалі максімальна дапушчальны ўзровень і даходзілі да 206%. У выніку бюджэтныя асігнаванні, выдзеленыя на харчаванне школьнікаў (у тым ліку вернутыя затым бацькамі і сродкі дадатковай бацькоўскай платы), накіроўваліся ў даход пасрэднікаў. Такое прымяненне гандлёвых надбавак прывяло да завышэння рознічнага кошту прадукцыі ўласнай вытворчасці камбіната грамадскага харчавання, якая рэалізоўваецца ва ўстановах адукацыі Брэста, на агульную суму больш як 80 тысяч рублёў.

Маюцца прэтэнзіі і да якасці харчовай сыравіны. Выяўлены факты выкарыстання для прыгатавання страў прадуктаў са скончаным тэрмінам прыдатнасці, неабгрунтаванага завышэння разліковай патрэбы ў прадуктах для выканання меню, іх недаўкладання.

Даволі часта асартымент харчовай прадукцыі, якая рэалізоўваецца ў школьных буфетах, не адпавядае прынцыпам здаровага харчавання. Так, недастаткова праводзілася С-вітамінізацыя страў. Выяўлены шматлікія парушэнні санітарных правіл і норм, якія прад’яўляюцца да ўтрымання гандлёвых аб’ектаў грамадскага харчавання і іх аснашчэння.

За выяўленыя парушэнні да адміністратыўнай адказнасці прыцягнуты 51 чалавек, да дысцыплінарнай – 60. На юрыдычныя асобы накладзены адміністратыўныя штрафы на агульную суму каля 170 тысяч рублёў, узбуджана крымінальная справа. Зацікаўленым органам і арганізацыям унесены канкрэтныя прапановы па вырашэнні праблемных пытанняў.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.