Дапамагчы ў прафесійным самавызначэнні

17.10.2017
- Вынікам інавацыйнай дзейнасці ўстановы адукацыі з’яўляюцца не толькі новыя аўтарскія праграмы і тэхналогіі, але і пабудова ўласнай метадычнай сістэмы педагагічнай работы, - гаворыць дырэктар сярэдняй школы № 12 імя Героя Савецкага Саюза І.К.Кабушкіна Баранавіч Вольга Уладзіміраўна Пшанічная. – Удзел нашай школы ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлей псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў і іх арыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна” стаў крокам да самаразвіцця. Так, калі настаўнікам, якія працуюць у традыцыйнай сістэме, дастаткова авалодаць педагагічнай тэхнікай, то вызначальным фактарам у рабоце настаўнікаў-інаватараў становіцца іх гатоўнасць да розных інавацый. Нам удалося рэалізаваць педагогіку свабоды, дзякуючы якой дзейнасць педагогаў адкрыла шлях да самаразвіцця дзяцей, даўшы ім свабоду выбару. Гэта праяўлялася праз свабоду індывідуальнай дзейнасці настаўнікаў, інтэрактыўныя формы навучання, спалучэнне індывідуальнай, групавой і калектыўнай работы, кіраўніцкае кансультаванне інавацыйнага працэсу.

У праекце, які рэалізоўваўся на працягу 2015 – 2017 гадоў, удзельнічалі 10 настаўнікаў-прадметнікаў, 10 адзінаццацікласнікаў і педагог-псіхолаг. У цэнтры ўвагі педагогаў былі розныя тэмы даследаванняў: “Рэалізацыя на ўроках рускай мовы і літаратуры магчымасцей работы з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі”, “Аб’екты культурна-гістарычнай спадчыны Баранавіч і Баранавіцкага раёна як асяроддзе будучай працоўнай дзейнасці выпускнікоў школы, арыентаваных на спецыяльнасці гуманітарнага профілю”, “Тэкст на ўроках беларускай мовы як дыдактычны сродак фарміравання ў вучняў добрасумленных адносін да працы”, “Шляхі і спосабы падрыхтоўкі вучняў да іншамоўных зносін, міжнародных гандлёва-эканамічных і культурных кантактаў, магчымых у іх будучай прафесійнай дзейнасці”, “Вучэбныя заняткі па абслуговай працы і іх значэнне ў выхаванні чалавека-працаўніка і грамадзяніна”, “Фарміраванне на ўроках біялогіі культуры здароўя вучняў як элементу іх будучай прафесійнай культуры”, “Геаграфія прамысловых і сельскагаспадарчых аб’ектаў Брэстчыны і яе значэнне ва ўсвядомленым выбары вучнямі будучай прафесіі” і інш.

- Пры рэалізацыі праекта перад калектывам стаяў шэраг задач: распрацаваць арганізацыйна-кіраўніцкую мадэль суправаджэння высокаматываваных вучняў з мэтай іх арыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна; скласці маршруты прафесійнага самавызначэння вучняў, якія адпавядалі б іх запытам і патрэбам рынку працы; распрацаваць мадэль сацыяльна- і псіхолага-педагагічнага суправаджэння працэсу; арганізаваць сістэму семінараў і практыкумаў па ўдасканаленні прафесійнага майстэрства настаўнікаў-удзельнікаў інавацыйнага праекта, - расказвае В.У.Пшанічная. – За час рэалізацыі праекта істотна пашырылася кола прафесійных кантактаў педагогаў з АПА, абласнымі ІРА, БНТУ і БарДУ, павысіўся ўзровень кампетэнтнаснай культуры настаўнікаў, адбыліся тэарэтычныя і практычныя семінары (“Інавацыйная дасведчанасць настаўніка-даследчыка”, “Арганізацыя эфектыўнага выкарыстання гадзін факультатыўных заняткаў для задавальнення запытаў вучняў”, “Алгарытм напісання навуковага артыкула”). Для бацькоў і выпускнікоў праводзіліся лекторыі (“Дапамога сям’і ў прафарыентацыі дзіцяці”, “Прафесіі і псіхалагічныя тыпы чалавека”, “Як выявіць схільнасць да пэўнай прафесіі”) і прафарыентацыйныя экскурсіі ва ўстановы адукацыі горада.

Рэалізацыя праекта пачалася з правядзення педагогам-псіхолагам анкетавання старшакласнікаў на тэму “Мой прафесійны выбар”. Затым настаўнікі-інаватары сфарміравалі групы вучняў-удзельнікаў праекта. Далейшы прафесійны выбар выпускнікоў стаў вынікам работы ў гэтых групах. Так, кіраўнік групы “Прафарыенцір” А.В.Мяцельская дапамагала дзецям асвоіць метад рашэння нестандартных задач, якія дапамогуць ім у наступнай вучобе па фізіка-матэматычным ці эканамічным профілях. У выніку 4 выпускнікоў сталі студэнтамі УВА па гэтых профілях, прычым на бюджэтнай форме навучання. Акрамя таго, работа ў групах станоўча паўплывала на вынікі ўдзелу школьнікаў у гарадскіх і абласных прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню.

- У рамках праекта намаганнямі вучаніцы і настаўніцы была выканана даволі цікавая работа “Дзейнасць школьнага мемарыяльнага музея імя Героя Савецкага Саюза І.К.Кабушкіна па ўвекавечанні памяці героя, як сродак далучэння да грамадска карыснай калектыўнай дзейнасці”, - гаворыць В.У.Пшанічная. – Справа ў тым, што школьны музей з’яўляецца базай правядзення прафарыентацыйнай работы па метадзе Фукуяма-спроб. Аб’яднаўшы патэнцыял музейнай педагогікі і методыку правядзення прафарыентацыйных спроб, прапанаваную прафесарам Фукуяма, настаўнікі-інаватары В.В.Патоцкая і В.У.Сачыловіч стварылі ўласны арыгінальны праект прафарыентацыі школьнікаў. Мэта праекта – фарміраванне каштоўнасных арыентацый, паводзінскіх норм і спецыяльных ведаў аб прафесіі метадам прафарыентацыйных спроб, якія садзейнічаюць пагружэнню ў будучую спецыяльнасць, вывучэнню патрэб соцыуму, саміх сябе і сваіх магчымасцей. Прафесійная спроба – гэта своеасаблівая мадэль канкрэтнай прафесіі. Падчас работы ўдзельнікі збіраюць звесткі аб пэўнай прафесіі і УВА, дзе яе можна набыць, і патрабаваннях, якія прад’яўляюцца ў гэтай прафесійнай дзейнасці. Каб выявіць свае магчымасці, вучні аналізавалі ўласныя ўменні, навыкі, характар і прафесійныя здольнасці. Перавагі гэтага метаду заключаюцца ў тым, што пры яго выкарыстанні адначасова задзейнічаны 3 важнейшыя кампаненты сацыяльна-псіхалагічнай кампетэнцыі асобы: тэхналагічны, сітуацыйны і функцыянальны. Школьнікі спрабавалі сябе ў ролі журналістаў, сацыёлагаў, экскурсаводаў, музейных работнікаў, настаўнікаў, менеджараў у сферы турызму і г.д. 4 з 5 удзельнікаў гэтай групы выбралі пасля заканчэння школы спецыяльнасці, якія “прымяралі” падчас удзелу ў спробах. А ўвогуле, усе ўдзельнікі праекта паступілі ва УВА.

В.У.Пшанічная лічыць, што падчас рэалізацыі праекта педагогам удалося стварыць у школе спецыяльнае развіццёвае асяроддзе, якое дазволіла дзецям паспяхова рухацца да будучай прафесійнай дзейнасці. Але на гэтым калектыў спыняцца не збіраецца. Школа плануе ўдзельнічаць у новым інавацыйным праекце.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.