Павышаная ўвага – прафарыентацыі асаблівых дзяцей

11.10.2017
Прафарыентацыя дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця – адзін з важных напрамкаў работы Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ляхавіцкага раёна. Дзейнасць у гэтым напрамку ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні з установамі і арганізацыямі соцыуму.

- Псіхолага-медыка-педагагічная камісія цэнтра выяўляе асаблівых дзяцей і вызначае праграму іх навучання, - расказвае дырэктар ЦКРНіР Ляхавіцкага раёна Н.Л.Маслоўская. – Пасля вызначэння адукацыйнага маршруту пачынаецца работа па прафарыентацыі. Для інфармавання зацікаўленых асоб на сайце цэнтра своечасова абнаўляецца інфармацыя пра нарматыўныя прававыя дакументы Міністэрства адукацыі Беларусі, якія вызначаюць работу ўстаноў адукацыі па прафарыентацыі дзяцей з АПФР. Вялікая роля адводзіцца кансультацыям з бацькамі і педагогамі, што працуюць з такімі дзецьмі. Так, сацыяльны педагог інфармуе мам, татаў і вучняў па пытаннях нарматыўна-прававога характару і працаўладкавання асаблівых выпускнікоў, праводзіць індывідуальныя гутаркі і кансультацыі з бацькамі і дзецьмі, іх анкетаванне і інш. Урач-псіхіятр цэнтра кансультуе па пытаннях, звязаных з абмежаваннямі прафесійнай прыгоднасці пры розных захворваннях і пры неабходнасці накіроўвае да вузкіх спецыялістаў ва ўстановы аховы здароўя.

Спецыялісты цэнтра расказваюць пра формы і метады прафарыентацыі дзяцей з адхіленнямі ў развіцці, іх псіхолага-педагагічнае суправаджэнне на пасяджэннях раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў. Для павышэння кампетэнтнасці педагогаў у галіне прафесійнага выбару вучняў спецыялісты распрацавалі метадычны веснік “Прафесійная падрыхтоўка, працаўладкаванне і патранат асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”, які штогод абнаўляецца і даступны ўсім педагогам раёна. Акрамя таго, спецыялісты выпрацоўваюць рэкамендацыі па выбары прафесійнага шляху дзяцей і ўзгадняюць іх з бацькамі.

- Мэтанакіраваная работа з бацькамі – адна з асноўных умоў паспяховага вырашэння задач, звязаных з падрыхтоўкай асаблівых вучняў да прафесійнага самавызначэння, бо даволі часта менавіта пазіцыя мам і татаў у гэтым пытанні з’яўляецца вырашальнай, - адзначае Н.Л.Маслоўская. – Важную ролю адыгрывае супрацоўніцтва цэнтра са школамі, цэнтральнай раённай бальніцай і ўстановамі прафесійнай адукацыі. Гэтае супрацоўніцтва ўключае дзейнасць міжведамаснай пляцоўкі па інфармаванні зацікаўленых асоб у рабоце з асаблівымі дзецьмі, арганізацыю экскурсій на прадпрыемствы, дапамогу ўстановам адукацыі ў падрыхтоўцы да абласнога конкурсу “Калейдаскоп прафесій” і інш. У рамках бацькоўкага клуба “Міласэрнасць” праводзяцца сустрэчы будучых выпускнікоў (пачынаючы з 7 класа) і іх бацькоў з прадстаўнікамі ПТНУ, дзе створаны належныя ўмовы для атрымання адукацыі моладзі з асобымі адукацыйнымі патрэбамі. Так, прадстаўнікі Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання і Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў паказваюць прэзентацыі і ладзяць індывідуальныя кансультацыі, якія дазваляюць увайсці ў свет прафесій і зрабіць папярэдні выбар. Арганізоўваюцца круглыя сталы з удзелам сацыяльных педагогаў і педагогаў-псіхолагаў школ па ўзаемадзеянні з установамі прафесійнай адукацыі.

Дзякуючы сістэмнай прафарыентацыйнай рабоце, за апошнія 3 гады 10 з 11 выпускнікоў працягваюць навучанне ў ПТНУ ці працаўладкаваны, адзін выпускнік наведвае аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

- Вельмі важна паказаць будучым выпускнікам і іх бацькам наглядны прыклад працаўладкавання. Гэта асабліва неабходна выпускнікам, якія вучацца па праграме дапаможнай школы, - падагульняе Н.Л.Маслоўская.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.