З улікам рэгіянальных запытаў у працоўных рэсурсах

06.10.2017
- Прафарыентацыйная работа з’яўляецца важным звяном школьнай адукацыі, бо звязвае яе з эканомікай, а патрэбы вучняў – з іх будучыняй, - гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага райвыканкама Сяргей Міхайлавіч Вінаград. – Для паспяховага развіцця грамадства неабходна, каб кожны выпускнік школы знаходзіў прымяненне сваім інтарэсам і схільнасцям, не губляў дарма час, сілы і сродкі ў пошуках месца на рынку працы, адчуваў задавальненне ад работы па прафесіі. Не менш важна і тое, каб, атрымаўшы запатрабаваныя спецыяльнасці, выпускнікі сельскіх школ вярталіся на малую радзіму і замацоўваліся ў рэгіёнах, забяспечваючы дастойную змену сённяшнім працаўнікам сяла.

Задача сельскай школы ў сучасных умовах заключаецца ў тым, каб разам з рознымі сацыяльнымі інстытутамі дапамагчы вучням ва ўсвядомленым выбары прафесій, запатрабаваных у сельскай гаспадарцы, замацаваць маладых спецыялістаў у аграпрамысловым комплексе пэўнага рэгіёна і бесперапынна папаўняць кадры рабочых і служачых у вёсцы. З мэтай вырашэння гэтай задачы Гарадзішчанская, Мірнаўская, Вольнаўская, Крошынская і Русіноўская сярэднія школы Баранавіцкага раёна ўдзельнічалі ў інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі бесперапыннай прафесійнай арыентацыі вучняў на спецыяльнасці рэгіянальнага аграпрамысловага комплексу.

- Праект прадугледжвае арганізацыю прафарыентацыі сеткавым спосабам, - тлумачыць С.М.Вінаград. – Разам са школамі ў рабоце па арыентацыі вучняў на спецыяльнасці сельскагаспадарчай вытворчасці задзейнічаны прадпрыемствы сельскагаспадарчага профілю, установы прафесійнай і вышэйшай адукацыі, а таксама мясцовыя органы ўлады. За час рэалізацыі праекта (2014 – 2017 гады) удалося вызначыць групы вучняў, зацікаўленых у спецыяльнасцях рэгіянальнага аграпрамысловага комплексу, увесці ў школах факультатыў “Мая прафесійная будучыня”, абсталяваць кабінеты прафарыентацыі і стэнды “Зрабі свой выбар!” для дзяцей і іх бацькоў, стварыць віртуальныя кабінеты прафарыентацыі на сайтах, арганізаваць дзейнасць працоўных лагераў вучняў, скласці і пастаянна выкарыстоўваць у прафарыентацыі рэестр аграпрамысловых прадпрыемстваў Брэстчыны, вызначыць іх запыты на спецыяльнасці, класіфікаваць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці айчынных УВА, вызначыць і выкарыстоўваць формы і метады арыентацыі вучняў на рабочыя спецыяльнасці, арганізаваць для школьнікаў і бацькоў сустрэчы з прадстаўнікамі Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Ляхавіцкага і Навагрудскага дзяржаўных аграрных каледжаў, БарДУ, Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце, выпускнікі школ-удзельніц праекта аддаюць перавагу такім спецыяльнасцям сельскагаспадарчага профілю, як вадзіцель, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, слесар па рамонце і абслугоўванні сельскагаспадарчых машын, аператар птушкафабрык і механізаваных ферм і інш.

- Неабходна адзначыць асаблівую ролю бацькоў вучняў у прафарыентацыйнай рабоце, - заўважае С.М.Вінаград. – Мамы і таты актыўна ўдзельнічаюць у вызначэнні жыццёвых і прафесійных планаў сваіх дзяцей, хаця, на жаль, не заўсёды ведаюць і аб’ектыўна ацэньваюць іх інтарэсы і здольнасці. Гэта абумовіла неабходнасць арганізацыі спецыяльнай прафарыентацыйнай дзейнасці з бацькамі. Так, былі праведзены бацькоўскія сходы па азнаямленні з праектам і далучэнні мам і татаў да яго, індывідуальныя гутаркі і кансультацыі педагогаў-псіхолагаў і настаўнікаў, а таксама арганізаваны экскурсіі для дзяцей на месца работы бацькоў.

Па словах С.М.Вінаграда, дасягнуць станоўчых вынікаў у рэалізацыі праекта садзейнічала і цеснае ўзаемадзеянне школ з установамі адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Так, была падпісана дамова аб супрацоўніцтве Гарадзішчанскай сярэдняй школы і Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, у адпаведнасці з якой пры падтрымцы каледжа на тэрыторыі школьнага доследнага ўчастка закладзены яблыневы сад, дзе выкладчыкі на практыцы вучаць дзяцей правілам догляду за ім. Акрамя таго, для зацікаўленых і высокаматываваных вучняў выкладчыкі каледжа вядуць факультатывы “Асновы садаводства” і “Асновы аграноміі”. Школьнікі далучаюцца да сумеснай навукова-даследчай работы.

- У выніку назіраецца станоўчая матывацыя вучняў да атрымання прафесій тыпу “чалавек-прырода”, - адзначае С.М.Вінаград. – За два гады выбар такіх прафесій павялічыўся з 28% да 33%. Акрамя таго, дасягнута станоўчая дынаміка ў выбары дзевяцікласнікамі і адзінаццацікласнікамі спецыяльнасцей, запатрабаваных рэгіянальным аграпрамысловым комплексам. Так, у 2015 годзе ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю паступілі амаль 26% удзельнікаў праекта, летась – амаль 33%, а сёлета – амаль 44%.

Цікавы вопыт прафарыентацыйнай работы ва ўзаемадзеянні з соцыумам назапашаны ў Жамчужненскай сярэдняй школе. У 2015/2016 навучальным годзе педагогі распрацавалі і рэалізавалі выхаваўчы праект “Захаваем жыццё ў вёсцы!”, які прадугледжваў прафарыентацыю вучняў на рабочыя спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю і павышэнне прэстыжу працаўнікоў сяла. Актуальнасць праекта была выклікана наяўнасцю супярэчнасцей паміж прафесійнымі запытамі сучасных выпускнікоў сельскіх школ і сацыяльна-эканамічнымі патрэбамі Баранавіцкага раёна ў кадрах. Мэта праекта – стварыць умовы для прафесійнага самавызначэння вучняў з улікам рэгіянальных патрэб у кадрах шляхам узаемадзеяння школы, сям’і і соцыуму ў шосты школьны дзень. Паводле праекта, кожны выпускнік забяспечваўся картай вакансій сельсгаспрадпрыемстваў раёна, адаптаванай да яго асобасных і прафесійных кампетэнцый. Праект аб’яднаў намаганні школы, Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, ААТ “Птушкафабрыка “Дружба”, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Баранавіцкага райвыканкама, устаноў культуры аграгарадка Жамчужны і бацькоў у арганізацыі прафарыентацыйных мерапрыемстваў (шоу-конкурсы “Тэатр прафесій”, “Сям’я рабочых – гэта гучыць горда!” і інш.).

- З гэтага года Гарадзішчанская сярэдняя школа працуе над стварэннем школьнай бізнес-кампаніі, - расказвае С.М.Вінаград. – Падпісана дамова аб супрацоўніцтве з факультэтам эканомікі і права БарДУ і распрацаваны план па яе рэалізацыі. Адзін з напрамкаў супрацоўніцтва – правядзенне выкладчыкамі ўніверсітэта факультатыўных заняткаў “Асновы эканамічнай тэорыі”, “Асновы фінансавай дасведчанасці” і “Асновы прадпрымальніцтва”. Асноўная мэта навучання асновам прадпрымальніцтва – сацыялізацыя і прафарыентацыя школьнікаў, развіццё іх творчага патэнцыялу і ініцыятыўнасці, фарміраванне ў вучняў прадпрымальнасці, новых адносін да вучобы і ўмення самастойна знаходзіць неабходныя веды для вырашэння розных практычных задач. Трэба адзначыць, што гэта не прадугледжвае ўсеагульнай падрыхтоўкі са школьнікаў прадпрымальнікаў, бо не кожны чалавек можа займацца такім відам дзейнасці. Разуменне ж мэт і прынцыпаў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, асаблівасцей іх прымянення на практыцы дазволіць выхаваць творчую, ініцыятыўную і адказную моладзь.

С.М.Вінаград лічыць, што ў сённяшніх вучняў Баранавіцкага раёна павысілася ступень сацыялізацыі, аблегчыўся ўваход у прафесійны свет, сфарміравалася неабходнасць працаваць на карысць роднага краю, дзе можна паспяхова вучыцца і развівацца. Гэта паказваюць спецыяльныя назіранні за работай вучняў у майстэрнях, на прышкольных доследных участках, у лагерах працы і адпачынку, пры другаснай занятасці.

- Мэтанакіраваная прафарыентацыя забяспечвае штогадовае паступленне каля 70 выпускнікоў ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю, - гаворыць С.М.Вінаград. – Але, на жаль, патрэбы раёна ў працоўных рэсурсах па-ранейшаму захоўваюцца. Сёння, паводле даных раённай службы занятасці насельніцтва, налічваецца больш за 460 свабодных вакансій, з якіх каля 66% - рабочыя. Попыт на работнікаў фарміруецца пераважна ў такіх відах эканамічнай дзейнасці, як сельская гаспадарка, паляванне і лясная гаспадарка (каля 55%), перапрацоўчая прамысловасць (амаль 13%), дзяржаўнае кіраванне (каля 12%), адукацыя (каля 9%), ахова здароўя і аказанне сацыяльных паслуг (6,5%). Найбольш запатрабаваны вадзіцелі аўтамабіляў, слесары, трактарысты-машыністы сельскагаспадарчай вытворчасці, прадаўцы, ветэрынарныя і медыцынскія ўрачы, аграномы, заатэхнікі і інжынеры. Гэта сведчыць пра тое, што праблемы, звязаныя з выбарам вучнямі прафесій, запатрабаваных у вёсцы, замацаваннем маладых спецыялістаў у аграпрамысловым комплексе раёна, бесперапынным папаўненнем кадраў рабочых і служачых сучаснага сяла, па-ранейшаму застаюцца актуальнымі і павінны пастаянна вырашацца сельскай школай ва ўзаемадзеянні з соцыумам.

У бягучым навучальным годзе Гарадзішчанская і Вольнаўская сярэднія школы, а таксама Мірнаўскі дзіцячы сад – сярэдняя школа далучыліся да інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння вучняў” (разлічаны да 2020 года). Жамчужненскі яслі-сад пачаў рэалізацыю эксперыментальнага праекта па апрабацыі методыкі фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дашкольнікаў. У Жамчужненскай і Ляснянскай сярэдніх школах былі арганізаваны педагагічныя групы з абавязковым вывучэннем факультатыўнага курса “Уводзіны ў педагагічную прафесію”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.