З інавацыйным падыходам да прафесійнага самавызначэння вучняў

01.10.2017
- Сучасная школа – гэта не толькі ўстанова адукацыі, але і сацыяльны інстытут, які дазваляе асобе асэнсаваць сучасны свет, сцвердзіцца ў духоўна-маральных каштоўнасцях і культуры, - гаворыць начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама Сяргей Валер’евіч Пузікаў. – Каб авалодаць новымі напрамкамі прафесійнай дзейнасці і ўключыцца ў тэхналагічныя інавацыі, чалавек павінен пастаянна самаўдасканальвацца. Толькі тады ён зможа паспяхова адаптавацца да сучаснага жыцця, стаць актыўнай і мабільнай асобай, здольнай весці сацыяльны дыялог і прымаць канструктыўныя рашэнні. Важная роля ў гэтым належыць прафесійнаму самавызначэнню школьнікаў і пабудове іх індывідуальных адукацыйных траекторый, што забяспечвае профільнае навучанне.

Баранавіцкія старшакласнікі вывучаюць прадметы на павышаным узроўні ў ліцэі і 5 гімназіях. Акрамя таго, профільныя класы і групы адкрыты ў сярэдніх школах №№ 7, 14, 19 і 21.

- Пашырэнне сеткі профільных класаў залежыць ад якаснай арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі ў школах, дастатковага ўзроўню навучанасці дзяцей, наяўнасці высокакваліфікаваных кадраў і належнай матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, - адзначае С.В.Пузікаў. – У рамках развіцця ліцэйскай адукацыі даволі паспяхова рэалізоўваецца кіраўніцкі праект, які прадугледжвае стварэнне комплексу “ліцэй + дзве школы-спадарожнікі” для падрыхтоўкі вучняў да паступлення ў ліцэй. Гэта забяспечвае сістэмную дапрофільную падрыхтоўку.

Больш за палову старшакласнікаў 10 устаноў адукацыі атрымліваюць веды ў профільных класах і групах з выкарыстаннем усіх модулей арганізацыі профілей. Найбольш запатрабаванымі прадметамі пры выбары профілю з’яўляюцца замежная мова, матэматыка, фізіка, біялогія, хімія і руская мова. Прамежкавы аналіз вынікаў работы ў профільных класах паказвае эфектыўнасць падрыхтоўкі вучняў да далейшага прафесійнага навучання і прафесійнай дзейнасці па выбраным профілі.

- У сярэдняй школе № 9 варыятыўнасць адукацыі забяспечваецца праз работу 8 – 11 класаў па напрамку “Бяспека жыццядзейнасці”, - расказвае С.В.Пузікаў. – Сёння ў гэтых класах вучыцца больш за 100 дзяцей. Школьнікі наведваюць факультатыўныя заняткі ваенна-патрыятычнага напрамку і напрамку “Бяспека жыццядзейнасці”, арганізаваныя на базе гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях. Вынікам вучобы ў гэтых класах з’яўляецца ўсвядомленае прафесійнае самавызначэнне: 90% выпускнікоў становяцца студэнтамі сілавых УВА.

З 2015/2016 навучальнага года ў сярэдніх школах №№ 14 і 21 дзейнічаюць профільныя групы педагагічнай накіраванасці, выхаванцы якіх вывучаюць спецкурс “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Сёлета трое выпускнікоў гэтых школ паступілі без экзаменаў ва УВА на педагаічныя спецыяльнасці.

- Работа ў гэтым напрамку працягваецца, - гаворыць С.В.Пузікаў. – Для вучняў профільных груп арганізоўваюцца педагагічныя пробы ў якасці памочнікаў выхавальнікаў і настаўнікаў. Школьнікі вядуць фрагменты ўрокаў у малодшых і сярэдніх класах, удзельнічаюць у конкурсах і мерапрыемствах, арганізаваных БДПУ імя Максіма Танка. Так, Настасся Крупеніч з сярэдняй школы № 14 з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу “Будучыя педагогі – пра школу будучыні” ў намінацыі “Мультымедыйны праект”.

Сёння ва ўстановах адукацыі Баранавіч распрацоўваюцца і ўкараняюцца педагагічныя і кіраўніцкія інавацыі, якія фарміруюць асобу, нацэленую на поспех у любой галіне выкарыстання сваіх магчымасцей. Тэматыка інавацыйных праектаў ахоплівае прыярытэтныя пытанні адукацыі, у тым ліку і прафесійнае самавызначэнне вучняў: “Укараненне мадэлі забеспячэння пераемнасці ў сістэме “базавая школа – ліцэй” як сродак прафесійнага самавызначэння вучняў” (ліцэй № 1, сярэднія школы №№ 7 і 18), “Укараненне мадэлі сацыяльна-адукацыйнага асяроддзя, якое садзейнічае грамадзянскаму і прафесійнаму самавызначэнню вучняў” (сярэдняя школа № 19), “Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосабу пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі” (гімназія № 2) і “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў і іх арыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна” (ліцэй № 1, сярэднія школы №№ 12 і 18).

У бягучым навучальным годзе ўстановы адукацыі Баранавіч далучыліся да новых эксперыментальных і інавацыйных праектаў: “Апрабацыя вучэбных планаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі як сродку праектавання індывідуальнай адукацыйнай траекторыі вучняў ва ўмовах дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на ІІ і ІІІ ступенях агульнай сярэдняй адукацыі” (ліцэй № 1, сярэднія школы №№ 7 і 18), “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму” (сярэдняя школа № 19) і “Укараненне кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампаненту мабільнай адукацыі” (гімназія № 5, сярэднія школы №№ 14 і 16).

- Сутнасць апошняга праекта звязана з пашырэннем магчымасцей інтэрнэту за кошт выкарыстання вучнёўскіх смартфонаў і планшэтаў, - расказвае С.В.Пузікаў. – Праект накіраваны на стварэнне арганізацыйна-зместавых механізмаў развіцця інавацыйных працэсаў у сістэме прафарыентацыйнай дзейнасці, асваенне і ўкараненне ў яе методык мабільнага і змешанага навучання ва ўмовах школы. Сур’ёзная ўвага ў праекце ўдзяляецца пытанням забеспячэння даступнасці, якасці і эфектыўнасці прафарыентацыйнай адукацыі вучняў 1 – 11 класаў з акцэнтам на дыстанцыйную падтрымку.

Па словах С.В.Пузікава, поспех прафарыентацыйнай работы залежыць ад яе паслядоўнасці і сістэмнасці, пераемнасці на ўсіх ступенях адукацыі.

Добры вынік можа гарантаваць толькі комплексны падыход да арганізацыі гэтай работы: сацыяльна-педагагічна-псіхалагічная служба + настаўнікі-прадметнікі + бацькі + установы прафесійнай адукацыі + УВА + установы дадатковай адукацыі. З гэтай мэтай ладзяцца кірмашы прафесій, прафарыентацыйныя канферэнцыі Pro.IT і “IT-канікулы”, экскурсіі ў офісы TUT.by, EPAM и Парка высокіх тэхналогій.

- Аналіз уладкавання выпускнікоў школ паказвае, што трэцяя частка дзевяцікласнікаў становіцца навучэнцамі ПТНУ і ССНУ, - гаворыць С.В.Пузікаў. – Большая частка дзевяцікласнікаў гімназій працягвае навучанне ў 10 класах. Паступленне былых старшакласнікаў у ПТНУ і ССНУ вагаецца ад 25% да 63%. Выпускнікі гімназій і ліцэя, як правіла, выбіраюць пры паступленні ва УВА спецыяльнасці, якія адпавядаюць профілю ранейшага навучання. Гэта сведчыць пра высокі ўзровень праведзенай прафарыентацыйнай работы.

Летась Баранавічы далучыліся да праекта глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Удзел у ім бачыцца перспектыўным напрамкам развіцця работы з дзецьмі ў рамках іх прафесійнага самавызначэння.

Напрацоўкі баранавіцкіх педагогаў па арганізацыі і правядзенні прафарыентацыйнай работы адзначаны на абласным конкурсе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення” і ХVІI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры. Так, у намінацыі “Інавацыйныя падыходы ў арганізацыі прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі” адзначаны намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Н.А.Бірукова і настаўніца англійскай мовы Ю.А.Вашчылка з ліцэя № 1, у намінацыі “Лепшая творчая ідэя арганізацыі прафесійнай арыентацыі вучняў у класе” – настаўніцы пачатковых класаў Н.У.Пілінага і Н.У.Ліс з сярэдняй школы № 20, у намінацыі “Сістэма работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі па суправаджэнні прафесійнага самавызначэння вучняў” – педагогі-псіхолагі І.Б.Ярмак з гімназіі № 2 і А.В.Сяргеева з гімназіі № 5.

- Ад таго, наколькі правільна чалавек выбраў жыццёвы шлях, залежыць яго задаволенасць работай і поспех у кар’еры. Калі чалавек займаецца любімай справай, ён адчувае сябе шчаслівым. Упэўнены, што, дзякуючы намаганням нашых педагогаў, вучні робяць верны і ўсвядомлены выбар сваёй прафесійнай будучыні, - падагульняе С.В.Пузікаў.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.