Удасканальваць падрыхтоўку кадраў ва ўмовах інавацыйнага развіцця рэгіёна

18.09.2017
- У сучасных умовах сістэма прафесійнай адукацыі становіцца важным звяном развіцця эканомікі і вытворчасці, закліканым вырашаць задачы апераджальнай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў, - гаворыць начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама В.А.Шапавал. – Сёння для сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны з’яўляюцца прыярытэтнымі сферы лагістыкі і транспарту, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, інфармацыйных тэхналогій і турызму, якія будзе забяспечваць новая фармацыя прафесійных кадраў.

У вобласці створана адкрытая сістэма прафесійнай адукацыі, арыентаваная на патрэбы рынку працы і падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў, запатрабаваных у рэгіёне. Установы адукацыі і заказчыкі кадраў цесна ўзаемадзейнічаюць ва ўдасканаленні структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў. Так, больш за 90% навучэнцаў ПТНУ і ССНУ рыхтуюцца па заяўках прадпрыемстваў і арганізацый.

Сёлета на Брэстчыне пачалася падрыхтоўка спецыялістаў па 18 новых кваліфікацыях: аператар аўтаматызаванага раскройнага комплексу, электрамеханік па рамонце і абслугоўванні вылічальнай тэхнікі, аператар станкоў з праграмным кіраваннем, аперацыйны лагіст, вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі і інш. Большасць прафесій з’яўляюцца інтэграванымі, дзякуючы чаму каля 80% навучэнцаў адначасова атрымліваюць дзве і больш кваліфікацыі, што забяспечвае большую мабільнасць і абароненасць выпускнікоў пры атрыманні рабочага месца. Штогод павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія атрымліваюць 4 і вышэй кваліфікацыйны разрад.

- Адным з важных напрамкаў удасканалення прафесійнай падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў з’яўляецца магчымасць навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі адпрацоўваць асноўныя практычныя навыкі на складаным і дарагім абсталяванні прадпрыемстваў рэгіёна, - расказвае В.А.Шапавал. – Так, у арганізацыі вытворчага навучання ПТНУ і ССНУ вобласці цесна супрацоўнічаюць з ААТ “Савушкін прадукт”, РУП “Белтэлекам”, РУП “Белпошта”, СП “Санта Брэмар”, Баранавіцкім станкабудаўнічым заводам і інш.

Для своечасовага рэагавання на змены кан’юнктуры рынку працы і забеспячэння адпаведнасці кваліфікацый выпускнікоў запытам інавацыйнай эканомікі на базе 7 устаноў прафесійнай адукацыі створаны рэсурсныя цэнтры па 8 профілях. Гэтыя цэнтры займаюцца апераджальнай падрыхтоўкай кваліфікаваных кадраў з ліку навучэнцаў, студэнтаў і дарослага насельніцтва.

Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж не толькі рыхтуе рабочых і спецыялістаў з прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, але і ажыццяўляе перападрыхтоўку рабочых кадраў, дзякуючы мэтазгоднай аптымізацыі – аб’яднанню з мастацкім прафесійна-тэхнічным каледжам і стварэнню спецыялізаванага рэсурснага цэнтра.

- Баяцца аптымізацыі не варта, - лічыць дырэктар Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа А.П.Юшчук. – Гэта не ліквідацыя ўстаноў, а іх узбуйненне, якое дазваляе пашырыць спектр адукацыйных паслуг, павысіць матывацыю педагогаў да распрацоўкі і ўкаранення новых адукацыйных тэхналогій, вытворчых інавацый і інш. Наш рэсурсны цэнтр дазваляе ўкараняць у адукацыйны працэс сучаснае навукова-метадычнае, праграмнае і тэставае забеспячэнне, апрабоўваць вучэбныя трэнажоры, лабараторнае абсталяванне, сродкі навучання і інш. З мэтай пашырэння доступу навучэнцаў да інавацыйных тэхналогій і абсталявання ў цэнтры арганізавана сеткавае навучанне, калі навучэнцы іншых устаноў адукацыі вывучаюць новыя тэхналогіі на базе нашага рэсурснага цэнтра. За час яго існавання ў ім прайшлі навучанне і стажыроўку 1,3 тысячы чалавек. Мы гатовы пашырыць экспарт адукацыйных паслуг за кошт кароткатэрміновага навучання ў цэнтры замежных грамадзян.

На базе рэсурснага цэнтра вядзецца падрыхтоўка нацыянальнай зборнай Беларусі для выступлення на міжнародным чэмпіянаце прафесійнага майстэрства WorldSkills, які адбудзецца ў кастрычніку ў Абу-Дабі. Акрамя таго, каледж актыўна ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах па рабочых прафесіях. Так, сёлета ў расійскім Краснадары на чэмпіянаце краін-членаў Еўразійскай прасторы ў рамках фіналу V Нацыянальнага чэмпіянату “Маладыя прафесіяналы” ў кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне” навучэнец каледжа Андрэй Кірыковіч заваяваў сярэбраны медаль. Годна выступіў на сёлетнім міжнародным чэмпіянаце WorldSkills у Кітаі і Арцём Рыжук, які ўваходзіў у склад зборнай каманды Беларусі.

- Удзел у міжнародным руху WorldSkills дазваляе ўкараняць новыя тэхналогіі і фарматы адукацыі, павысіць прэстыж прафесійнай адукацыі, прыцягнуць моладзь у вытворчы сектар эканомікі, - гаворыць А.П.Юшчук. – Разам з тым вывучэнне конкурсных заданняў чэмпіянатаў WorldSkills, вопыту экспертаў і навучэнцаў, аналіз патрабаванняў да спецыялістаў на сучасных рабочых месцах паказаў неабходнасць унясення змен у змест падрыхтоўкі кадраў. Таму мы актыўна абнаўляем (з улікам міжнародных патрабаванняў і патрабаванняў сучасных вытворчасцей) праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў у рамках асноўнага курса. Акрамя таго, з мэтай навучання найбольш матываваных навучэнцаў была распрацавана праграма факультатыўных заняткаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.