Школа + вёска: разам да ўстойлівага развіцця

18.08.2017
- Сёння даволі складана спрагназаваць дакладна, як будзе ўладкаваны свет праз 10 – 15 гадоў, але можна з упэўненасцю сцвярджаць, што будучыня залежыць ад таго, чаму навучацца ў школе дзеці. Таму дзейнасць нашага педагагічнага калектыву накіравана на захаванне і развіццё пазітыўнага іміджу ўстановы адукацыі ў соцыуме, прычым гэта асабліва важна для сельскай мясцовасці. Складнікамі іміджу з’яўляюцца прафесійная кампетэнтнасць настаўнікаў, іх актыўнасць у праектнай, інавацыйнай і даследчай дзейнасці, камандны стыль работы, партнёрства з зацікаўленымі арганізацыямі, наяўнасць стратэгіі і мэты, - гаворыць дырэктар Здзітаўскай сярэдняй школы Бярозаўскага раёна В.П.Жуковіч.

Дзейнасць навучальнай установы ажыццяўляецца ў адпаведнасці з канцэпцыяй адукацыі для ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый, прыярытэтнымі напрамкамі якой выступаюць здаровае навакольнае асяроддзе, “зялёная” эканоміка і справядлівае грамадства, што забяспечвае захаванне і павышэнне якасці жыцця сённяшнім і будучым пакаленням. Але ўстойлівага развіцця нельга дасягнуць шляхам адных палітычных пагадненняў, фінансавых стымулаў і тэхналагічных рашэнняў. Сёння вядучую ролю ў эфектыўнасці эканомікі, бяспецы краіны і інавацыйных пераўтварэннях займаюць веды. Менавіта з навукай і адукацыяй, якія фарміруюць эканоміку ведаў і развіваюць інтэлектуальны патэнцыял, звязаны перспектывы далейшага развіцця сучаснага грамадства. Развіццё эканомікі ведаў з’яўляецца важнейшым прыярытэтам Нацыянальнай стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі да 2030 года. Рэалізацыя гэтага прыярытэту накіравана на павышэнне ўзроўню і якасці жыцця насельніцтва, дасягненне гендарнай роўнасці, забеспячэнне станоўчага сальда знешняга гандлю, укараненне высокіх навукаёмістых тэхналогій ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, рост інавацыйнасці эканомікі і канкурэнтаздольнасці краіны на міжнародным узроўні.

- Наша школа пачала рэалізацыю канцэпыцыі адукацыі для ўстойлівага развіцця на ўзроўні педагагічнай ініцыятывы ў 2008 годзе, - расказвае В.П.Жуковіч. – Педагогі, як найбольш актыўныя прадстаўнікі сацыяльнай сферы вёскі, паставілі перад сабой мэту палепшыць якасць жыцця людзей шляхам аб’яднання разрозненых дзеянняў удзельнікаў школьнай супольнасці і вяскоўцаў у сістэму “школа – сельская супольнасць – мясцовая ўлада”. Зыходзячы з рэальных магчымасцей і рэсурсаў, ініцыятыўная група з удзелам педагогаў распрацавала спачатку вобраз жаданай будучыні вёскі Здзітава, а затым мясцовую стратэгію ўстойлівага развіцця вёскі “Школа + вёска: разам да ўстойлівага развіцця”. Важным практычным кампанентам сацыяльна значнай дзейнасці педкалектыву стала праектная работа, арганізаваная сумесна з мясцовай супольнасцю. Мэта гэтай работы заключалася ў актыўным далучэнні мясцовых жыхароў да супрацоўніцтва са школай.

З 2009 года быў рэалізаваны шэраг цікавых праектаў у партнёрстве з Праграмай развіцця ААН, грамадскім аб’яднаннем “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтрам імя Ёханеса Рау, рэспубліканскім біялагічным заказнікам “Спораўскі”, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, асацыяцыяй “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі. Сродкі, атрыманыя ў рамках гэтых праектаў, былі накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў з вучнямі і вяскоўцамі.

- Важна, што праектную дзейнасць актыўна падтрымалі вучні, іх бацькі і мясцовая ўлада, - адзначае В.П.Жуковіч. – Больш за тое, многія вяскоўцы аказвалі рэальную падтрымку ў рэалізацыі праектных ініцыятыў. Педагагічная ініцыятыва, без перабольшання, абудзіла цікавасць мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў сельвыканкама да ідэі ўстойлівага развіцця і дала зразумець, што галоўным складнікам поспеху ў яе рэалізацыі з’яўляецца актыўны ўдзел вяскоўцаў у жыцці школьнай супольнасці.

Арганізацыя работы, звязанай з рэальнымі крокамі па паляпшэнні якасці жыцця вёскі, патрабавала арганізацыі навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў, прысвечанай флоры і фаўне, гісторыі, культуры і традыцыям Здзітава. З 2008 года вучні падрыхтавалі 16 даследаванняў у гэтым напрамку, якія былі адзначаны на навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню. Так, у 2012 годзе даследчая работа малодшых школьнікаў “Засяленне гнёздаў белым буслом на тэрыторыі вёскі Здзітава” атрымала спецыяльны прыз на міжнароднай канферэнцыі ў польскім Гданьску. У 2011 годзе работа дзяцей па вывучэнні балот (тэрыторыя школы знаходзіцца побач з рэспубліканскім біялагічным заказнікам “Спораўскі”) была адзначана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў.

- Важнасць навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў і педагогаў неаспрэчная, бо яна звязана з пошукам рэсурсаў для вырашэння комплексу экалагічных, эканамічных і сацыяльных праблем у навакольным асяроддзі і жыцці мясцовых супольнасцей, - гаворыць В.П.Жуковіч. – Арганізацыя такіх даследаванняў дазваляе прыцягнуць да адукацыйнага працэсу ў школе прафесіяналаў. Так, даследчую работу па вывучэнні Спораўскага балота дзеці і педагогі праводзілі разам з нямецкімі навукоўцамі з фонду Міхаэля Зукава, лаўрэатамі альтэрнатыўнай Нобелеўскай прэміі. Арганізацыя даследчай дзейнасці ў такім фармаце не толькі істотна павышае прафесійную кампетэнтнасць настаўнікаў (як прадметнікаў, так і даследчыкаў-практыкаў), але і ініцыіруе новыя праекты. Так, у 2014 годзе школа актыўна ўдзельнічала ў глабальным міжнародным праекце па вывучэнні тэмпаў драпежніцтва траваядных насякомых у залежнасці ад змен геаграфічнай шыраты з дапамогай штучных вусеняў. Партнёрам у рэалізацыі праекта выступаў універсітэт Хельсінкі (Фінляндыя). Вучні і педагогі выконвалі невялікую частку гэтага праекта: атрымалі неабходныя матэрыялы і методыкі, правялі эксперыменты. Сёння па выніках праведзенага даследавання рыхтуецца работа для ўдзелу ў раённым конкурсе.

На працягу 2012 – 2015 гадоў школа рэалізоўвала інавацыйны праект “Укараненне мадэлі комплекснай падтрымкі педагагічных ініцыятыў у дзейнасць установы агульнай сярэдняй адукацыі”. Сутнасць праекта заключалася ў распрацоўцы кіраўніцкіх механізмаў пераходу ад адміністратыўнага да дзяржаўна-грамадскага характару кіравання ўстановай адукацыі. Пры навукова-метадычным суправаджэнні супрацоўнікаў кафедры кіравання ў сферы адукацыі АПА ўдалося канцэптуальна прапрацаваць і стварыць умовы для арганізацыі адкрытай сацыяльна-педагагічнай прасторы сельскага рэгіёна.

- Дзейнасць нашай школы як рэальнага каардынацыйна-адукацыйнага цэнтра ўстойлівага развіцця вёскі суправаджаецца пастаяннай кансультацыйна-экспертнай падтрымкай калег: удзельнікаў партнёрскай сеткі школ устойлівага развіцця, АПА і БДПУ імя Максіма Танка, - расказвае В.П.Жуковіч. – На базе школы праходзяць семінары, дзе педагогі дзеляцца напрацоўкамі з калегамі. У 2011 годзе школа была прызнана рэсурсным цэнтрам комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця сельскіх тэрыторый, а ў 2014 годзе стала адным з сузаснавальнікаў асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Педагогі павышаюць прафесійную кампетэнтнасць праз удзел у адукацыйных семінарах, трэнінгах і канферэнцыях рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Так, летась настаўніца пачатковых класаў у складзе рэспубліканскай групы асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” ўдзельнічала ў адукацыйным візіце ў Гановер з мэтай знаёмства з эфектыўнымі нямецкімі напрацоўкамі па арганізацыі дзейнасці школьных фірм, настаўніца нямецкай мовы – у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай рэалізацыі праекта трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча – Беларусь – Украіна”, ва ўкраінскім Букавелі, а намеснік дырэктара – у адукацыйным візіце ва Украіну для знаёмства з лепшай работай у галіне ўстойлівага развіцця сельскіх тэрыторый. Вопыт школы неаднаразова прэзентаваўся на міжнародных семінарах і канферэнцыях у Польшчы, Бельгіі, Украіне, Малдове, ЗША, Грузіі і Італіі. Эфектыўнае партнёрскае ўзаемадзеянне з’яўляецца надзвычай карысным і каштоўным. Педагогі адчуваюць, што іх дзейнасць – частка сусветнай адукацыйнай прасторы.

Узрослая кампетэнтнасць і ўпэўненасць педагогаў у сваіх сілах дазволіла ў супрацоўніцтве з ініцыятыўнымі мясцовымі жыхарамі, выпускнікамі і вучнямі рэалізаваць адзін з самых паспяховых праектаў “Здзітава – мілая Радзіма!”, падтрыманы асацыяцыяй агенцтваў мясцовай дэмакратыі (Францыя) і фондам імя Льва Сапегі ў Мінску. Галоўная ідэя праекта – арганізацыя ўзаемадзеяння вучняў, мясцовых жыхароў і органаў улады для развіцця вёскі (тэрытарыяльна-арыентаванае развіццё). У рамках праекта вучні і настаўнікі правялі для дарослага насельніцтва вёскі і прадстаўнікоў мясцовай улады адукацыйны курс “Здзітавазнаўства” і спартыўныя спаборніцтвы “Малыя алімпійскія гульні вёскі Здзітава”, а таксама падрыхтавалі кнігу “Здзітава – мілая Радзіма!”.

- Сёння школа ва ўзаемадзеянні з інфармацыйна-асветніцкай установай “Новая Еўразія” ў Мінску рэалізоўвае праект “Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі”, - гаворыць В.П.Жуковіч. - У красавіку на базе школы быў адкрыты рэгіянальны рэсурсны цэнтр эканамічнага развіцця Спораўскага сельсавета. Мэта праекта заключаецца ў развіцці гэтага цэнтра як маладзёжнага бізнес-інкубатара, а таксама ў распрацоўцы і стварэнні комплекснага адукацыйна-прыкладнога бізнес-прадукту ў вёсцы пад брэндам “Здзітаўскі фальварак” на базе зялёнага маршруту, эколага-этнаграфічнага музея, цяпліцы, прышкольнага ўчастка і інш. Але, бадай, самым важным з’яўляецца тое, што гэты праект мы разглядаем як магчымасць павышэння функцыянальнай дасведчанасці вучняў. Выпускнікі таксама не застаюцца без увагі. Перыядычна мы прапаноўваем найбольш матываваным з іх павысіць адукацыйны ўзровень у міжнароднай летняй экалагічнай школе “НЕY!” (“Здаровае навакольнае асяроддзе для моладзі”) у Малдове ці падчас адукацыйнай стажыроўкі ў адной з грамадскіх арганізацый Гановера для знаёмства з вопытам інклюзійнай адукацыі.

В.П.Жуковіч лічыць, што выкарыстанне магчымасцей інтэрнэт-тэхналогій з’яўляецца важным іміджавым складнікам школы. Размяшчэнне старонкі ўстановы ў сацыяльных сетках дазваляе істотна актывізаваць узаемадзеянне з мэтавай групай, мясцовай супольнасцю. Актуальная падзейная інфармацыя, анонс мерапрыемстваў і зваротная сувязь з вучнямі, выпускнікамі, жыхарамі і гасцямі вёскі – усё гэта можна ўбачыць на школьнай старонцы ў Facebook, на якую падпісаны 174 чалавекі.

- Сёння можна з упэўненасцю сцвярджаць, што такі падыход у арганізацыі дзейнасці школы адыграў значную ролю ў фарміраванні школьнай каманды і функцыянаванні ўстановы як сацыяльна-актыўнага цэнтра сельскай мясцовасці. Мы ясна разумеем, што развіццё любых тэрыторый магчыма толькі ў супрацоўніцтве і пры аб’яднанні намаганняў як асобных ініцыятыўных жыхароў, так і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, а таксама мясцовай улады. Наша мэта – дасягнуць такой расстаноўкі сіл, каб уклад усіх у агульную справу быў раўназначным. Школа прыносіць рэальную карысць мясцовай супольнасці, прапаноўвае дадатковыя адукацыйныя магчымасці вучням і настаўнікам. Педагогі ўпэўнены, што працяг работы ў гэтым напрамку забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё лакальнай тэрыторыі сельскага рэгіёна і Беларусі ў цэлым. Адным з пацвярджэнняў эфектыўнай дзейнасці школы з’яўляецца нядаўняе занясенне ўстановы адукацыі на раённую дошку пашаны, - падагульняе В.П.Жуковіч.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.