Супрацоўніцтва дзеля агульнай карысці

03.08.2017
У Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава ўпэўнены, што без цеснага ўзаемадзеяння з іншымі ўстановамі адукацыі, у тым ліку замежнымі, немагчыма ісці ў нагу з часам. Супрацоўніцтва дапамагае наладжваць прафесійныя зносіны, павышае якасць адукацыйнага працэсу, скіроўвае педагогаў да абмену вопытам і пастаяннага самаразвіцця.

Летась Брэсцкі абласны ліцэй імя П.М.Машэрава заключыў дамову аб супрацоўніцтве з Таварыствам праваслаўнага братэрства Святых Кірыла і Мяфодзія і Аб’яднаннем школ імя Святых Кірыла і Мяфодзія ў Беластоку (Польшча). Бакі дамовіліся праводзіць сумесную работу па стварэнні ўмоў для ўдасканалення метадычнага майстэрства педагогаў, арганізацыі даследчай дзейнасці вучняў, іх інтэлектуальнага і творчага развіцця, вывучэння моў нацыянальных меншасцей, гісторыка-культурнай спадчыны народаў Беларусі і Польшчы.

- Супрацоўніцтва ажыццяўляецца шляхам сумеснага планавання адукацыйных і культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў і ўдзелу ў іх, - расказвае дырэктар Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава Н.А.Каліноўская. – У планах – падрыхтоўка агульных праектаў, мэтай якіх з’яўляюцца папулярызацыя беларускіх і польскіх традыцый і культуры, арганізацыя конкурсаў, канферэнцый і міждзяржаўных сустрэч, накіраваных на захаванне беларускай культуры, семінараў, экскурсій, майстар-класаў і асветніцкіх курсаў па абмене цікавым вопытам.

Польскія калегі ўжо двойчы пабывалі ў Брэсце. Падчас паездак госці азнаёміліся з горадам, прынялі ўдзел у ліцэйскай адкрытай навукова-практычнай канферэнцыі “З навукай у жыццё”, якая праходзіла ў рамках тыдня метадычнага майстэрства, наведалі інтэграваны ўрок геаграфіі, біялогіі і інфарматыкі. Беларускія педагогі і вучні нанеслі візіт у Беласток і Варшаву: пабывалі ў пасольстве нашай краіны ў Польшчы, сустрэліся з паслом, падрыхтавалі для калег канцэртную праграму і прынялі ўдзел у Х фестывалі культур.

- Сёлета ў рамках рэалізацыі міжнароднага праекта па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі “Памяць аб’ядноўвае нас” пачалося супрацоўніцтва з эканамічным ліцэем № 373 Санкт-Пецярбурга, - гаворыць Н.А.Каліноўская. – Праект прысвечаны подзвігу гарадоў-герояў краін былога СССР. Брэсцкія ліцэісты ўжо пабывалі ў паўночнай сталіцы Расіі, дзе азнаёміліся з культурнымі помнікамі, сустрэліся з равеснікамі, прэзентавалі сваю ўстанову адукацыі, расказалі пра работу па захаванні памяці пра Вялікую Айчынную вайну. Вучні падтрымліваюць паміж сабой сяброўскія сувязі.

Па словах Н.А.Каліноўскай, даволі перспектыўным бачыцца і прафарыентацыйнае супрацоўніцтва з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Сёлета паміж ёй, ліцэем і абласным упраўленнем адукацыі было падпісана палажэнне аб стварэнні на базе ліцэя школьнай акадэміі кіравання.

- Школьная акадэмія кіравання з’яўляецца аб’яднаннем па інтарэсах, створаным для арганізацыі вучэбнага працэсу ў рамках рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на базавым узроўні па сацыяльна-эканамічным, лінгвістычным, прыродазнаўча-матэматычным і грамадска-гуманітарным профілях, - расказвае Н.А.Каліноўская. – Галоўныя задачы школьнай акадэміі – выяўленне адоранай і таленавітай моладзі, стварэнне ўмоў для рэалізацыі яе інтэлектуальных і творчых здольнасцей, развіццё ў вучняў камунікатыўных і лідарскіх навыкаў і ўменняў, фарміраванне сацыяльна-асобасных кампетэнцый і актыўнай грамадзянскай пазіцыі, правядзенне прафарыентацыйнай работы з мэтай адбору абітурыентаў для паступлення ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і інш. Асноўнай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу ў школьнай акадэміі з’яўляюцца факультатыўныя заняткі і прафарыентацыйныя сустрэчы ў групах з пастаянным і зменным складам. Акрамя таго, адукацыйны працэс можа ажыццяўляцца ў дыстанцыйнай форме з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. У мінулым навучальным годзе ліцэісты прынялі ўдзел у праекце “Стань студэнтам Акадэміі на адзін дзень”, паспяхова выступілі на XXI Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі маладых вучоных і студэнтаў “Тэарэтыка-метадалагічныя і прыкладныя аспекты дзяржаўнага кіравання”. Упэўнена, супрацоўніцтва ліцэя з Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь будзе карысным для абедзвюх устаноў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.