У цэнтры ўвагі – фарміраванне чытацкай дасведчанасці малодшых школьнікаў
20.07.2017У наступным годзе наша краіна прыме ўдзел у міжнародным маніторынгу, які ацэніць узровень чытацкай дасведчанасці вучняў па трох групах чытацкіх уменняў: пошук і выяўленне інфармацыі, зададзенай у яўным і схаваным выглядзе; інтэрпрэтацыя і абагульненне інфармацыі; асэнсаванне і ацэнка зместу, мовы і структуры тэксту. Зыходзячы з гэтага, настаўнікі пачатковых класаў Жабінкаўшчыны ў мінулым навучальным годзе працавалі над рэалізацыяй адзінай метадычнай тэмы “Фарміраванне чытацкай дасведчанасці сродкамі вучэбных прадметаў у вучняў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Так, у цэнтры ўвагі членаў раённага вучэбна-метадычнага аб’яднання кіраўнікоў школьных вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў знаходзіліся пытанні, звязаныя з выкарыстаннем эфектыўных метадаў і прыёмаў па фарміраванні чытацкай дасведчанасці сродкамі вучэбных прадметаў. Удзельнікі раённай творчай групы настаўнікаў пачатковых класаў распрацоўвалі дыягнастычныя і дыдактычныя матэрыялы па фарміраванні чытацкіх уменняў у малодшых вучняў. Члены раённай праблемнай групы займаліся пытаннямі, звязанымі з выкарыстаннем актыўнай ацэнкі ў фарміраванні чытацкай дасведчанасці малодшых школьнікаў. Акрамя таго, раённы вучэбна-метадычны кабінет арганізаваў дыстанцыйнае навучанне настаўнікаў пачатковых класаў па распрацоўцы электронных адукацыйных рэсурсаў дыягностыкі фарміравання чытацкіх уменняў малодшых вучняў. Вынікам іх дзейнасці сталі метадычныя рэкамендацыі па розных тэмах: “Сучасныя патрабаванні да ўрока літаратурнага чытання ў пачатковых класах”, “Псіхалагічныя асновы фарміравання навыку чытання”, “Псіхалагічныя асаблівасці навучання малодшых школьнікаў мастацкаму ўспрыманню тэксту” і “Псіхолага-педагагічныя асновы фарміравання чытацкай дасведчанасці ў малодшых школьнікаў”.
Завяршылася работа настаўнікаў пачатковых класаў над адзінай метадычнай тэмай навукова-практычнай канферэнцыяй, дзе яны прэзентавалі эфектыўныя метады і прыёмы для вырашэння абазначанай праблемы. Дыпломы І ступені атрымалі І.І.Паляшчук з сярэдняй школы № 3 Жабінкі (“Фарміраванне навыку выразнага чытання на ўроках літаратурнага чытання – аснова паспяховасці малодшых школьнікаў”) і В.А.Бычак з Ракітніцкай сярэдняй школы (“Удасканаленне навыку чытання ў вучняў пачатковых класаў на ўроках літаратурнага чытання праз выкарыстанне эфектыўных прыёмаў і спецыяльных практыкаванняў”). Акрамя таго, з мэтай фарміравання чытацкай дасведчанасці малодшых школьнікаў быў праведзены раённы конкурс чытальнікаў сярод вучняў 3 – 4 класаў “Літаратурная мазаіка”.
Кацярына СІДА,
метадыст Жабінкаўскага
раённага вучэбна-метадычнага кабінета.