У рэжыме развіцця
17.07.2017У мінулым навучальным годзе педкалектыў гімназіі пачаў ажыццяўляць інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму. Праект, аўтарамі якога з’яўляюцца метадыст АПА Г.І.Дабрынеўская і Л.А.Заянчкоўская, быў распрацаваны з мэтай фарміравання ў дзяцей навыкаў усвядомленага адукацыйнага і прафесійнага выбару, зыходзячы з іх індывідуальных магчымасцей і патрэб, праз выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій, мэтанакіраванае ўзаемадзеянне з сям’ёй і соцыумам.
- Аналіз адукацыйнага працэсу і яго вынікаў у гімназіі выявіў праблему нізкай прафарыентацыйнай кампетэнтнасці вучняў і несістэмнай работы педагогаў па яе фарміраванні і развіцці, - гаворыць Л.А.Заянчкоўская. – З улікам гэтага быў распрацаваны праект, які прадугледжвае вырашэнне выяўленай праблемы праз арганізацыю мэтавага ўзаемадзеяння і сістэмнай работы па прафарыентацыі вучняў. У рамках праекта педагогі знаёмяць іх са светам прафесій, далучаюць малодшых школьнікаў да працоўнай дзейнасці, праводзяць мэтанакіраваную прапедэўтычную падрыхтоўку вучняў 5 – 9 класаў да ўсвядомленага выбару ўзроўню вывучэння пэўнага прадмета ў старшых класах і праектавання ўласнага жыццёвага шляху праз вучэбныя, факультатыўныя, гуртковыя і індывідуальныя заняткі, а таксама розныя віды пазаўрочнай работы пазнавальна-прафесійнай накіраванасці. На аснове дыягностыкі каштоўнасных арыентацый і патрэб вучняў праводзяцца тэарэтычныя заняткі па прафесійных блоках, якія адпавядаюць пэўным сферам чалавечай дзейнасці (чалавек – чалавек, чалавек – тэхніка, чалавек – вобраз, чалавек – знак, чалавек – прырода), і практычныя заняткі, якія знаёмяць з сутнасцю і асаблівасцямі прафесій пэўнага блока (прафесійныя пробы). Важна, што такая работа арганізоўваецца не толькі ў гімназіі, але і ва ўстановах і арганізацыях горада, што значна ўзмацняе рэгіянальны кампанент прафарыентацыйнай дзейнасці і прафесійнага выбару вучняў.
Па словах Л.А.Заянчкоўскай, асноўная ідэя праекта заключаецца ў тым, што для паспяховай рэалізацыі профільнага навучання ў старшых класах дзеці павінны ўмець выбіраць і аргументававаць свой выбар. Гэта патрабуе мэтанакіраванай работы па развіцці навыкаў адукацыйнага, асобаснага і прафесійнага самавызначэння вучняў. Падлеткі павінны паспрабаваць пэўную колькасць розных сацыяльных і прафесійных ролей, прычым без нейкіх абавязацельстваў па іх прыняцці.
- Педагогі распрацавалі і правялі прафесійныя пробы, што дазволіла вучням скласці ўяўленне пра характар прафесійнай працы людзей на аснове ўласнага вопыту, - адзначае Л.А.Заянчкоўская. – Супрацоўніцтва з установамі прафесійнай і дадатковай адукацыі, прадпрыемствамі і арганізацыямі дапамагае вырашаць гэтую задачу больш якасна. Так, з мэтай арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння з імі заключаны дамовы аб сумеснай прафарыентацыйнай дзейнасці, распрацаваны планы сумесных мерапрыемстваў. Акрамя таго, вялікую работу па прафесійнай асвеце вучняў 1 – 11 класаў праводзяць класныя кіраўнікі праз сістэму пазаўрочных мерапрыемстваў: урокі самавызначэння, прафарыентацыйныя гульні, інфармацыйныя гадзіны і экскурсіі. У гімназіі створаны ўмовы для арыентацыі дзяцей на рабочыя прафесіі праз дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах “Умелец”, “Узор” і “Дызайн”. Педагог-псіхолаг ажыццяўляе дыягнастычныя даследаванні і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне вучняў праз трэнінгі, гутаркі, індывідуальныя кансультацыі для дзяцей і іх бацькоў. У рамках урочнай дзейнасці члены інавацыйнай групы стварылі банк вучэбных і творчых заданняў прафараентацыйнай накіраванасці па англійскай, рускай і беларускай мовах, фізіцы, хіміі і працоўным навучанні.
Прамежкавыя вынікі інавацыйнай дзейнасці паказваюць, што за час рэалізацыі праекта змяніўся тып педагагічнага мыслення настаўнікаў-інаватараў: ад рэпрадуктыўнага – да прадуктыўнага, ад выканальніцкага – да творчага, ад трансляцыі ведаў – да самастойнага канструявання адукацыйнага дыялогу. Адукацыйны працэс паступова становіцца больш глыбокім па змесце, асобасна арыентаваным па мэтах і інавацыйным па арганізацыйных формах і тэхналогіях. У выніку павышаецца ўзровень навучанасці дзяцей і інавацыйнай кампетэнтнасці педагогаў.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.