Рыхтуюць будучых педагогаў

13.07.2017
- У айчыннай сістэме адукацыі педагагічныя класы з’явіліся ў 80-я гады мінулага стагоддзя з-за дэфіцыту педагагічных кадраў і невысокага конкурсу на шэраг педагагічных спецыяльнасцей, - гаворыць дырэктар гімназіі Белаазёрска Бярозаўскага раёна Святлана Уладзіміраўна Саўко. – Сёння праблема прэстыжу педагагічнай прафесіі ў грамадстве не менш актуальная. На працягу апошніх 5 гадоў нашы выпускнікі рэдка выбіралі для працягу адукацыі УВА педагагічнага профілю. Так, студэнтамі БрДУ імя А.С.Пушкіна і БарДУ станавіліся, як правіла, усяго адзін-два колішнія гімназісты. Але так было не заўсёды. Педагагічны калектыў установы на 30% складаецца з нашых выпускнікоў. Больш за тое, у гімназіі працуюць прадстаўнікі трох педагагічных дынастый. Калі мы самі не падрыхтуем сабе дастойную змену, ніхто не зробіць гэтага за нас. Таму адным з важных напрамкаў нашай дзейнасці стала мэтанакіраваная работа са старшакласнікамі па падрыхтоўцы іх да ўсвядомленага выбару педагагічных спецыяльнасцей праз стварэнне профільных класаў.

У мінулым навучальным годзе профільнае навучанне ў 10 – 11 класах было арганізавана па некалькіх мадэлях: матэматыка, фізіка; руская мова, англійская мова; матэматыка, руская мова, англійская мова; матэматыка, фізіка, хімія. Акрамя таго, на базе 10-х класаў дзейнічала профільная педагагічная група ў складзе 10 вучняў, якія наведвалі факультатыўныя заняткі па ўводзінах у педагагічную прафесію. У рамках гэтых заняткаў былі створаны спрыяльныя ўмовы для зносін і самавыяўлення дзяцей, а таксама для далучэння іх да будучай педагагічнай дзейнасці.

- Падчас заняткаў гімназісты вывучалі тэорыю і практыку педагагічнага майстэрства, рашалі педагагічныя задачы, наведвалі ўрокі ў пачатковай школе і вучыліся іх аналізаваць, рыхтавалі і праводзілі пазакласныя мерапрыемствы, практыкаваліся выступаць перад аўдыторыяй, - расказвае С.У.Саўко. – Дзесяцікласнікі прадумвалі найбольш эфектыўныя формы дзейнасці, якія садзейнічалі б усталяванню даверлівых адносін з малодшымі вучнямі і дазвалялі пакінуць у іх добрыя ўражанні пра сябе. На працягу навучальнага года быў праведзены шэраг педагагічных проб: падрыхтаваны прэзентацыі “Мой ідэал педагога”, арганізаваны сустрэчы з ветэранамі педагагічнай працы, вопытнымі педагогамі і маладымі спецыялістамі (дыялог пакаленняў – адна з найбольш любімых форм заняткаў для вучняў), праведзены мінідаследаванне “Як узняць прэстыж педагагічнай прафесіі?”, пазакласныя мерапрыемствы “У свеце прафесій” і агульнагімназічная гульня “Дзень самакіравання”. Акрамя таго, дзесяцікласнікі спрабавалі сілы ў правядзенні ўрокаў у 3-х класах, вучыліся складаць планы-канспекты заняткаў. Ідзе падрыхтоўка да канферэнцыі “Педагог ХХІ стагоддзя”. Работа факультатыву прадстаўлена асобнай старонкай на гімназічным сайце.

Па словах С.У.Саўко, асаблівасцю факультатыўных заняткаў з’яўляецца іх арыентаванасць на развіццё асобы старшакласнікаў у адказны перыяд іх сацыяльнага сталення, фарміраванне ў вучняў сацыяльнай кампетэнтнасці, маральнай культуры і пазнавальных інтарэсаў, развіццё творчых здольнасцей. Для гэтага вельмі важна выбраць “правільнага” спецыяліста, які зможа выклікаць у дзяцей цікавасць да педагагічнай прафесіі і замацаваць іх рашэнне стаць педагогам.

- Гэта павінен быць творчы і неабыякавы настаўнік, здольны паказаць вучням новыя грані педагагічнай прафесіі, бо з настаўніцкай дзейнасцю дзеці знаёмы даволі добра: яе прадстаўнікоў і ўмовы работы яны бачаць штодзень, любы фальш адразу кідаецца ў вочы, - адзначае С.У.Саўко. – Факультатыўныя заняткі па ўводзінах у педагагічную прафесію праводзіць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Сцяпанаўна Кавалевіч, якая ў 2014 годзе прадстаўляла гімназію ў раённым конкурсе “Настаўнік года”. Гэта вельмі яркі і незвычайны педагог. Алена Сцяпанаўна пастаянна ўдасканальваецца, валодае сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі, вялікую ўвагу ўдзяляе тэхналогіі “Актыўная ацэнка”, карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод калег.

У наступным навучальным годзе работа па падрыхтоўцы вучняў да ўсвядомленага выбару педагагічных спецыяльнасцей будзе працягнута. Для матывацыі дзевяцікласнікаў да выбару педагагічнага профілю выкарыстоўваюцца розныя аргументы: педклас – гэта магчымасць вывучаць асобныя прадметы на павышаным узроўні; педклас – гэта дапрафесійная падрыхтоўка ў напрамку педагагічнай адукацыі; педклас – гэта магчымасць паступлення без уступных іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці УВА па рэкамендацыі педагагічнага савета гімназіі пры наяўнасці адзнак не менш за 8 балаў па профільных і не менш 7 балаў па ўсіх астатніх прадметах; педклас – гэта магчымасць усвядомлена падысці да выбару будучай прафесіі, бліжэй азнаёміцца з асаблівасцямі педагагічнай работы, паспрабаваць сябе ў ролі памочніка класнага кіраўніка, важатага летняга школьнага лагера ці арганізатара школьных спраў.

- Хочацца верыць, што выпускнікі педагагічнай групы, дзякуючы праведзенай рабоце, выберуць прафесію не па неабходнасці, а з улікам душэўных схільнасцей, - падагульняе С.У.Саўко.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.