У цэнтры ўвагі – водная рэабілітацыя асаблівых дзяцей

06.07.2017
На базе басейна “Малютка” спартыўнага комплексу Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшоў навукова-практычны семінар, прысвечаны праграме рэабілітацыі ў вадзе дашкольнікаў з цяжкімі і (ці) множнымі фізічнымі і (ці) псіхічнымі парушэннямі развіцця. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ЦКРНіР Пінскага раёна і кафедра аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры ПалесДУ.

Адкрыў семінар загадчык кафедры аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры ПалесДУ кандыдат педагагічных навук І.М.Грыгаровіч, які падкрэсліў важнасць водных заняткаў для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату: “Плаванне прыносіць неацэнную карысць і дзецям, і дарослым. Станоўчы ўплыў водных працэдур на чалавечы арганізм даўно вывучаны. Распрацаваны цэлыя комплексы фізічных практыкаванняў у вадзе. Плаванне не толькі дапамагае ў лячэнні хвароб, звязаных з парушэннем апорна-рухальнага апарату, але і пазітыўна ўплывае на псіхічны і эмацыянальны стан дзяцей, захапляе і дорыць задавальненне”.

- Праграма заняткаў у вадзе для дзяцей, якія наведваюць спецыяльныя дашкольныя групы ЦКРНіР, прадугледжвае ўводны брыфінг, асваенне з водным асяроддзем, карэкцыйна-развіццёвыя практыкаванні ў вадзе з выкарыстаннем розных снарадаў і водныя гульні, - расказала дырэктар ЦКРНіР Пінскага раёна І.У.Амяляшчык. – Воднае асяроддзе добра падыходзіць для правядзення розных трэніровак з асаблівымі дзецьмі, бо дазваляе зменшыць напружанне ў суставах і мышцах, знізіць нагрузку на пазваночнік. Кожны рух даецца дзіцяці лягчэй, становіцца больш рытмічным.

- Плаванне – гэта не толькі выдатны сродак для паляпшэння рухальных функцый дзіцячага арганізма, - адзначыла асістэнт кафедры аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры ПалесДУ В.У.Васілец. – Водныя працэдуры павышаюць апетыт, стымулююць абмен рэчываў, павялічваюць кровазабеспячэнне, паляпшаюць імунітэт. Вельмі многія практыкаванні, якія не атрымліваюцца на сушы, атрымліваюцца ў водным асяроддзі. Знаходжанне ў басейне прымушае больш актыўна дыхаць, што паляпшае лёгачную вентыляцыю, трэніруе сардэчна-сасудзістую сістэму, пяшчотна масіруе скуру, узмацняючы кровазварот. Мышцы, якія адчуваюць напружанне на паветры, у вадзе расслабляюцца, дазваляючы выконваць розныя рухі.

- Плаванне гарманічна ўплывае на фізіялагічны і псіхаэмацыянальны стан дзяцей, - заўважыла выкладчыца кафедры аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры ПалесДУ К.Я.Лебедзь-Веліканава. – У вадзе дзеці больш актыўна ўключаюцца ў адвольную дзейнасць. Практыка паказвае, што падчас знаходжання ў басейне яны не праяўляюць раздражнёнасці і негатывізму, з якімі спецыялісты часта сустракаюцца на традыцыйных занятках. Воднае асяроддзе дапамагае ўстараніць болевыя адчуванні пры ажыццяўленні пасіўных і актыўных фізічных практыкаванняў. Падчас плавання значна змяншаецца інтэнсіўнасць гіперкінетычных расстройстваў. У вадзе маюць большую эфектыўнасць практыкаванні, накіраваныя на падаўленне паталагічнай танічнай актыўнасці і папярэджанне фарміравання паталагічных поз і рухальных стэрэатыпаў.

Практычная частка семінара складалася з цікавых і змястоўных мерапрыемстваў для асаблівых дзяцей, праведзеных выкладчыкамі і студэнтамі ПалесДУ.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.