Педагагічны фэст

09.06.2017
Адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці Брэсцкай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца работа з маладымі педагогамі. На рахунку арганізацыі, якую ўзначальвае І.А.Жак, шмат цікавых, пазнавальных і практыка-арыентаваных мерапрыемстваў, накіраваных на замацаванне моладзі ў сістэме адукацыі, дапамогу ў прафесійным станаўленні, працоўна-прававую падтрымку і развіццё творчых здольнасцей.

Нядаўна пры падтрымцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама прайшоў ІІ Брэсцкі маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. 45 маладых выхавальнікаў і настаўнікаў, чый працоўны стаж не перавышае 5 гадоў, сабраліся ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Колас” Кобрынскага раёна, каб у нефармальнай абстаноўцы наладзіць сяброўскія і прафесійныя зносіны, абмяняцца цікавымі напрацоўкамі і атрымаць парады вопытных калег.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў адзначыў, што асноўная задача форуму заключаецца ў тым, каб дапамагчы маладым педагогам пераканацца ў правільным прафесійным выбары і стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для іх прафесійнага станаўлення і замацавання ва ўстановах адукацыі. Але застацца ў прафесіі мала, неабходна стаць яшчэ кампетэнтным спецыялістам. Дапамагчы ў гэтым моладзі – галоўны абавязак вопытных педагогаў, органаў кіравання адукацыяй і прафсаюзнай арганізацыі. А.М.Наскоў выказаў упэўненасць, што з цягам часу форум стане іміджавым мерапрыемствам не толькі ў Брэсце, але і ў вобласці.

На пленарным пасяджэнні быў заслуханы шэраг дакладаў. Так, загадчыца кафедры педагогікі БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук Т.А.Кавальчук засяродзіла ўвагу на стварэнні суб’ектна-развіццёвага адукацыйнага асяроддзя як фактару павышэння якасці педагагічнага працэсу. Таццяна Аляксандраўна заклікала маладых настаўнікаў да пастаяннага развіцця прафесійнай кампетэнтнасці, без якой немагчыма даваць дзецям якасныя веды і рыхтаваць выпускнікоў да жыцця.

Дэкан факультэта замежных моў БрДУ імя А.С.Пушкіна кандыдат педагагічных навук С.М.Севярын гаварыў пра аксіялагічныя і тэхналагічныя аспекты педагагічнага эксперымента, які з’яўляецца важным інструментам павышэння якасці адукацыі. Сяргей Мікалаевіч лічыць, што бесперапынная адукацыя – адзін з асноўных фактараў устойлівага развіцця грамадства, а дасягнуць высокіх поспехаў у настаўніцкай дзейнасці можно толькі пры авалоданні неабходнымі педагагічнымі тэхналогіямі і методыкамі.

Цікавым вопытам развіцця асобасных кампетэнцый маладых педагогаў праз сістэму маральнага і матэрыяльнага стымулявання падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 22 Т.М.Саладуха. Таццяна Мікалаеўна ўпэўнена, што задача кіраўніка заключаецца ў сістэмным маральным і матэрыяльным заахвочванні маладых педагогаў, якое садзейнічае дасягненню высокіх вынікаў у рабоце і замацаванню ў прафесіі.

Настаўніца англійскай мовы А.У.Прылепа з сярэдняй школы № 22 расказала пра асаблівасці выкарыстання інтэрактыўных камп’ютарных тэхналогій у кантэксце сучаснай іншамоўнай адукацыі.

У рамках форуму прайшоў конкурс “Мая формула поспеху”, які складаўся з двух этапаў: напісання эсэ “Я – педагог” і васьміхвіліннай прэзентацыі ўласнага педагагічнага вопыту і сістэмы работы. У кожным выступленні адчувалася, што маладыя педагогі любяць выбраную прафесію, прыйшлі ў яе ўсвядомлена і пакідаць не збіраюцца.

Пераможцамі конкурсу сталі настаўніца беларускай мовы і літаратуры В.В.Дайнека з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована, настаўніца англійскай і нямецкай мовы Ю.У.Ласковіч з гімназіі № 5, настаўніца пачатковых класаў Х.У.Рамановіч з сярэдняй школы № 19, настаўніца фізічнай культуры і здароўя Д.С.Несцярук з сярэдняй школы № 10, настаўніца англійскай мовы Ю.В.Сегень з сярэдняй школы № 18, настаўніца геаграфіі К.В.Трафімчук з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, выхавальніца Г.С.Барысюк з ясляў-сада № 14, кіраўнік фізічнага выхавання Н.С.Сідаровіч з ясляў-сада № 81 і настаўніца інфарматыкі К.Ю.Швейкус з сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата. Іншыя педагогі былі адзначаны ў пэўных намінацыях.

Шмат цікавага і карыснага маладыя педагогі даведаліся падчас работы 7 адукацыйных пляцовак, на якіх вопытныя калегі дзяліліся сакрэтамі прафесійнага майстэрства па розных напрамках вучэбна-выхаваўчага працэсу: “Роўны навучае роўнага”, “Сучасны ўрок”, “Работа з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі”, “Прававая кампетэнцыя маладых педагогаў: тэорыя і практыка”, “Індывідуальнае суправаджэнне інтэлектуальна адораных вучняў”, “Эмацыянальная паспяховасць: фактары творчай маладосці” і “Вясёлыя канікулы”.

Чаканні маладых педагогаў ад мерапрыемства цалкам апраўдаліся. Удзельнікі форуму даведаліся шмат новага і цікавага, пазнаёміліся з калегамі, падзяліліся напрацоўкамі, поспехамі і цяжкасцямі ў працоўнай дзейнасці і прафесійным станаўленні. Можна не сумнявацца, што маладыя педагогі сустрэнуцца ў такім фармаце яшчэ не раз.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.