З улікам рэгіянальных асаблівасцей
26.05.2017У пачатку семінара старшыня Бярозаўскага райвыканкама Л.А.Мартынюк азнаёміў яго ўдзельнікаў са станам і перспектывамі развіцця раёна, сумеснай дзейнасцю мясцовых органаў улады і аддзела адукацыі, спорту і турызму па павышэнні эканамічнай эфектыўнасці адукацыі. Начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі адзначыў, што работу аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў вызначаюць не толькі нарматыўныя дакументы, але і рэгіянальныя асаблівасці. У гэтым плане ўстановам адукацыі Бярозаўшчыны ёсць што паказаць. У педагогаў раёна шмат цікавых ідэй і напрацовак.
- На Бярозаўшчыне дзяржаўная палітыка ў галіне адукацыі ажыццяўляецца з улікам рэгіянальных асаблівасцей, - расказала начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Т.П.Бранько. – Сёння ў раёне дзейнічаюць 59 устаноў адукацыі, кожная з якіх цалкам забяспечана неабходнымі кадрамі. Дашкольныя ўстановы наведваюць амаль 2,9 тысячы дзяцей, школы – каля 7,3 тысячы. Колькасць першакласнікаў паступова павялічваецца.
На Бярозаўшчыне няма школ з напаўняльнасцю менш за 50 вучняў. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складае амаль 18 чалавек. У цэнтралізаваным падвозе дзяцей да месцаў вучобы задзейнічаны 16 аўтобусаў.
Па словах Т.П.Бранько, вялікая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню даступнасці адукацыі, у тым ліку асобам з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У гарадскіх дашкольных установах дзеці забяспечаны месцамі амаль цалкам, а ў сельскіх – на 92%. Адкрываюцца новыя формы дашкольнай адукацыі. Сёння ў дзіцячых садках адкрыты 18 груп кароткачасовага знаходжання. Самымі шматлікімі з’яўляюцца адаптацыйныя групы і сезонныя пляцоўкі. Запатрабаваны гульнявыя пляцоўкі, мацярынскія школы, вячэрнія і ранішнія групы.
На жаль, з году ў год павялічваецца колькасць асаблівых дзяцей (амаль 7% ад агульнай колькасці дзяцей у раёне). ЦКРНіР, спецыяльныя групы і класы інтэграванага навучання і выхавання задавальняюць іх патрэбы ў адукацыі, садзейнічаюць сацыяльнай адаптацыі і паспяховай інтэграцыі ў грамадства.
У бягучым навучальным годзе на базе 10 устаноў адукацыі дзейнічаюць 26 профільных 10 – 11 класаў. У сярэдняй школе вёскі Здзітава і гімназіі Белаазёрска сфарміраваны 2 педагагічныя класы.
- Важным напрамкам работы аддзела адукацыі, спорту і турызму з’яўляецца забеспячэнне пераемнасці і бесперапыннасці адукацыі, - адзначыла Т.П.Бранько. – З гэтай мэтай ажыццяўляецца пастаянны маніторынг адукацыйнага працэсу. Якасць адукацыі павышаецца шляхам актыўнага далучэння дашкольнікаў і вучняў да праектнай і навукова-даследчай дзейнасці, алімпіяднага руху, удзелу ў розных конкурсах, спаборніцтвах і злётах. Так, сёння ў дзіцячых садках рэалізоўваюцца 11 праектаў, 14 вучняў сталі прызёрамі ў сёлетняй абласной прадметнай алімпіядзе. Па выніках мінулагодняга цэнтралізаванага тэсціравання сярэдні бал выпускнікоў склаў каля 39.
Па словах Т.П.Бранько, шмат увагі ўдзяляецца фарміраванню ў вучняў духоўна-маральных каштоўнасцей, навыкаў здаровага ладу жыцця, грамадзянска-патрыятычных пачуццяў, адказнасці і працавітасці. У аснову выхаваўчай работы пакладзена раённая комплексная праграма бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2017 – 2020 гады. Так, у сярэдняй школе № 1 Бярозы на базе 6 – 9 класаў дзейнічаюць 4 кадэцкія класы, у сярэдніх школах №№ 2 і 3 Бярозы, №№ 1 і 3 Белаазёрска і Бярозаўскай базавай школе – 7 класаў прававога напрамку.
Ва ўстановах адукацыі рэалізоўваецца праграма супрацоўніцтва раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму і прыходаў Бярозаўскай акругі Брэсцкай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы на 2016 – 2020 гады. У рамках праграмы арганізавана работа факультатываў і гурткоў па духоўна-маральным выхаванні вучняў на праваслаўных традыцыях беларускага народа. У сярэдняй школе № 3 Бярозы і сярэдняй школе № 3 Белаазёрска адкрыты кабінеты духоўна-маральнага выхавання. Адным з напрамкаў выхаваўчай дзейнасці з’яўляецца праваслаўнае краязнаўства, якое прадугледжвае азнаямленчыя і паломніцкія паездкі і экскурсіі па культурна-гістарычных мясцінах Беларусі.
- Адзін з прыярытэтных напрамкаў работы – захаванне і ўмацаванне здароўя дзяцей, - адзначыла Т.П.Бранько. – Ва ўстановах адукацыі забяспечаны ўмовы для стварэння здароўезберагальнага асяроддзя. Так, вучэбныя кабінеты аснашчаны афтальматрэнажорамі, да пачатку заняткаў праводзяцца штодзённыя ранішнія зарадкі для малодшых школьнікаў, на ўроках арганізоўваюцца фізкультхвілінкі, ладзяцца рухомыя перапынкі. Актыўна рэалізоўваюцца абласныя прафілактычныя праекты “Мой выбар – жыць з пазітывам!” і “Правільная пастава – умова здароўя!”. У рамках акцый праходзяць інфармацыйна-адукацыйныя мерапрыемствы і навучальныя семінары для педагогаў, аказваецца кансультацыйная дапамога вучням і іх бацькам, наладжана цеснае ўзаемадзеянне са спецыялістамі ўстаноў аховы здароўя. Акрамя таго, у школах дзейнічаюць 9 валанцёрскіх атрадаў па прапагандзе здаровага ладу жыцця, у тым ліку па падрыхтоўцы валанцёраў-інструктараў роўнага навучання. Па выніках абласной спартакіяды школьнікаў Брэстчыны сярод сельскіх раёнаў Бярозаўшчына заняла 1 месца. Арганізацыя работы па алімпійскай адукацыі таксама з’яўляецца адной з лепшых у вобласці.
Намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму А.В.Мінко і загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета А.Б.Кныш прэзентавалі сістэму работы з кіраўніцкімі і педагагічнымі кадрамі па павышэнні іх прафесійнага ўзроўню.
Удзельнікі семінара наведалі 7 устаноў адукацыі, дзе азнаёміліся з эфектыўным вопытам іх работы па розных аспектах дзейнасці. Так, у сярэдняй школе вёскі Здзітава створана дзейсная сістэма маніторынгу якасці адукацыі, а ў раённым ЦКРНіР – сістэма ранняга выяўлення дзяцей з асобымі адукацыйнымі патрэбамі і аказання ім комплекснай дапамогі. Вялікую цікавасць выклікаў вопыт работы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму па ўзаемадзеянні з праваслаўнай царквой, грамадскімі арганізацыямі і мясцовымі органамі ўлады па духоўна-маральным выхаванні моладзі, захаванні народных традыцый і самабытнасці Бярозаўшчыны, а таксама па фарміраванні асноў фінансавай дасведчанасці не толькі ў вучняў, але і ў дарослых.
Надзвычай пазнавальнымі атрымаліся ўрокі для дарослых “Бярозаўшчына: гістарычная, геаграфічная, літаратурная”, праведзеныя настаўнікамі-метадыстамі М.В.Жуковічам і Г.М.Руціч з сярэдняй школы № 1 імя В.Х.Галаўко Бярозы, а таксама І.У.Пабожнай са Стрыгінскай сярэдняй школы. Гэтыя педагогі адыгрываюць важную ролю ў рабоце па ўдасканаленні метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу і павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці сваіх калег.
Не абышлі ўвагай удзельнікі семінара адукацыйны і трэніровачны патэнцыял фізкультурна-спартыўных аб’ектаў раёна. Добрыя ўражанні пакінула наведванне Здзітаўскай сярэдняй школы, гімназіі, ясляў-сада № 4 і Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Белаазёрска, дзе былі прэзентаваны напрацоўкі па інавацыйнай дзейнасці педагогаў, павышэнні пазітыўнага іміджу школы ў соцыуме, дзейнасці профільных педагагічных класаў, навукова-даследчай рабоце вучняў, праектнай дзейнасці дашкольнай установы, музейнай педагогіцы, развіцці прафесійных навыкаў дзяцей і супрацоўніцтве з арганізацыямі і прадпрыемствамі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.