Вопыт – для ўсіх, узнагароды – лепшым

27.02.2019
Важнейшым сродкам павышэння педагагічнага майстэрства настаўнікаў з’яўляецца добра наладжаная метадычная работа. Галоўнае месца ў яе структуры займаюць вучэбна-метадычныя аб’яднанні, дзейнасць якіх накіравана на павышэнне прафесійнай матывацыі і метадычнай культуры педагогаў, развіццё іх творчага патэнцыялу.

У рамках раённага конкурсу на лепшае школьнае вучэбна-метадычнае аб’яднанне ў гімназіі Ганцавіч адбылося адкрытае пасяджэнне ВМА настаўнікаў прыродазнаўча-гістарычнага цыкла, прысвечанае развіццю інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу вучняў на ўроках і ў пазакласнай дзейнасці. Мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Зацікавіць. Падтрымаць. Дапамагчы”.

Творчая дзейнасць школьнікаў не можа выйсці за межы ведаў, якімі яны валодаюць. Гэта азначае, што эфектыўнасць фарміравання і развіцця творчых рыс асобы залежыць у значнай ступені ад кожнага педагога. У час інфармацыйнага грамадства асноўная задача школы заключаецца ў фарміраванні актыўнай, творчай і кампетэнтнай асобы, здольнай паспяхова арыентавацца ў сённяшніх рэаліях. У гімназіі створаны неабходныя ўмовы для развіцця гэтых здольнасцей у вучняў.

Пра эфектыўнасць работы педагогаў сведчаць стабільныя поспехі гімназістаў у рэспубліканскай алімпіядзе па прадметах прыродазнаўча-гістарычнага цыкла, конкурсах і навукова-практычных канферэнцыях. Кіраўнік вучэбна-метадычнага аб’яднання Т.С.Цюкіна расказала пра арганізацыю алімпіяднай работы і вынікі алімпіяднага руху.

Падчас метадычнага калейдаскопу ўдзельнікі пасяджэння азнаёмілі гасцей з цікавымі прыёмамі і метадамі практычнай дзейнасці, накіраванымі на развіццё інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў. Так, настаўніца хіміі І.М.Рылка засяродзіла ўвагу на гульні “Блеф-клуб”, настаўніца біялогіі М.В.Новік – на складанні логіка-сэнсавых мадэлей, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства І.В.Груша – на выкарыстанні метадычных прыёмаў “Асацыятыўны рад”, “Лаві памылку” і “Кошык ідэй, паняццяў, імён”, настаўніца гісторыі Т.М.Жалезная – на ролевых гульнях ва ўрочнай дзейнасці, настаўніца біялогіі і хіміі Н.В.Шэмет – на гульнях па развіцці логікі, мыслення і памяці, настаўніца геаграфіі Т.С.Цюкіна – на метадычным прыёме “Візітоўка краіны ці мацерыка”. Усе выступленні былі змястоўнымі, інфармацыйна насычанымі і практыка-арыентаванымі.

Удзельнікі пасяджэння пагадзіліся, што няма адзіна правільных педагагічных рашэнняў, прыёмаў, метадаў і тэхналогій. Толькі ў сукупнасці яны даюць станоўчы вынік. Кожны новы прыём і кожную новую тэхналогію неабходна адпрацоўваць да аўтаматызму, пазбягаючы бяздумнага выкарыстання. Задача настаўніка – спрабаваць, вучыцца, удасканальвацца.

Па выніках раённага конкурсу на лепшае школьнае вучэбна-метадычнае аб’яднанне ВМА настаўнікаў прыродазнаўча-гістарычнага цыкла гімназіі Ганцавіч атрымала дыплом І ступені.

Тамара ЦЮКІНА,

настаўніца геаграфіі;

Святлана ПІВАВАРЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі Ганцавіч.