Абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння школьных і публічных бібліятэк

17.05.2017
На базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі прайшоў двухдзённы рэспубліканскі семінар “Супрацоўніцтва школьнай і публічнай бібліятэк: традыцыі, вопыт, перспектывы”. У мерапрыемстве ўдзельнічалі спецыялісты і метадысты, якія курыруюць пытанні вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу і работу бібліятэк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Адкрываючы семінар, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама І.А.Папова адзначыла важную ролю бібліятэкі ў павышэнні якасці вучэбна-выхаваўчага працэсу, фарміраванні чытацкай культуры моладзі і яе духоўна-маральным станаўленні.

Метадыст Брэсцкага абласнога ІРА Л.П.Амельянчук расказала пра дзейнасць інстытута па метадычным суправаджэнні работы “бібліятэчных” спецыялістаў і метадыстаў. Загадчыца бібліятэкі сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована Брэста Г.У.Левановіч засяродзіла ўвагу на фарміраванні грамадзянска-патрыятычных кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі пазаўрочнай дзейнасці, прывёўшы ў якасці прыкладу літаратурна-музычную кампазіцыю “Боль Афгана ў вершах і песнях”. Пра ўзаемадзеянне гарадскіх і школьных бібліятэк у выхаванні падлеткаў гаварылі загадчыца аддзела маркетынгу Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А.С.Пушкіна С.І.Гарадзецкая і дырэктар Брэсцкай цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэкі імя А.С.Пушкіна С.І.Івашкова. Метадыст Мінскага гарадскога ІРА С.І.Ціманюк і загадчыца бібліятэкі гімназіі № 16 Мінска І.В.Венгер азнаёмілі ўдзельнікаў семінара з дзейнасцю гарадскога клуба школьных бібліятэкараў “Буквіца”, які адыгрывае важную ролю ў іх прафесійным станаўленні. Загадчыца бібліятэкі Астрошыцка-Гарадоцкай сярэдняй школы Мінскага раёна Н.У.Амётава і бібліятэкар сярэдняй школы № 1 імя А.С.Пушкіна Узды І.В.Бельская падзяліліся цікавым вопытам па функцыянаванні школьных бібліятэк у вэб-фармаце. Метадыст Гродзенскага абласнога ІРА Л.Л.Бірукова расказала пра дзейнасць сеткавай супольнасці школьных бібліятэкараў Гродзеншчыны. Магчымасці інфармацыйнага асяроддзя ў развіцці бібліятэчнага медыцэнтра школы былі тэмай выступлення метадыста ВМК упраўлення адукацыі, спорту і турызму Бабруйскага гарвыканкама М.М.Хабібулінай. Загадчыца бібліятэкі гімназіі Ганцавіч С.В.Чэкун вяла гаворку пра інавацыйныя ідэі і тэхналогіі ў бібліятэчнай рабоце. Бібліятэкар Рамельскай сярэдняй школы Столінскага раёна В.Л.Сеген прэзентавала вопыт раённай творчай групы школьных бібліятэкараў, кіраўніком якой з’яўляецца. Бібліятэкар гімназіі Лунінца І.П.Раманчук акцэнтавала ўвагу на ролі бібліятэкі ў рэалізацыі праектаў па духоўна-маральным выхаванні вучняў, а бібліятэкар Вялікаматыкальскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна Т.А.Хілінская – на пошукава-даследчай рабоце ў бібліятэцы на прыкладзе музейнай экспазіцыі “Верная спадарожніца кнігі”.

Завяршыўся семінар круглым сталом, прысвечаным практыцы выніковага ўзаемадзеяння школьных і публічных бібліятэк у фарміраванні інфармацыйнай дасведчанасці вучняў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.