Лепшыя ў вывучэнні роднага краю

16.05.2017
Больш за 80 педагогаў і вучняў прынялі ўдзел у абласным краязнаўчым фестывалі, які на працягу трох дзён праходзіў у Брэсце. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі пры падтрымцы Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава, абкама БРСМ і таварыства памяці воінаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны (Мінск).

- Удзельнікамі фестывалю сталі школьнікі, якія дасягнулі высокіх вынікаў у вывучэнні роднага краю. Сярод іх – юныя музеязнаўцы і экскурсаводы. Праграма мерапрыемства складалася з выступленняў лепшых краязнаўчых аб’яднанняў вобласці, майстар-класаў, дэманстрацыі відэафільмаў пра малую радзіму, прэзентацыі школьных музеяў, інтэрактыўнай дыскусіі “Што для мяне значыць Радзіма?” і віктарыны “Апісанне музейнага прадмета”. Кульмінацыйным момантам фестывалю стаў паказ экскурсійных маршрутаў конкурсу “Пазнаем Беларусь разам”, - расказаў загадчык аддзела краязнаўства Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі А.П.Строкач.

У рамках фестывалю адбылася краязнаўчая канферэнцыя, падчас якой прайшлі майстар-класы па вывучэнні мясцовай традыцыйнай культуры (юныя краязнаўцы з гімназіі Белаазёрска і Лелікаўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна), зборы экспанатаў і фарміраванні музейных калекцый (саветы музеяў Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна і Лагішынскай сярэдняй школы Пінскага раёна) і вывучэнні гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і баявога подзвігу землякоў (юныя краязнаўцы з Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна). Акрамя таго, перад дзецьмі выступілі педагогі, якія актыўна займаюцца краязнаўчай і даследчай дзейнасцю. Так, настаўнік геаграфіі А.М.Агеявец з сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована Брэста расказаў пра інавацыйныя формы краязнаўчай работы з вучнямі і работу па стварэнні віртуальных падручнікаў па геаграфіі і краязнаўстве. Не менш цікавым было выступленне і настаўніцы гісторыі кіраўніка музейнай гасцёўні В.С.Пяшко з сярэдняй школы № 33 Брэста, якая гаварыла пра актыўны ўдзел юных краязнаўцаў у грамадзянска-патрыятычных праектах.

Падчас канферэнцыі былі падведзены вынікі мінулагодняй дзейнасці юных краязнаўцаў у грамадзянска-патрыятычных праектах. Так, самымі актыўнымі даследчыкамі-краязнаўцамі сталі вучні Пінска, Пінскага і Кобрынскага раёнаў. Былі агучаны і вынікі абласнога музейна-адукацыйнага праекта “Віртуальны музей установы адукацыі”, у якім прынялі ўдзел 113 школьных музеяў. Праект дазволіў стварыць не толькі іх старонкі на сайтах устаноў адукацыі, але і электронныя каталогі экспанатаў, сферапанарамы і нават асобныя сайты школьных музеяў.

Падчас прэзентацыі экскурсійных маршрутаў юныя экскурсаводы і музеязнаўцы расказвалі пра славутыя мясціны малой радзімы, знаёмілі з цікавымі аб’ектамі і экспанатамі, захаванымі ў рэгіёнах Брэстчыны, і паказвалі распрацаваныя буклеты.

Па выніках конкурсу “Пазнаем Беларусь разам” лепшымі прызнаны юныя экскурсаводы Вікторыя Ярковіч з Карчоўскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Баранавіцкага раёна, Дар’я Ярмакова з гімназіі Белаазёрска, Аліна Саўчанка з Косаўскай сярэдняй школы Івацэвіцкага раёна, Яна Шляжко з Лагішынскай сярэдняй школы Пінскага раёна і Віталь Кацуба з гімназіі Лунінца.

Лепшымі юнымі захавальнікамі памяці сталі Кірыл Сокал з гімназіі № 5 Баранавіч, Кацярына Грузінская з Дамачаўскай сярэдняй школы Брэсцкага раёна, Настасся Вайцешык з гімназіі Ганцавіч, Таццяна Катовіч з Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна і Настасся Забаўко з Пелішчанскай сярэдняй школы Камянецкага раёна.

Па выніках віктарыны “Апісанне музейнага прадмета” лепшымі юнымі музеязнаўцамі аказаліся Арцём Альшэўскі з Навасёлкаўскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна, Вольга Баранчук з Хідрынскага ясляў-сада – сярэдняй школы Кобрынскага раёна, Андрэй Палюховіч з сярэдняй школы № 15 Пінска, Надзея Сідарэвіч з гімназіі № 3 Пінска, Аліна Караваевіч і Настасся Мартысюк з гімназіі Лунінца, Дзмітрый Жушма і Настасся Катовіч з Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна.

Завяршыўся фестываль круглым сталом, на якім абмяркоўваліся пытанні далейшага развіцця школьнага краязнаўства на Брэстчыне.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.