Абмяняліся вопытам у выкладанні хіміі

10.05.2017
На базе гімназіі і сярэдняй школы № 1 Ляхавіч прайшоў семінар абласной творчай групы настаўнікаў хіміі, прысвечаны іх ролі ў фарміраванні прыродазнаўчанавуковай дасведчанасці вучняў. Арганізатарамі мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел 20 педагогаў, выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны ІРА і аддзел адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама.

Намеснік начальніка раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму М.А.Саракавік расказала ўдзельнікам семінара пра стан і перспектывы развіцця адукацыйнай прасторы рэгіёна.

- Якасць адукацыі ў значнай ступені залежыць ад прафесіяналізму педагогаў, іх гатоўнасці да інавацыйнага абнаўлення вучэбна-выхаваўчага працэсу, - адзначыла загадчыца Ляхавіцкага раённага вучэбна-метадычнага кабінета С.М.Маргаева. – Важнейшым сродкам павышэння педагагічнага майстэрства з’яўляецца метадычная работа, роля якой сёння значна павялічылася з-за неабходнасці рацыянальнага і аператыўнага рэагавання на абнаўленне зместу адукацыі. 90% настаўнікаў хіміі Ляхавіччыны маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, адзін педагог з’яўляецца настаўнікам-метадыстам, каля 87% - сертыфікаваныя карыстальнікі інфармацыйных тэхналогій у адукацыі. Гэта сведчыць пра даволі высокі прафесійны ўзровень педработнікаў.

Зыходзячы з кадравага патэнцыялу, у раёне склалася пэўная сістэма работы з настаўнікамі хіміі. Усе педагогі задзейнічаны ў раённым вучэбна-метадычным аб’яднанні. Самыя вопытныя і творчыя настаўнікі ўваходзяць у раённую творчую групу, якая дзейнічае з 2008 года.

- Тэмы, над якімі працуе творчая група, разнастайныя і залежаць ад запытаў педагогаў, - расказала С.М.Маргаева. – Так, на працягу трох гадоў настаўнікі рапрацоўвалі заняткі па факультатыўным курсе хіміі для вучняў 9 – 11 класаў “Працягваем адкрываць таямніцы рэчыва”, “Дзіўны свет арганічных рэчываў” і “Дзіўны свет неарганічнай хіміі”. У мінулым навучальным годзе творчая група падрыхтавала метадычны веснік, дзе была сабрана ўся неабходная дакументацыя па ахове працы на ўроках хіміі. У бягучым навучальным годзе дзейнасць творчай групы накіравана на распрацоўку вучэбных заняткаў, кантрольных і праверачных работ для 11 класа (павышаны ўзровень). Па выніках работы педагогаў выдаюцца метадычныя веснікі, якія распаўсюджваюцца ва ўсіх установах адукацыі раёна.

Удзельнікі семінара наведалі ўрок хіміі ў 9 класе, прысвечаны рашэнню эксперыментальных задач. Настаўніца М.П.Півавар, якая ўжо 10 гадоў з’яўляецца членам абласной творчай групы, паказала, як ацэньваць эксперыментальныя ўменні школьнікаў падчас практычнай работы з дапамогай вучняў-кансультантаў.

- Практычныя заняткі – складаны від урока, які прадугледжвае праверку ведаў і эксперыментальных уменняў вучняў, - заўважыла С.М.Маргаева. – Такія заняткі з’яўляюцца эфектыўным сродкам тэматычнага кантролю ў спалучэнні з пісьмовай і практычнай формай кантролю. Настаўнік уважліва назірае за ўсім класам, карэктуе дзеянні вучняў, а зрабіць гэта часам складана.

Па словах С.М.Маргаевай, вялікую ролю ў сучаснай школе адыгрывае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе, якое дазваляе рэалізаваць дыдактычныя магчымасці інавацыйных тэхналогій, эфектыўна арганізаваць індывідуальную і калектыўную работу вучняў, забяспечыўшы мэтанакіраванае развіццё іх самастойнай пазнавальнай дзейнасці.

Настаўнік хіміі кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” С.У.Абярган з сярэдняй школы № 1 Ляхавіч паспяхова ўкараняе ў адукацыйным працэсе дыстанцыйныя формы навучання дзяцей. Падчас майстар-класа педагог падзяліўся напрацоўкамі па некаторых аспектах арганізацыі дыстанцыйнага навучання.

Удзельнікі семінара высока ацанілі тэарэтычную і практычную значнасць мерапрыемства, адзначыўшы, што яны атрымалі на ім шмат карыснай інфармацыі, пазнаёміліся з творчымі настаўнікамі, авалодалі новымі формамі работы з вучнямі.

- Фарміраванне базавых вучэбных кампетэнцый школьнікаў, удасканаленне метадычнай культуры настаўнікаў і паляпшэнне якасці выкладання прадметаў – галоўнае, да чаго павінен імкнуцца кожны педагог. Таму вельмі важна пастаянна павышаць кваліфікацыю і дзяліцца цікавым вопытам падчас розных мерапрыемстваў, - упэўнена С.М.Маргаева.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.