Павышаная ўвага – метадычнаму суправаджэнню профільнага навучання

05.05.2017
Дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне ў нашай гімназіі ажыццяўляюцца з 1999 года. За гэты час педагогі назапасілі пэўны вопыт у гэтай дзейнасці і сфарміравалі цэласную сістэму па яе арганізацыі і суправаджэнні.

Міністэрства адукацыі Беларусі распрацавала неабходнае нарматыўнае прававое і вучэбна-метадычнае забеспячэнне па арганізацыі профільнага навучання ў школах, але поспех яго практычнай рэалізацыі ў значнай ступені залежыць ад прафесіяналізму педагогаў і іх гатоўнасці да работы ва ўмовах профільнага навучання. Таму метадычная служба гімназіі заўсёды ўдзяляла вялікую ўвагу арганізацыі прадметна-метадычнай падрыхтоўкі педкадраў.

Сістэма метадычнага суправаджэння профільнага навучання ў гімназіі ўключае наступныя напрамкі работы:

- інфармаванне педагогаў пра асаблівасці рэалізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання з улікам змен, якія адбываюцца; вывучэнне нарматыўных прававых дакументаў, вучэбна-метадычнай літаратуры на інструктыўна-метадычных нарадах і кансультацыях;

- вывучэнне пытанняў дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на пасяджэннях прадметных вучэбна-метадычных аб’яднанняў: “Рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў выкладанні цыкла гуманітарных дысцыплін на базавым і павышаным узроўнях”, “Развіццё чытацкай культуры вучняў у працэсе вывучэння мастацкіх тэкстаў беларускай і рускай літаратуры на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі”, “Сістэма дзейнасці настаўніка ў забеспячэнні якасці адукацыі па прадметах прыродазнаўча-матэматычнага цыкла з улікам індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання ва ўмовах профільнага навучання”, “Удасканаленне і павышэнне якасці выкладання англійскай мовы ва ўмовах профільнага навучання”;

- вывучэнне, аналіз і ацэнка сістэмы работы гімназіі па рэалізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання на пасяджэннях педагагічнага і метадычнага саветаў: “Сістэма дзейнасці настаўніка ў забеспячэнні якасці фізіка-матэматычнай адукацыі вучняў ва ўмовах профільнага навучання”, “Формы і спосабы развіцця лінгвістычнага мыслення вучняў 10 – 11 класаў, якія вывучаюць рускую і беларускую мову на павышаным узроўні”, “Арганізацыя эфектыўнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках гісторыі і грамадазнаўства” і інш.;

- узаемадзеянне з установамі вышэйшай адукацыі па рэалізацыі мадэлей профільнага навучання, у тым ліку па пытаннях вучэбна-метадычнага суправаджэння. З гэтай мэтай настаўнікі наведваюць семінары ва УВА-партнёрах: рэспубліканскую школу-семінар “Даследчая работа школьнікаў у галіне біялогіі”, рэгіянальны навукова-метадычны семінар “Праблемы лінгвадыдактыкі ў святле новай адукацыйнай парадыгмы”, рэспубліканскі метадычны семінар “Рэалізацыя зместу і сучасных метадычных падыходаў у выкладанні беларускай мовы і літаратуры”, рэспубліканскі фестываль вучэбнай кнігі “Выкарыстанне вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах у адукацыйным працэсе”.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца павышэнню і ўдасканаленню прафесійных кампетэнцый педагогаў у забеспячэнні якасці прадметнай адукацыі вучняў праз серыю метадычных мерапрыемстваў у рамках гімназіі і за яе межамі. Так, унутрыгімназічныя навучальныя метадычныя семінары накіраваны на павышэнне метадычнай дасведчанасці педагогаў па асваенні і практычным прымяненні сучасных методык і тэхналогій навучання: “Сістэмна-дзейнасны падыход: новы погляд на змест адукацыі”, “Інфармацыйныя тэхналогіі як сродак інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу”, “Эфектыўныя формы і спосабы актывізацыі разумовай дзейнасці вучняў”, “Перавернуты ўрок” – інавацыйная мадэль навучання”.

Дзейнасць педагогаў па самаадукацыі накіравана на фарміраванне асабістай прафесійнай кампетэнтнасці ў адпаведнасці з уласнай зонай актуальнага развіцця і праблемамі рэальнай практыкі. Работа ў гэтым напрамку ўключае дыстанцыйныя формы навучання: міжнароднае дыстанцыйнае навучанне “Стратэгія актыўнай ацэнкі” пры падтрымцы Цэнтра грамадскага навучання Польшчы, летнія школы, метадычныя лагеры і практыкумы, абласныя семінары-пасяджэнні творчай групы настаўнікаў хіміі “Шляхі і спосабы забеспячэння прадуктыўнай дзейнасці вучняў у авалоданні асноўным прадметным зместам”.

Удзел педагогаў у інавацыйнай дзейнасці спрыяе фарміраванню іх метадалагічнай пісьменнасці па засваенні інавацыйных адукацыйных практык: “Укараненне мадэлі кантрольна-ацэначнай дзейнасці суб’ектаў адукацыйнага працэсу як фактару павышэння якасці адукацыі”, “Выхаванне сацыяльнай актыўнасці вучняў праз новыя формы работы з дзіцячымі грамадскімі аб’яднаннямі”, “Забеспячэнне пераемнасці навучання на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі на аснове метапрадметнага падыходу”, “Укараненне мадэлі “Перавернуты ўрок” як механізму павышэння якасці адукацыі вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”. Работа ў рамках апошняга праекта матывавала настаўнікаў да стварэння персанальных сайтаў і інтэрнэт-старонак як платформы для рэалізацыі змешанага навучання (вочнага і дыстанцыйнага). Гэта не толькі пашырае і паглыбляе прадметныя веды вучняў, але і адкрывае для адміністрацыі гімназіі новыя магчымасці выкарыстання дыстанцыйных форм у метадычнай рабоце з педагогамі.

Актыўныя формы абмену эфектыўным педагагічным вопытам стымулююць пошук, творчую і даследчую дзейнасць педагогаў. Так, у бягучым навучальным годзе ў гімназіі дзейнічаюць педагагічная майстэрня “Арганізацыя і кіраўніцтва навукова-даследчай дзейнасцю вучняў” (С.І.Баброўнік), творчая лабараторыя “Актыўная ацэнка як новая тэхналогія навучання” (Н.С.Літвіновіч) і майстар-клас “Спосабы актывізацыі разумовай і пазнавальнай дзейнасці вучняў на вучэбных занятках па беларускай мове” (І.Л.Федаровіч).

Абагульненне педагагічнага вопыту настаўнікаў накіравана на папулярызацыю эфектыўных адукацыйных практык: “Даследчая дзейнасць па біялогіі як сродак фарміравання экалагічнай культуры вучняў” (А.А.Аляксюк), “Фарміраванне прафесійнай накіраванасці асобы вучняў сродкамі вучэбнага прадмета “Хімія” (Т.А.Сулкоўская), “Сістэма дзейнасці настаўніка ў забеспячэнні якасці матэматычнай адукацыі пры арганізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання вучняў” (Р.У.Сінькевіч).

Педагогі павышаюць кваліфікацыю на базе Брэсцкага абласнога ІРА, АПА, БДПУ імя Максіма Танка, МДЛУ і іншых устаноў, публікуюць распрацоўкі ўрокаў у навукова-метадычных часопісах, дзеляцца вопытам у “Настаўніцкай газеце”.

Для эфектыўнай дзейнасці важны не толькі прафесійныя веды, уменні і навыкі, але і асобасныя якасці педагога: крэатыўнасць, творчасць, адказнасць, прафесійная мабільнасць і адкрытасць для інавацый. На гэта накіраваны такія формы метадычнай работы з педагогамі, як правядзенне тыдня прафесійнага майстэрства “ПРОФІ”, прафесійнага конкурсу “Настаўнік года”, панарамы інавацыйнага вопыту педагогаў гімназіі, агляду-конкурсу вучэбных кабінетаў і інш.

Пра эфектыўнасць сістэмы работы сведчаць нашы перамогі ў метадычных і прафесійных конкурсах: дыплом ІІ ступені ў абласным конкурсе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення”, перамога настаўніцы гімназіі Н.С.Літвіновіч у раённым этапе сёлетняга конкурсу “Настаўнік года” у намінацыі “Замежная мова”.

Аснову профільнага навучання складае мэтанакіраваная работа з высокаматываванымі вучнямі па іх падрыхтоўцы і ўдзелу ў прадметных алімпіядах, інтэлектуальных і даследчых конкурсах. Вопыт нашых педагогаў у гэтым напрамку вядомы далёка за межамі раёна. Так, напрацоўкі У.У.Зылевіча і Р.У.Сінькевіч прадстаўлены ў галерэі “Эфектыўная адукацыя Брэстчыны” ў Брэсцкім абласным ІРА.

Паспяховае ўкараненне профільнага навучання залежыць не толькі ад прадуманай і мэтанакіраванай дзейнасці педагагічнага калектыву па фарміраванні індывідуальнай траекторыі развіцця кожнага вучня і яго прафесійнай арыентацыі, але і ад шматграннай метадычнай работы па фарміраванні і рэалізацыі індывідуальных адукацыйных маршрутаў педагогаў з мэтай развіцця і ўдасканалення іх прафесійных кампетэнцый.

Сяргей ВЫСОЦКІ,

дырэктар Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна.