Табурэт за чатыры гадзіны
07.04.2017- Алімпіяда па працоўным навучанні праходзіла ў два туры, - расказаў старшыня журы старшы выкладчык кафедры тэхналогіі і методыкі выкладання спартыўна-педагагічнага факультэта Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй Юр’евіч Худзякоў. – Юнакі спаборнічалі ў тэхнічнай працы, дзяўчаты – у абслуговай. Тэарэтычны тур, на які адводзілася тры гадзіны, складаўся з 20 тэстаў, 5 задач з адным варыянтам адказу і 5 задач з трыма варыянтамі адказу. Гэты тур правяраў веды школьнікаў не толькі па тэарэтычных асновах працоўнага навучання, але і па многіх сумежных вучэбных дысцыплінах. Прыемна, што з заданнямі тэарэтычнага тура алімпіяднікі справіліся вельмі добра. Найбольшыя цяжкасці ў іх выклікалі творчыя задачы. Так, юнакам патрабавалася распрацаваць прыстасаванне для зняцця абалонкі з дроту, не пашкодзіўшы яго. Зразумела, што для паспяховага ўдзелу ў спаборніцтве адных школьных ведаў было мала.
Практычны тур доўжыўся чатыры гадзіны. Юнакі выраблялі складныя табурэты з драўнінных і металічных загатовак, а дзяўчаты – сурвэткі з дэкорам у выглядзе пасхальных яек. Трэба адзначыць, што дзяўчаты справіліся з заданнем лепш. Але ў цэлым усе ўдзельнікі паказалі выдатную практычную падрыхтоўку.
- Дзякуючы прафесіяналізму і энтузіязму педагогаў і нягледзячы на невялікую колькасць вучэбных гадзін па прадмеце, дзеці захапляюцца працоўным навучаннем і штогод паказваюць вельмі добрыя вынікі ў алімпіядным руху, - адзначыў А.Ю.Худзякоў. – Хацелася б, каб пераможцы алімпіяды па працоўным навучанні мелі пэўныя льготы пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Значэнне працоўнага выхавання вельмі важнае для моладзі, бо школа дапамагае набыць першасныя працоўныя ўменні і навыкі, якія абавязкова спатрэбяцца ў жыцці. Установам агульнай сярэдняй адукацыі неабходны добрыя настаўнікі працоўнага навучання, якіх рыхтуюць толькі ў Полацкім дзяржаўным універсітэце і Мазырскім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна.
Адзінаццацікласніца Марына Міхалькевіч з сярэдняй школы № 27 Брэста ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 7 класа. Дзяўчына вельмі любіць вязаць і шыць. У свой час гэта заўважыла настаўніца абслуговай працы Наталля Віктараўна Хоха, якая і прапанавала паспрабаваць сілы ў прадметнай алімпіядзе. Летась Марына атрымала дыплом ІІ ступені ў абласным этапе інтэлектуальнага спаборніцтва і дыплом ІІІ ступені – у яго заключным этапе.
Найбольшыя цяжкасці ў дзяўчыны выклікалі тэставыя заданні, звязаныя з пашывам адзення. З практычным турам алімпіядніца справілася паспяхова. Марына ўпэўнена, што працоўныя ўменні і навыкі, атрыманыя ў школе, абавязкова спатрэбяцца ў далейшым жыцці.
Па выніках папярэдніх чатырох заключных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні дзесяцікласнік Уладзіслаў Карасёў з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці станавіўся ўладальнікам дыпломаў рознай вартасці. У чым сакрэт такога поспеху?
- Любоў да працы сфарміравалася з дзяцінства, дзякуючы бацькам і добрым школьным настаўнікам Віталю Васільевічу Гузаву і Дзмітрыю Барысавічу Доўнару, - прызнаецца юнак. – Заўсёды захапляўся ручной працай па дамашняй гаспадарцы. Вельмі падабаецца працэс стварэння нейкай рэчы сваімі рукамі.
Па словах Уладзіслава, алімпіяда фарміруе павагу да працы, людзей працы і работы наогул, дапамагае атрымаць задавальненне ад набыцця працоўных навыкаў. Юнаку імпануюць высокапрафесійныя адносіны В.В.Гузава да прадмета. Педагагічная дзейнасць настаўніка носіць практыка-арыентаваны характар. Працоўнае навучанне развівае лагічнае мысленне і дапамагае ў вывучэнні матэматыкі і фізікі.
Тэарэтычны тур не выклікаў ва Уладзіслава цяжкасцей. Яму спадабалася, што сярод алімпіядных заданняў з’явіліся творчыя задачы. А вось практычны тур, на думку хлопца, стаў больш складаным, бо патрабуе надаваць вырабам добры эстэтычны выгляд.
Пасля заканчэння школы Уладзіслаў плануе паступаць на машынабудаўнічы факультэт БНТУ.
Упраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, аддзел адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага райвыканкама і Кобрынскі дзяржаўны політэхнічны каледж стварылі для алімпіяднікаў і членаў журы максімальна камфортныя ўмовы для работы і пражывання. Школьнікі азнаёміліся з гісторыяй старажытнага Кобрына, пабывалі на вядомай фабрыцы дзіцячых цацак “Палессе”, наведалі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава і музей дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа.
Дыпломы І ступені атрымалі дзевяцікласнікі Вольга Врукала з Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна, Алена Раманава з Гарбовіцкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Чавускага раёна Магілёўскай вобласці і Арцём Бусел з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці; дзесяцікласнік Уладзіслаў Карасёў з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці; адзінаццацікласнікі Яна Борцік з сярэдняй школы № 6 Рагачова Гомельскай вобласці, Карына Філіповіч з сярэдняй школы № 40 Магілёва і Яраслаў Гаўрылавец з сярэдняй школы № 13 Жлобіна Гомельскай вобласці. Спецыяльны прыз міністра адукацыі Беларусі “Лепшаму сельскаму школьніку” дастаўся Вользе Врукала.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.