Выхаваўчы патэнцыял ранняй прафарыентацыі

23.03.2017
- Фарміраванне асобы і яе паспяховая адаптацыя ў сучасным свеце залежаць ад адукацыйных паслуг школы, у тым ліку пачатковай, асноўная задача якой заключаецца ў агульным разумовым і сацыяльным развіцці дзяцей, - гаворыць настаўніца пачатковых класаў Людміла Сямёнаўна Леанавец з Пагранічнай сярэдняй школы Камянецкага раёна.

Леанавец з Пагранічнай сярэдняй школы Камянецкага раёна. – У адрозненне ад старшых вучняў, малодшыя школьнікі праяўляюць больш высокую цікавасць да з’яў навакольнага жыцця і нават выбару будучай прафесіі. Безумоўна, ён не з’яўляецца для іх актуальнай задачай, але падчас мэтанакіраванай і сістэматычнай прафарыентацыйнай работы дзеці пашыраюць уяўленні пра навакольны свет і праз пазнанне яго складанасці і разнастайнасці адкрываюць уласнае “я”. Імкненне да пазнання навакольнага свету і сябе закладзена ў прыродзе малодшых школьнікаў, якія ў гульнявой дзейнасці мадэлююць рэальную рэчаіснасць. У гульнях прафарыентацыйнага зместу праяўляецца іх суб’ектная пазіцыя, развіваюцца ўяўленні пра сябе, свае якасці і магчымасці.

Прафарыентацыйная работа ў пачатковых класах Пагранічнай сярэдняй школы прадугледжвае ўдзел вучняў у практычных пробах сіл у розных сферах дзейнасці. З улікам узроставай спецыфікі гэтая работа арганізавана ў форме ўяўнага падарожжа па прафесіях. Але перш чым адправіцца ў яго, дзеці павінны спачатку даведацца пра гісторыю іх узнікнення і прылады працы. Толькі пасля гэтага вучні пераўвасабляюцца ў чалавека пэўнай прафесіі. Затым абавязкова праводзіцца рэфлексія, каб убачыць, што атрымалася, а што не і чаму.

- Сёння ў школу вярнуліся дапрофільная падрыхтоўка і профільнае навучанне, але каб старшакласнікі зрабілі ўсвядомлены прафесійны выбар, неабходна ўжо ў малодшым школьным узросце азнаёміць дзяцей з максімальнай колькасцю прафесій, пачынаючы з тых, з якімі яны сустракаюцца штодзень, - адзначае Л.С.Леанавец. – Мэта падрыхтоўчага этапу прафарыентацыі ў пачатковай школе заключаецца ў фарміраванні ў малодшых школьнікаў любові і добрасумленных адносін да працы, разумення яе ролі ў жыцці чалавека і грамадства, а таксама ў развіцці цікавасці да свету прафесій, у тым ліку да прафесійнай дзейнасці бацькоў і блізкага акружэння. Для гэтага вучні далучаюцца да розных відаў пазнавальнай, гульнявой і грамадска карыснай працоўнай дзейнасці. Ранняе знаёмства з ёй не толькі пашырае кругагляд дзяцей, але і дазваляе выявіць і канкрэтызаваць іх інтарэсы і схільнасці.

Для развіцця ў малодшых школьнікаў пазітыўных адносін да прафесій і першаснай зацікаўленасці ў пэўнай прафесійнай галіне Л.С.Леанавец уключае ў выхаваўчую работу з класам мерапрыемствы, якія ствараюць умовы для фарміравання канкрэтна-наглядных уяўленняў пра істотныя бакі прафесій.

- Прафарыентацыйная работа з вучнямі пачатковых класаў даволі спецыфічная, - заўважае Людміла Сямёнаўна. – Асаблівасць прафарыентацыі ў пачатковай школе заключаецца ў тым, што яна не ставіць перад дзецьмі задачу па выбары пэўнай прафесіі. У перыяд, калі вучэбная дзейнасць з’яўляецца вядучай у развіцці школьнікаў, вельмі важна абагаціць іх уяўленні пра вялікі свет прафесій, даць паспрабаваць выканаць пэўныя элементы прафесійнай дзейнасці і выклікаць цікавасць да яе.

Л.С.Леанавец праводзіць прафарыентацыйную работу на ўроках і пазакласных мерапрыемствах. На занятках педагог выкарыстоўвае інтэрактыўныя, гульнявыя і даследчыя метады, якія з’яўляюцца больш выніковымі, чым інфармацыйныя. Заняткі ўключаюць гісторыі аб прафесіях, праблемныя пытанні і творчыя заданні. Школьнікі знаёмяцца з рознымі сферамі працоўнай дзейнасці, вызначаюць важныя якасці носьбітаў розных прафесій, спрабуюць сілы ў прафесійнай дзейнасці, выконваючы пэўныя заданні.

- Звяртаюся да розных відаў прафарыентацыйнай дзейнасці: практычных заняткаў на прышкольным участку, гутарак аб прафесіях, малюнкавых методык, прагляду і абмеркавання відэасюжэтаў, сюжэтна-ролевых гульняў, прафесійных проб і экскурсій на прадпрыемствы аграгарадка, - расказвае Людміла Сямёнаўна. – Паколькі гульні, багатыя станоўчымі эмацыянальнымі перажываннямі, пакідаюць у дзіцячых душах глыбокі след, шырока выкарыстоўваю іх у прафарыентацыйнай рабоце ў якасці аднаго з асноўных сродкаў. Так, вучням вельмі падабаюцца гульні з пазашкольнага жыцця (“Наш сад”, “Даглядаем хворую бабулю”, “На дачы”), гульні на прафесійныя сюжэты (“Пошта”, “Крама”, “Будоўля”), гульні, якія развіваюць у дзяцей тэхнічную кемлівасць, творчыя здольнасці і ўяўленне (“Я – канструктар”, “Я – дызайнер”) і займальныя гульні, звязаныя з працоўнай дзейнасцю людзей. Такія гульні пашыраюць кругагляд дзяцей аб працы, прафесіях, тэхніцы, прыладах працы і ўмовах работы: “Назаві правільна”, “Пасадка і ўборка бульбы”, “Поўны кошык грыбоў”, “Чароўны мяшэчак”, “Вясёлы майстар”, “Пантаміма”, “Карнавал прафесій”, “Здагадайся аб прафесіі па жэстах”, “Успомні як мага больш слоў на літару “…”, звязаных з прафесіяй…”, “Выберы з картак толькі тыя прылады працы, якія звязаны з гэтай прафесіяй”.

Вучні ахвотна выконваюць элементы прафесійнай дзейнасці падчас практычных проб. Так, з прафесіяй брашуроўшчыка дзеці азнаёміліся на ўроку працоўнага навучання, калі асвойвалі адпаведную тэхналогію і выраблялі блакнот для запісаў, гісторыка – пры выкананні даследчага праекта “З гісторыі бібліятэк”, агранома – пры вырошчванні кветкавай расады для прышкольнага ўчастка, фатографа – пры стварэнні фотасерыі да школьнага конкурсу “Мае дамашнія гадаванцы”, сталяра – пры вырабе шпакоўняў з удзелам татаў і дзядуль, стыліста-цырульніка – пры падрыхтоўцы візаж-вобразаў да 8 Сакавіка, дызайнера інтэр’ера – пры вырабе пано для афармлення свайго пакоя, краўца – пры вырабе сурвэтак з вышыўкай і махрамі, карэспандэнта – пры зборы інфармацыі ў класную газету “Беражы электраэнергію”, кухара – пры вырабе салатаў на конкурсе “Беларускія гаспадынькі”, драматычнага акцёра – пры інсцэніроўцы казкі “Рэпка на новы лад”, эстраднага спевака – пры сольным выступленні ў канцэртнай праграме “Мая мама лепшая на свеце”, паштальёна – пры дастаўцы з паштальёнам віншавальных паштовак да Дня настаўніка.

- Для таго каб ацаніць, як вучні асвоілі асноўныя элементы пэўнай прафесіі, прашу намаляваць яго прадстаўніка, - гаворыць Л.С.Леанавец. – Больш за ўсё малюнкавыя методыкі падыходзяць для вучняў 1 – 2 класаў, якія яшчэ не валодаюць пісьмовым маўленнем на дастатковым узроўні. У пачатку заняткаў прапаноўваю дзецям за 4 – 5 хвілін намаляваць у левай частцы аркуша А4 тое, як яны ўяўляюць пэўную прафесію, а напрыканцы заняткаў у правай частцы – свае ўяўленні пасля іх. Параўнальны аналіз дазваляе ацаніць эфектыўнасць заняткаў.

Настаўніца ўпэўнена, што правільна пабудаваная сістэма прафарыентацыйнай работы ў пачатковых класах не толькі фарміруе ў свядомасці школьнікаў разнастайныя ўяўленні пра свет прафесій, але і выхоўвае беражлівыя адносіны да вынікаў працы, разуменне яе значнасці для жыцця і развіцця грамадства.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.