Прафесійныя суботы: цікава, карысна, эфектыўна
10.03.2017- Трэба не прымушаць дзяцей ісці па суботах у школу, а ствараць умовы для таго, каб яны рабілі гэта ўсвядомлена і матывавана, - падкрэсліў рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі А.Х.Шкляр. – Неабходна з ранняга дзяцінства выхоўваць у вучняў паважлівыя адносіны да працы. Работу ў гэтым напрамку можна арганізаваць праз цеснае і сістэмнае ўзаемадзеянне школ з прадпрыемствамі. Роля школьнай суботы заключаецца не толькі ў азнаямленні вучняў з установамі прафесійнай адукацыі, але і ў арганізацыі дапрафесійнай падрыхтоўкі старшакласнікаў, наладжанай на іх базе. У перспектыве школьнікі павінны атрымліваць прафесіі ў ПТНУ і ССНУ, якія будуць выконваць функцыі колішніх вучэбна-вытворчых камбінатаў.
- Сёння на Брэстчыне дзейнічае 31 установа прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, - расказаў начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Ю.М.Прасмыцкі. – Акрамя таго, спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй рыхтуюць таксама 15 ведамасных ССНУ. Сёння ва ўстановах прафесійнай адукацыі вобласці атрымліваюць веды больш за 17 тысяч навучэнцаў. Іх падрыхтоўка вядзецца па 95 кваліфікацыях рабочых і каля 40 спецыяльнасцях сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
За апошнія 5 гадоў з мэтай удасканалення прафесійных ведаў, вывучэння новай тэхнікі і сучасных тэхналогій на базе ПТНУ і ССНУ былі створаны 7 рэсурсных цэнтраў вытворчага навучання па 8 спецыяльнасцях. Летась 50% выпускнікоў устаноў прафесійнай адукацыі атрымалі 4 і вышэй узровень кваліфікацыі. Амаль усе былі забяспечаны першым рабочым месцам.
Па словах Ю.М.Прасмыцкага, актуальнымі задачамі прафесійнай адукацыі Брэстчыны з’яўляюцца фарміраванне аптымальных аб’ёмаў і структуры падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў з улікам патрэб эканомікі, далейшая аптымізацыя сеткі ўстаноў, паляпшэнне навукова-метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў.
- У вобласці вядзецца работа па ўдасканаленні дзейнасці ўстаноў адукацыі ў шосты школьны дзень, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. – Прафарыентацыя па суботах – важны напрамак работы ўстаноў агульнай сярэдняй, прафесійнай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, які ажыццяўляецца з улікам запытаў сучаснага рынку працы, запатрабаванасці прафесій і патрэб вучняў і іх бацькоў. З 2011 года рэалізоўваецца абласная прафарыентацыйная прома-акцыя “Ёсць заказ на рабочы клас”, у якой штогод удзельнічаюць больш за 30 тысяч школьнікаў. Наладжана ўзаемадзеянне ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, ПТНУ, ССНУ і УВА па пытаннях прафарыентацыі падлеткаў. Распрацаваны і рэалізоўваюцца сумесныя планы і праграмы па правядзенні мерапрыемстваў працоўнага напрамку (майстар-класаў, працоўных майстэрань, прафесійных проб і інш.) па суботах для школьнікаў на базе ПТНУ і ССНУ з мэтай фарміравання ў вучняў практычных працоўных навыкаў і арганізацыі іх дапрафесійнай падрыхтоўкі. Для гэтага 288 школ вобласці, аддзелы адукацыі, спорту і турызму Кобрынскага і Камянецкага райвыканкамаў заключылі дамовы аб супрацоўніцтве з установамі прафесійнай адукацыі.
- Вынікі мінулагодняга маніторынгу ў ПТНУ і ССНУ паказалі тэндэнцыю да актывізацыі і сістэмнасці ў арганізацыі шостага школьнага дня, - расказаў начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Ю.У.Емяльяненка. – У большасці ўстаноў адукацыі рэалізоўваюцца эфектыўныя мадэлі выхаваўчай работы ў гэтым напрамку з улікам сацыяльнага акружэння, магчымасцей устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, культуры, спорту і турызму, аховы здароўя, праваахоўных органаў і грамадскіх арганізацый, запытаў і патрэб школьнікаў. Тым не менш неабходна ўдасканальваць арганізацыю і змястоўнае напаўненне работы ў суботу.
Па словах Ю.У.Емяльяненкі, летась паміж ПТНУ, ССНУ і школамі краіны былі заключаны 769 дамоў аб супрацоўніцтве. У падрыхтоўцы і правядзенні суботніх мерапрыемстваў павінны быць задзейнічаны ўсе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу: адміністрацыя, настаўнікі-прадметнікі, майстры вытворчага навучання, выхавальнікі, педагогі-арганізатары, сацыяльныя педагогі, педагогі-псіхолагі, бібліятэкары і інш. Мэтазгодна арганізоўваць мерапрыемствы грамадскага, працоўнага, фізкультурна-аздараўленчага, спартыўна-масавага, культурна-адпачынкавага, турыстычна-эскурсійнага, краязнаўчага і прафарыентацыйнага напрамку: акцыі, шэфская дапамога, валанцёрская дзейнасць, сеткавыя зносіны, работа гурткоў, клубаў і маладзёжных цэнтраў, спартакіяды, камандныя спаборніцтвы, дні здароўя, марафоны спартыўных танцаў, аэробікі, чарлідынгу і маладзёжных субкультур, гісторыка-этнаграфічныя экскурсіі па родным краі, турыстычныя паходы, велапрабегі, маладзёжыня ток-шоу, брэйн-рынгі, дзелавыя гульні, форум-тэатры, даследчыя праекты, фотавыставы і інш. Вельмі важна ў прафарыентацыйнай рабоце выкарыстоўваць магчымасці інтэрнэт-рэсурсаў. Неабходна больш актыўна ствараць і распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы пра дзейнасць устаноў прафесійнай адукацыі (постар-матыватары і флаеры).
- Актуальнымі формамі прафесійнага інфармавання пра сучасны вобраз рабочых прафесій і спецыяльнасцей з’яўляюцца дні адкрытых дзвярэй і прафесій, майстар-класы, прафесійныя пробы на базе ПТНУ і ССНУ, прома-акцыі, агра-шоу, форумы, флэшмобы, агіттэатры, прафарыентацыйныя велапрабегі, экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі, адкрытыя дыялогі з удзелам лепшых прадстаўнікоў вытворчай сферы, конкурсы праектаў, сустрэчы з выпускнікамі ўстаноў прафесійнай адукацыі і кансультацыйныя пункты, - адзначыў Ю.У.Емяльяненка. – Мэта прафесійных субот для школьнікаў – максімальная інфармацыйная падтрымка будучых абітурыентаў і іх бацькоў у выбары прафесіі, установы адукацыі і далейшым працаўладкаванні. Даволі перспектыўным з’яўляецца ўзаемадзеянне ПТНУ, ССНУ і школ з арганізацыямі-заказчыкамі кадраў.
На прыкладзе Жабінкі ўдзельнікі семінара-практыкуму азнаёміліся з арганізацыяй прафарыентацыйнага ўзаемадзеяння школ, ПТНУ і ССНУ пры адсутнасці ў рэгіёне ўстаноў прафесійнай адукацыі, а на прыкладзе Кобрына – пры іх наяўнасці. Так, на базе сярэдняй школы № 1 Жабінкі працавалі інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі, арганізаваныя ўстановамі прафесійнай адукацыі Брэста. Гандлёва-тэхналагічны каледж, каледж сферы абслугоўвання, прафесійна-тэхнічны каледж прыборабудавання, прафесійныя ліцэі лёгкай прамысловасці і будаўнікоў ладзяць рэгулярныя выязныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў школах раёна, падчас якіх вучні асвойваюць прафесіі кухара, кандытара, афіцыянта, цырульніка, электраманцёра, слесара-рамонтніка, швачкі, краўца, закройшчыка, муляра, тынкоўшчыка і абліцоўшчыка-плітачніка.
Установы прафесійнай адукацыі Кобрына паказалі, якім чынам арганізавана прафарыентацыйнае ўзаемадзеянне са школамі раёна па суботах. У гэты дзень вучні наведваюць ПТНУ і ССНУ горада, якія праводзяць для іх майстар-класы па прафесіях афіцыянта, кухара, прадаўца, швачкі, краўца, цырульніка, камплектоўшчыка дэталей цацак, аператара электронна-вылічальных машын, муляра, мастаўшчыка, абліцоўшчыка-плітачніка, электрагазазваршчыка, мантажніка санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, майстра па манікюры, выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ і мастака роспісу па дрэве.
У Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы ўдзельнікі мерапрыемства наведалі сучасныя рэсурсныя цэнтры, якія дазваляюць на высокім узроўні рыхтаваць спецыялістаў па санітарна-тэхнічным абсталяванні будынкаў і эксплуатацыі абсталявання і тэхналогіі дрэваапрацоўчых вытворчасцей. База рэсурсных цэнтраў актыўна задзейнічана ў прафарыентацыі школьнікаў.
Удзельнікі семінара-практыкуму пабывалі на вытворчым прадпрыемстве па вырабе дзіцячых цацак “Палессе” (базавая арганізацыя Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання) і ў Кобрынскім ваенна-патрыятычным музеі імя А.В.Суворава, дзе азнаёміліся з эфектыўнымі формамі супрацоўніцтва іх з ПТНУ, ССНУ і школамі.
Завяршыўся семінар-практыкум круглым сталом, падчас якога абмяркоўваліся асаблівасці арганізацыі прафесійных субот у сучасных умовах.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.