Забяспечыць якаснае метадычнае суправаджэнне профільнага навучання

06.03.2017
Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі ажыццяўляе метадычнае суправаджэнне профільнага навучання, арганізацыя і забеспячэнне якога з’яўляюцца актуальнымі задачамі развіцця агульнай сярэдняй адукацыі.

У раёнах вобласці створаны ўласныя мадэлі профільнага навучання з улікам кадравых і матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў школ, запытаў дзяцей і іх бацькоў. Вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў бягучым навучальным годзе арганізавана ў 220 установах адукацыі. У профільных класах і групах атрымліваюць веды амаль 5 тысяч дзесяцікласнікаў і каля 4,4 тысячы адзінаццацікласнікаў. Найбольшую цікавасць школьнікі праявілі да вывучэння на павышаным узроўні матэматыкі (194 установы адукацыі), рускай (145) і замежнай (137) моў, а найменшую – да вывучэння гісторыі Беларусі (40), грамадазнаўства (30) і сусветнай гісторыі (6).

Больш за 50% старшакласнікаў ахоплены профільным навучаннем ва ўстановах адукацыі Пінска, Брэста, Баранавіч, Драгічынскага і Жабінкаўскага раёнаў, менш за 30% - ва ўстановах адукацыі Баранавіцкага, Іванаўскага, Столінскага, Маларыцкага і Пінскага раёнаў.

Наш інстытут забяспечыў вучэбна-метадычнае суправаджэнне профільнага навучання на абласным узроўні. Так, з намеснікамі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, загадчыкамі вучэбна-метадычных кабінетаў і кіраўнікамі ўстаноў адукацыі была праведзена спецыяльная інструктыўна-метадычная нарада. На базе інстытута прайшоў абласны семінар па пытаннях профільнага навучання для 300 педагогаў вобласці з удзелам спецыялістаў Нацыянальнага інстытута адукацыі, якія разглядалі змест і методыку выкладання тэм на павышаным узроўні ў розных прадметных секцыях. Узаемадзеянне метадычнай службы і метадычных фарміраванняў педагогаў у рэалізацыі рэгіянальных мадэлей дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання разглядалася на семінары загадчыкаў вучэбна-метадычных кабінетаў у Івацэвіцкім раёне. Акрамя таго, тэмы профільнага навучання закранаюцца пры павышэнні кваліфікацыі настаўнікаў-прадметнікаў у інстытуце.

Падчас заняткаў быў выяўлены шэраг праблем, якія патрабуюць вырашэння на рэспубліканскім узроўні. Так, пакуль не распрацаваны ў поўным аб’ёме кантрольна-вымяральныя матэрыялы для вывучэння на павышаным узроўні хіміі, матэматыкі, фізікі і беларускай мовы. Змест вучэбных дапаможнікаў па хіміі, матэматыцы і фізіцы патрабуе дапаўнення вучэбным матэрыялам для вывучэння на павышаным узроўні. Па шэрагу прадметаў напаўненне матэрыялам для профільнага навучання адсутнічае ў падручніках апошняга пакалення, няма дыдактычных матэрыялаў, рэкамендаваных для выкарыстання Міністэрствам адукацыі. Пакуль не ўстаранена розніца ў ступені складанасці зместу планавых кантрольных і экзаменацыйных работ па прадметах паміж базавым узроўнем і профільным. У той жа час атэстат выпускніка профільнага класа/групы нічым не адрозніваецца ад тыпавога і не дае ніякіх прывілей.

Пры засваенні рэгіянальных мадэлей профільнага навучання павінен быць больш адчувальным уклад у гэты працэс вучэбна-метадычных кабінетаў вобласці. Іх задача – забяспечыць прадуктыўную работу праблемных і творчых груп настаўнікаў у галіне дапрофільнай падрыхтоўкі і профільнага навучання школьнікаў. Метадычныя фарміраванні здольны вызначаць найбольш эфектыўныя методыкі і формы прафілізацыі вучняў, дзейсныя мадэлі ўзаемадзеяння з бацькамі ў прафарыентацыі, ажыццяўляць маніторынг навучання на павышаным узроўні, абагачаць дыдактычную базу профільнага навучання па розных прадметах.

На жаль, далёка не ўсе педагогі і кіраўнікі ясна ўсведамляюць, што якасць профільнага навучання залежыць ад таго, як школа падвяла дзяцей да выбару профілю падчас дапрофільнай падрыхтоўкі. Сёння ўжо ў пяцікласнікаў павінен фарміравацца контур прафесійнай будучыні, калі дзеці дакладна ўяўляюць рэальныя адукацыйныя патрэбы і размяжоўваюць “я хачу” і “я магу”.

Да падрыхтоўкі дзіцячага інтэлекту і псіхікі да выбару профілю і захапленню ім ужо на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі трэба актыўна далучаць бацькоў. Вялікую работу па дапрофільнай падрыхтоўцы праводзяць псіхолага-педагагічныя службы. Гэта патрабуе ад педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных педагогаў спецыяльных кампетэнцый. Іх фарміраванне – задача метадычных службаў і фарміраванняў вобласці, у тым ліку Брэсцкага абласнога ІРА.

Захапіўшыся ведамі, накіраванымі на род і від прафесійнай дзейнасці, вучням важна не страціць базавыя, універсальныя, агульнаразвіццёвыя веды, без якіх цяжка ўявіць любога спецыяліста, а педагогам – не “закансервіравацца”, не “застаяцца” ў спецыялізаваных ведах. У такой сітуацыі неабходны пошук разумнага балансу. Гэта адна з задач адукацыйных структур, якія адказваюць за прафесійнае развіццё педагогаў.

Трэба адзначыць, што сёння ў арганізацыі профільнага навучання назіраецца пэўная ізаляванасць. Кожная школа сканцэнтравана на рэалізацыі сваіх мадэлей прафілізацыі і не прадбачыць, што заўтра яны могуць змяніцца. Таму намаганні метадычных службаў вобласці варта скіраваць на пераадоленне гэтай ізаляванасці і актыўны абмен практычнымі напрацоўкамі ў школах.

Брэсцкі абласны ІРА шмат робіць для арганізацыі больш цеснага і эфектыўнага ўзаемадзеяння з метадычнымі службамі вобласці. Так, распрацавана і рэалізоўваецца Канцэпцыя бесперапыннага інфармацыйна-аналітычнага і метадычнага забеспячэння адукацыі Брэсцкай вобласці. Па кластарным прынцыпе з цэнтрам у інстытуце створана абласная метадычная сетка. Неўзабаве пачне працаваць абласны метадычны савет.

Юрый ІВАНОЎ,

рэктар Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.