Дзейсны рэсурс павышэння якасці адукацыі

06.03.2017
- На Століншчыне створана аптымальная рэгіянальная мадэль профільнага навучання з улікам кадравых, матэрыяльна-тэхнічных і вучэбна-метадычных рэсурсаў, - гаворыць намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Столінскага райвыканкама Алена Васільеўна Васькавец. – За два гады рэалізацыі гэтая мадэль даказала сваю эфектыўнасць.

Увядзенню профільнага навучання папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа, падчас якой дэталёва вывучаліся адукацыйныя ўмовы для прафілізацыі ў 38 установах адукацыі раёна. У выніку ў 2015/2016 навучальным годзе на базе 17 устаноў былі адкрыты 19 профільных 10-х класаў для 206 вучняў (26,5% ад усёй тагачаснай колькасці дзесяцікласнікаў). Класы фарміраваліся па трох мадэлях. Згодна з першай, у адным класе аб’ядноўваліся дзеці, якія вывучалі па павышаным узроўні аднолькавыя прадметы. Згодна з другой, у адным класе аб’ядноўваліся дзеці, якія вывучалі на павышаным узроўні розныя прадметы. Згодна з трэцяй, у адным класе аб’ядноўваліся дзеці, якія вывучалі асобныя прадметы на павышаным узроўні і якія вывучалі ўсе прадметы на базавым узроўні (за выключэннем гімназіі). Найбольшая колькасць класаў была сфарміравана па трэцяй мадэлі.

- Усе вучэбныя планы школ былі ўзгоднены, прычым пры іх распрацоўцы не ўзнікла неабходнасці ў павелічэнні гадзін у адной установе за кошт іншых, - расказвае А.В.Васькавец. – Школы пераразмеркавалі вучэбныя гадзіны факультатыўных заняткаў у межах сваіх устаноў. Для вывучэння на павышаным узроўні старшакласнікі выбралі 8 прадметаў. Самым запатрабаваным з іх аказалася матэматыка, якую выбралі вучні 13 класаў (98 чалавек). Далей ішлі замежная і беларуская мова (па 9 класаў), руская мова (8 класаў), біялогія і хімія (па 7 класаў), фізіка (2 класы) і грамадазнаўства (адзін клас). У выніку фізіка-матэматычны напрамак профільнага навучання выбралі 18 школьнікаў, хіміка-біялагічны – 46, філалагічны – 49. Іншаму спалучэнню прадметаў аддалі перавагу 93 вучні. Найбольш запатрабаваным аказалася спалучэнне матэматыкі з рускай/беларускай мовай.

Для выкладання профільных прадметаў былі выбраны настаўнікі з вышэйшай і першай кваліфікацыйнай катэгорыяй, большасць з якіх ужо працавалі ў профільных класах да 2008 года. Акрамя таго, яны дадаткова прайшлі павышэнне кваліфікацыі ў Брэсцкім абласным ІРА па пытаннях арганізацыі работы ў профільных класах.

- Была распрацавана сістэма метадычных мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па ўвядзенні профільнага навучання: працавалі творчыя і праблемныя групы настаўнікаў-прадметнікаў, - гаворыць А.В.Васькавец. – Іх дзейнасць была накіравана на сістэматызацыю назапашанага дыдактычнага матэрыялу (распрацоўку вучэбных і факультатыўных заняткаў, заданняў, кантрольных і праверачных работ) з наступным абагульненнем і распаўсюджваннем эфектыўнага педагагічнага вопыту. Так, на ІІІ рэгіянальным этапе мінулагодняга Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый у Іванаве праблемная група настаўнікаў біялогіі прэзентавала работу “Біялогія ў 10 класе. Дапрофільная падрыхтоўка. Профільнае навучанне”.

Па выніках 2015/2016 навучальнага года сярэдні бал вучняў профільных 10-х класаў склаў 8,3, што адпавядае дастатковаму ўзроўню ведаў. Работа па арганізацыі профільнага навучання ў бягучым навучальным годзе пачалася з каардынацыі адміністрацыйных рашэнняў. Мінулай вясной ва ўстановах адукацыі была праведзена дыягностыка па вызначэнні профіляў, якой папярэднічала вялікая інфармацыйная работа сярод дзевяцікласнікаў і іх бацькоў наконт спецыяльнасцей, запатрабаваных на мясцовым рынку працы (у прыватнасці настаўнікаў матэматыкі і фізікі), і магчымасці навучання ў педагагічных класах. Акрамя таго, з 2010 года дзейнічае дамова аб супрацоўніцтве з Акадэміяй МУС Беларусі, згодна з якой штогод на базе сярэдняй школы № 2 Століна функцыянуюць два прававыя класы.

- У бягучым навучальным годзе профільныя 10-я класы былі створаны на базе тых жа 17 устаноў адукацыі, што і раней, - адзначае А.В.Васькавец. – У 19 профільных класах атрымліваюць веды 214 вучняў (амаль 27% ад усёй колькасці дзесяцікласнікаў). Акрамя таго, у 4 установах на базе профільных класаў дзейнічаюць педагагічныя групы. Адбылася станоўчая дынаміка ў арганізацыі мадэлей прафілізацыі, хаця па-ранейшаму найбольш запатрабаванай застаецца трэцяя. Самым масавым прадметам, як і раней, з’яўляецца матэматыка (15 класаў), але сярод іншых прадметаў акцэнт змясціўся на фізіку (7 класаў). 17 вучняў выбралі гісторыю Беларусі. У выніку ў бягучым навучальным годзе фізіка-матэматычнаму напрамку профільнага навучання аддалі перавагу 52 вучні, хіміка-біялагічнаму – 56, філалагічнаму – 37. Іншае спалучэнне прадметаў выбралі 69 старшакласнікаў. У педагагічных групах займаюцца 37 вучняў.

А.В.Васькавец заўважае, што створаная мадэль профільнага навучання неідэальная, але сёння яна дазваляе максімальна ўлічыць інтарэсы, схільнасці і здольнасці вучняў, стварыць умовы для навучання старшакласнікаў у адпаведнасці з іх прафесійнымі зацікаўленнямі і намерамі. Для таго каб вучні 10 – 11 класаў маглі лёгка выбраць будучую прафесійную сферу дзейнасці ці спецыяльнасць, вялікая ўвага ўдзяляецца дапрофільнай падрыхтоўцы. Работа па фарміраванні прафесійнага самавызначэння школьнікаў праводзіцца сістэмна і комплексна.

- У адукацыйнай практыцы раёна склалася пэўная мадэль рэалізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі, у якой задзейнічаны дзіцячыя сады, школы, установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама вучэбна-спартыўныя ўстановы, - расказвае А.В.Васькавец. – У дашкольных установах дзеці праз гульнявую дзейнасць упершыню знаёмяцца з прафесіямі ўрача, выхавальніка, прадаўца, кухара, цырульніка, агранома і інш. У пачатковай школе намаганні педагогаў накіраваны на развіццё пазнавальных інтарэсаў і актыўнасці вучняў. Занятасць малодшых школьнікаў у аб’яднаннях па інтарэсах складае ажно 137%. Для вучняў 5 – 9 класаў арганізаваны факультатыўныя заняткі па розных прадметах. Акрамя таго, з дзецьмі вядзецца ўзмоцненая інфармацыйная работа. У 22 установах дзевяцікласнікі вывучаюць факультатыўны курс “Прафесія маёй мары”. Для развіцця творчых здольнасцей дзяцей ва ўстановах дадатковай адукацыі дзейнічаюць амаль 260 аб’яднанняў па інтарэсах. У дапрофільнай падрыхтоўцы актыўна выкарыстоўваецца эканамічны патэнцыял раёна. Так, вялікую цікавасць у вучняў выклікаюць экскурсіі на сельскагаспадарчыя прадпрыемствы і ў іншыя арганізацыі. У Столінскай гімназіі рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму”.

Па словах А.В.Васькавец, установы адукацыі праводзяць вялікую работу з бацькамі школьнікаў: індывідуальныя кансультацыі па пытаннях профільнага навучання; анкетаванне з мэтай выяўлення адносін мам і татаў да выбару будучай прафесіі іх дзяцей; вызначэнне ўзроўню дасягненняў вучняў па прадметах, якія маглі б стаць у будучыні прафілюючымі; кансультаванне вучняў па пытаннях адэкватнага выбару профілю; бацькоўскія сходы па профільным навучанні ў 8 – 9 класах. На сайтах устаноў адукацыі змешчана неабходная інфармацыя па яго арганізацыі.

- Па выніках вучэбных поспехаў выпускнікоў школ мяркуюць пра эфектыўнасць сістэмы адукацыі ў цэлым. Мы прааналізавалі вынікі іх паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, профільную накіраванасць якіх яны выбралі ў школе. Паказчык паступлення ва УВА вучняў профільных класаў амаль у два разы вышэйшы сярэдняга паказчыку па раёне. Ва ўстановы вышэйшай адукацыі па профілі навучання паступілі 79% учарашніх школьнікаў. Профільнае навучанне як форма арганізацыі вучэбнай дзейнасці старшакласнікаў з’яўляецца дзейсным рэсурсам павышэння не толькі якасці адукацыі, але і якасці будучага жыцця выпускнікоў, - падагульняе А.В.Васькавец.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.