Эканоміць творча і эфектыўна

01.03.2017
Вызначаны пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон” сярод школ, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, ПТНУ і ССНУ. Арганізатарамі спаборніцтва, у якім удзельнічалі 163 работы, выступілі ўпраўленне адукацыі і ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Брэсцкага аблвыканкама, а таксама Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі.

- Конкурс праводзіўся з мэтай фарміравання ў моладзі актыўнай сацыяльнай пазіцыі да рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў і беражлівых адносін да навакольнага асяроддзя, павышэння культуры абыходжання з энергарэсурсамі, выяўлення і распаўсюджвання эфектыўнага вопыту ўстаноў адукацыі па арганізацыі энергазберажэння, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Л.І.Мемех. – Акрамя таго, конкурс накіраваны на прапаганду выніковых метадаў эканоміі энергарэсурсаў, актывізацыю і стымуляванне даследчай і творчай дзейнасці вучняў і педагогаў у галіне энергазберажэння, распрацоўку практычных мер па эканоміі энергарэсурсаў, павышэнне эфектыўнасці іх выкарыстання ў побыце, жылых дамах і будынках.

Конкурс праходзіў у 4 намінацыях: “Праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні”, “Культурна-відовішчнае мерапрыемства па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў”, “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” (паднамінацыі “Відэаролік”, “Лістоўка, плакат, малюнак”) і “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”.

- У рамках гэтых намінацый канкурсанты прэзентавалі праекты з практычнымі прапановамі па больш эфектыўным выкарыстанні энергарэсурсаў ва ўстановах адукацыі і побыце, апісвалі магчымасці атрымання энергіі для ўласных патрэб, у тым ліку з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі, паказвалі вынікі творчай дзейнасці выканаўцаў і мастацкіх калектываў школ па энергазберажэнні, “энергаэфектыўныя” рэкламныя відэаролікі, а таксама дзяліліся напрацоўкамі па выхаванні ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і навыкаў рацыянальнага і эканомнага выкарыстання паліўна-энергетычных рэсурсаў, заснаваных на дасягненнях навукі і педагогікі, - адзначыла Л.І.Мемех. – Пры ацэньванні праектаў улічваліся ступень іх самастойнага выканання, арыгінальнасць у рэалізацыі, эканамічныя паказчыкі, узаемасувязь са зменамі клімату і зніжэннем выкідаў парніковых газаў, актуальнасць тэматыкі і інш. Пры ацэньванні сістэмы работы ўстаноў адукацыі звярталася ўвага на інтэграцыю пытанняў энергазберажэння ў змесце вучэбных заняткаў, выхаванне культуры энергаспажывання ў школьнікаў па-за вучэбнай дзейнасцю, формы матывацыі ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу па выхаванні культуры энергаспажывання, асветніцкую і інфармацыйна-прапагандысцкую работу з бацькамі і грамадскасцю, яе выніковасць і інш.

Дыпломы І ступені атрымалі Уладзіслаў Ліс з гімназіі № 5 Баранавіч (праект “Рабатызаваная сістэма сачэння за перамяшчэннем Сонца (аптымізацыя сонечных электрастанцый)”), агітбрыгада сярэдняй школы № 32 Брэста, Юлія Мацук з гімназіі № 6 імя Маршала Савецкага Саюза Г.К.Жукава Брэста (відэаролік “Лесвіца прагрэсу”), Дзіяна Ільючык з Лунінскай сярэдняй школы Лунінецкага раёна (плакат “Вада – крыніца жыцця на Зямлі! Эканом і беражы яе!”), Дар’я Лазюк з Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Брэсцкага раёна (малюнак “Горад святла”), Яўгенія Рапіха з Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (лістоўка “Зробім нашу краіну зялёнай”) і Дамачаўская сярэдняя школа Брэсцкага раёна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.