З чаго пачынаецца армія?

25.02.2017
- У кожным вучэбным прадмеце ёсць пэўны элемент, які робіць яго ўнікальным і адрознівае ад іншых, - гаворыць настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Э.А.Кухарэвіч з сярэдняй школы № 3 Бярозы. – У матэматыцы – табліца множання, у мове – алфавіт. А што вылучае дапрызыўную падрыхтоўку? Які элемент з’яўляецца стрыжнявым у выкладанні гэтага прадмета? Вопыт работы паказвае: падрыхтоўка і правядзенне вучэбна-палявых збораў. Метадычна правільна пабудаваныя і праведзеныя вучэбна-палявыя зборы, прычым абавязкова на базе вайсковай часці, адыгрываюць важную ролю ў фізічнай і маральнай падрыхтоўцы вучняў да выканання воінскага абавязку перад Радзімай.

Падчас летніх канікул для дзесяцікласнікаў праводзяцца пяцідзённыя вучэбна-палявыя зборы (юнакі) і практычныя заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы (дзяўчаты). Падрыхтоўка да збораў ажыццяўляецца на працягу навучальнага года і складаецца з некалькіх этапаў. Важна, што гэтая работа праходзіць у цесным узаемадзеянні з рознымі органамі і структурамі.

- На першым этапе актуалізую інфармацыю аб праведзенай рабоце за папярэднія гады, - расказвае Э.А.Кухарэвіч. – Вызначыўшы поспехі і няўдачы, пераходжу да аналізу нарматыўнай базы, распрацаванай да новага навучальнага года. Абменьваюся думкамі з калегамі на пасяджэннях метадычных аб’яднанняў і адукацыйных інтэрнэт-рэсурсах. Дзякуючы атрыманай інфармацыі, выпрацоўваю да пачатку верасня папярэднюю стратэгію па правядзенні будучых вучэбна-палявых збораў.

Другі этап уключае аналіз стану здароўя дзесяцікласнікаў у пачатку навучальнага года па выніках медыцынскага абследавання. Інфармацыя, атрыманая ад класных кіраўнікоў, настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя і саміх вучняў аналізуецца для далейшай работы. На аснове медыцынскіх карт школьнікаў і праведзеных абследаванняў разам з медыцынскім работнікам высвятляю магчымасць удзелу юнакоў па фізічных паказчыках у зборах. Даныя пра групу здароўя і групу па фізкультуры ўводжу ў свой электронны банк даных, які канчаткова запаўняецца да канца верасня. За тыдзень да пачатку збораў інфармацыя ў банку даных актуалізуецца.

Трэці этап – аналіз паказчыкаў фізічнай падрыхтоўкі вучняў.

Аснову работы складае чацвёрты этап: урокі дапрызыўнай падрыхтоўкі ў 10 – 11 класах, заняткі ў ваенна-патрыятычным клубе “Памяць” для вучняў 8 – 11 класаў і ў аб’яднанні па інтарэсах “Стралковы спорт” для вучняў 6 – 11 класаў, унутрышкольныя мерапрыемствы, раённыя спаборніцтвы моладзі і сустрэчы дзяцей з афіцэрамі Узброеных Сіл Беларусі і курсантамі Ваеннай акадэміі Беларусі. Усё гэта праводзіцца ў рамках ваенна-патрыятычнага выхавання.

- Для тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкі юнакоў да вучэбна-палявых збораў у школе ёсць неабходная матэрыяльна-тэхнічная база: цір, пнеўматычныя вінтоўкі, камплекты вучэбных плакатаў, - адзначае Э.А.Кухарэвіч. – Кабінет дапрызыўнай падрыхтоўкі аснашчаны камп’ютарам, прынтарам і плазменным тэлевізарам.

Пяты этап прадугледжвае непасрэдную падрыхтоўку да вучэбна-палявых збораў. Падчас класных бацькоўскіх сходаў з удзелам медыцынскага работніка мамы і таты дзесяцікласнікаў знаёмяцца з нарматыўнай базай, тэрмінамі і ўмовамі правядзення збораў, іх спецыфікай. Дырэктар школы зацвярджае тэрмін правядзення збораў і расклад заняткаў. Узгадняецца ўзаемадзеянне з ваенным камісарыятам, камандаваннем вайсковых часцей, Бярозаўскім раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і РАУС.

- Аптымальны час правядзення збораў – першы ці другі каляндарны тыдзень чэрвеня, прычым без разрыву на выхадныя, з-за чаго губляецца выхаваўчы эфект, - гаворыць Э.А.Кухарэвіч. – Выніковасць праведзеных збораў вызначаецца шляхам анкетавання. З улікам дасягненняў юнакі адбіраюцца для ўдзелу ў раённай спартакіядзе па мнагаборстве сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі.

Летась вучэбна-палявыя зборы дзесяцікласнікаў праходзілі з 6 па 10 чэрвеня. Падчас збораў 22 юнакі наведалі в/ч 97063 (16-ы асобны полк радыёэлектроннай барацьбы), дзе азнаёміліся з гісторыяй стварэння вайсковай часці, пабывалі ў казарме і вучэбных кабінетах для ваеннаслужачых. Школьнікі даведаліся, як праходзіць ваенная служба і з чаго складаецца салдацкі побыт. Вучні апрацоўвалі тэарэтычныя веды, атрыманыя ў школе, на практыцы: пераадольвалі армейскую паласу перашкод у рамках заняткаў па ваенна-прыкладной фізічнай падрыхтоўцы, праводзілі няпоўную разборку/зборку аўтамата АК-74. Падчас збораў у часці ішла актыўная падрыхтоўка да будучай прысягі маладога папаўнення, што стала для старшакласнікаў добрым прыкладам.

Цеснае ўзаемадзеянне наладжана і з в/ч 67878 (46-ы арсенал ракет і боепрыпасаў) на Броннай Гары. У бягучым навучальным годзе школьнікі пабывалі тут ужо тройчы. Усім вучням вельмі спадабаўся камандзір часці палкоўнік С.Л.Лазоўскі.

Падчас экскурсій юнакі наведалі гістарычны пакой 46-га арсенала, адкрыты ў 2014 годзе. Вучні даведаліся шмат цікавай і карыснай інфармацыі не толькі пра арсенал, але і пра гісторыю мясцовай вёскі і школы, трагічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Дзяцей уразіла вялікая колькасць экспанатаў сучасных боепрыпасаў, якія можна было патрымаць у руках. Шмат уражанняў пакінула выстава ўзбраення на спецпляцоўцы, дзе вучні ўбачылі ўзоры розных відаў гармат. Вучні змаглі пасядзець у кабіне баявой машыны БМ – 21 (рэактыўная сістэма залпавага агню “Град”). Вялікае захапленне выклікала дэманстрацыя работы пажарнай спецтэхнікі – пажарнага танка на базе гусенічнага шасі і сучаснага пажарнага аўтамабіля на базе шасі МАЗа. Зладжаныя дзеянні ваеннаслужачых па тушэнні ўмоўнага пажару ў будынку нагадвалі сюжэт захапляльнага кінафільма. Адчувалася, што кожнае дзеянне байцоў было выверана і адточана ў шматлікіх трэніроўках.

- Пасля наведвання вайсковай часці было прыемна пачуць ад вучняў: “Ды нічога страшнага ў армейскай службе няма. Прызавуць – адслужым як трэба. Варта менш чытаць розных страшылак у інтэрнэце”. Значыць, мая задача як настаўніка выканана, - падагульняе Э.А.Кухарэвіч.