Дапамагчы зрабіць правільны прафесійны выбар

21.02.2017
На Брэстчыне падвялі вынікі абласнога конкурсу навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Правільны прафесійны выбар – упэўненая будучыня маладога пакалення”. Арганізатарамі спаборніцтва выступілі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны ІРА.

- Конкурс праводзіўся з мэтай выяўлення, абагульнення і сістэматызацыі вопыту работы лепшых педагогаў па ўзаемадзеянні з установамі вышэйшай і прафесійнай адукацыі пры арганізацыі і правядзенні прафарыентацыі ў рамках шостага школьнага дня, - расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ідэалагічнай і выхаваўчай работы Брэсцкага абласнога ІРА Л.І.Мемех. – Спаборніцтва дазволіла творчым педагогам і аўтарскім калектывам прэзентаваць інавацыйныя ідэі, расказаць пра эфектыўныя формы, прыёмы і метады практычнай работы, падзяліцца дасягнутымі вынікамі. Пры падрыхтоўцы конкурсных работ удзельнікі сістэматызавалі назапашаны метадычны матэрыял, прапрацоўвалі літаратуру па выбраных тэмах і нарматыўныя прававыя дакументы ў галіне выхавання. Усё гэта садзейнічала прафесійнаму росту педагогаў і павышэнню якасці прафарыентацыйнай работы ў цэлым. Акрамя таго, конкурс дазволіў метадыстам і спецыялістам раённых і абласных структур прааналізаваць і ацаніць дзейнасць педкалектываў Брэстчыны па ўдасканаленні дзейнасці, накіраванай на фарміраванне ў вучняў гатоўнасці да ўсвядомленага прафесійнага выбару. Лепшыя напрацоўкі атрымалі доступ да шырокай педагагічнай аўдыторыі, а іх аўтары далучыліся да метадычнай работы з калегамі.

У абласным этапе конкурсу ўдзельнічалі 144 работы. Матэрыялы аналізавала экспертная група з ліку кандыдатаў педагагічных, філалагічных і псіхалагічных навук Брэсцкага абласнога ІРА і БрДУ імя А.С.Пушкіна. Па выніках экспертызы да ўдзелу ў ХVІI Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту, якая адбудзецца ў красавіку ў Мінску, дапушчаны 59 работ.

Пераможцы вызначаліся ў намінацыях “Інавацыйныя падыходы ў арганізацыі прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі”, “Прафарыентацыйная дзейнасць праз рэалізацыю школьнага праекта”, “Сістэма работы сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ўстановы адукацыі па суправаджэнні прафесійнага самавызначэння вучняў”, “Лепшая творчая ідэя арганізацыі прафесійнай арыентацыі вучняў у класе” і “Ранняя прафарыентацыя і папулярызацыя рабочых прафесій у пачатковай школе”.

Дыпломы І ступені атрымалі намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Настасся Аляксандраўна Бірукова і настаўніца англійскай мовы Юлія Аляксандраўна Вашчылка з ліцэя № 1 Баранавіч (“Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння высокаматываваных вучняў і іх арыентацыі на спецыяльнасці, запатрабаваныя сучасным развіццём рэгіёна”), намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Людміла Пятроўна Шалямет з Пінкавіцкай сярэдняй школы імя Якуба Коласа Пінскага раёна (“Мадэліраванне прафесійнай дзейнасці вучняў праз рэалізацыю школьнага праекта “МайстарГрад”), педагог-псіхолаг Вольга Аляксандраўна Стасюк з сярэдняй школы № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава Брэста (“Вопыт метадычных і практычных матэрыялаў па суправаджэнні прафесійнага самавызначэння вучняў старшых класаў сродкамі прафесійных проб”), а таксама настаўніцы пачатковых класаў Ларыса Варфаламееўна Вярбіцкая з гімназіі Ляхавіч (“Асновы прафарыентацыйнай работы з вучнямі на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі”) і Вольга Леанідаўна Карагода з дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Брэста (“Мой горад: учора, сёння, заўтра”).

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.