Прафарыентацыйны патэнцыял школьнай суботы

20.02.2017
На базе сярэдняй школы № 1 Жабінкі, Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання і Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа прайшоў абласны семінар-нарада, прысвечаны ўзаемадзеянню ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі па ўдасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня. Удзельнікамі мерапрыемства, арганізаванага ўпраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, сталі начальнікі рай(гар)аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, а таксама кіраўнікі ПТНУ і ССНУ.

- Арганізаваць максімальную занятасць вучняў у школьную суботу з мэтай іх прафарыентацыі – адна з актуальных праблем сённяшняга часу, - адзначыў першы намеснік начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі А.Ф.Жук. – Вырашыць гэтую праблему можна дзякуючы арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння школ, ПТНУ і ССНУ, якое заключаецца ў правядзенні сумесных прафарыентацыйных мерапрыемстваў. Сёння паміж многімі ўстановамі агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі вобласці заключаны дамовы аб супрацоўніцтве. У рамках гэтых дамоў вучні 9 – 11 класаў праходзяць прафесійныя пробы на базе школ, ПТНУ і ССНУ. Падчас майстар-класаў, арганізаваных выкладчыкамі і навучэнцамі ўстаноў прафесійнай адукацыі, школьнікі знаёмяцца з рознымі прафесіямі, спрабуюць сілы ў пэўным відзе працоўнай дзейнасці, фарміруюць першасныя прафесійныя навыкі. Важна, што гэта дапамагае многім дзецям вызначыцца з будучай прафесіяй і адэкватна ацаніць ўласныя схільнасці і здольнасці, неабходныя для яе атрымання. Хацелася б, каб партнёрамі ў прафарыентацыйнай рабоце былі не толькі школы, ПТНУ і ССНУ, але і прадпрыемствы, якія маглі забяспечыць другасную занятасць старшакласнікаў, арганізаваць працоўныя лагеры.

Жабінка і Кобрын сталі месцам правядзення семінара-нарады невыпадкова. На прыкладзе першага горада ўдзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з арганізацыяй прафарыентацыйнага ўзаемадзеяння школ, ПТНУ і ССНУ пры адсутнасці ў рэгіёне ўстаноў прафесійнай адукацыі. На прыкладзе другога горада – пры іх наяўнасці.

На базе наведаных устаноў працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі ў форме майстар-класаў па розных прафесіях. У сярэдняй школе № 1 Жабінкі іх праводзілі ўстановы прафесійнай адукацыі Брэста: гандлёва-тэхналагічны каледж, каледж сферы абслугоўвання, прафесійна-тэхнічны каледж прыборабудавання, прафесійныя ліцэі лёгкай прамысловасці і будаўнікоў. Гэтыя ПТНУ і ССНУ ладзяць рэгулярныя выязныя прафарыентацыйныя мерапрыемствы ў школах раёна, падчас якіх вучні асвойваюць прафесіі кухара, кандытара, афіцыянта, цырульніка, электраманцёра, слесара-рамонтніка, швачкі, краўца, закройшчыка, муляра, тынкоўшчыка і абліцоўшчыка-плітачніка.

Установы прафесійнай адукацыі Кобрына паказалі, якім чынам арганізавана прафарыентацыйнае ўзаемадзеянне са школамі раёна па суботах. У гэты дзень вучні наведваюць ПТНУ і ССНУ горада, якія праводзяць для іх майстар-класы па прафесіях афіцыянта, кухара, прадаўца, швачкі, краўца, цырульніка, камплектоўшчыка дэталей цацак, аператара электронна-вылічальных машын, муляра, мастаўшчыка, абліцоўшчыка-плітачніка, электрагазазваршчыка, мантажніка санітарна-тэхнічных сістэм і абсталявання, майстра па манікюры, выканаўцы мастацка-афарміцельскіх работ і мастака роспісу па дрэве. Важна, што прафарыентацыйнае ўзаемадзеянне не абмяжоўваецца толькі майстар-класамі. Для школьнікаў праводзяцца культурна-масавыя і пазнавальныя мерапрыемствы, экскурсіі, выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці, фота- і відэавыставы аб прафесіях і дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах, дні адкрытых дзвярэй і спартыўна-аздараўленчыя спаборніцтвы. Падчас іх дзеці ўсведамляюць сацыяльную значнасць рабочых прафесій у грамадстве, задумваюцца аб перспектывах прафесійнага самавызначэння, набываюць арыенціры для ацэнкі ўласнай гатоўнасці да рэалізацыі акрэсленых прафесійных планаў.

У Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжы ўдзельнікі семінара-нарады наведалі сучасны рэсурсны цэнтр, які дазваляе на высокім узроўні рыхтаваць спецыялістаў па санітарна-тэхнічным абсталяванні будынкаў і эксплуатацыі абсталявання і тэхналогіі дрэваапрацоўчых вытворчасцей. База рэсурсных цэнтраў актыўна задзейнічана і ў прафарыентацыі школьнікаў.

- Прафарыентацыйная работа займае важнае месца ў дзейнасці ўстаноў адукацыі Кобрыншчыны, - расказала начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Г.У.Радковіч. – У школах выкарыстоўваюцца розныя формы прафарыентацыі: класныя і інфармацыйныя гадзіны, бацькоўскія сходы, конкурсы, выставы тэхнічнай творчасці і прыкладнога мастацтва, трэнінгі, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій, экскурсіі на прадпрыемствы, дні адкрытых дзвярэй і інш. Акрамя таго, у прафарыентацыі задзейнічаны магчымасці вучэбных прадметаў, факультатыўных заняткаў і аб’яднанняў па інтарэсах. Так, у бягучым навучальным годзе факультатывы прафесійнага напрамку арганізаваны ў 18 школах раёна. У рамках супрацоўніцтва з ПТНУ, ССНУ і УВА праводзяцца прафарыентацыйныя сустрэчы з вучнямі 9 і 11 класаў.

Па словах Г.У.Радковіч, вялікім прафарыентацыйным патэнцыялам валодае шосты школьны дзень. У адпаведнасці з дамовамі паміж раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму, Кобрынскім дзяржаўным прафесійным ліцэем сферы абслугоўвання і Кобрынскім дзяржаўным політэхнічным каледжам праходзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на прафесійнае самавызначэнне школьнікаў і авалоданне імі першаснымі працоўнымі навыкамі і ўменнямі. Найбольшую цікавасць у вучняў выклікаюць майстар-класы, якія дапамагаюць набыць практычныя веды па розных спецыяльнасцях.

- У рамках штогадовага месячніка па прафарыентацыі вывучаюцца прафесійныя намеры дзевяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў, афармляюцца выставы спецыяльнай літаратуры і тэматычных даведачна-інфармацыйных матэрыялаў, праводзяцца класныя і інфармацыйныя гадзіны, трэнінгі, канферэнцыі, конкурсы і экскурсіі на прадпрыемствы раёна, - адзначыла Г.У.Радковіч. – Каб прафарыентацыя прыносіла плён, яна павінна не толькі быць сістэмнай і бесперапыннай, але і ахопліваць усіх педагогаў і бацькоў. Толькі сумеснымі намаганнямі можна сфарміраваць у школьнікаў усвядомлены выбар прафесіі і дапамагчы суаднесці рэальныя магчымасці з грамадскімі патрэбамі.

- Прафарыентацыя школьнікаў у нашай установе ажыццяўляецца ў рэжыме пазавучэбнай дзейнасці, - расказала дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання С.У.Шышына. – Паміж каледжам і школамі заключаны 17 дамоў аб супрацоўніцтве. Распрацаваны планы сумесных прафарыентацыйных мерапрыемстваў з вучнямі, якія праводзяцца па суботах. Сярод іх: кансультацыі і практычныя заняткі па прафесійным самавызначэнні з педагогам-псіхолагам, пастаянна дзеючая фотавыстава аб прафесіях, практыкумы па пляценні касічак і рабоце на швейным абсталяванні, заняткі ў творчай лабараторыі на вышывальным абсталяванні і аб’яднаннях па інтарэсах “Студыя выяўленчага мастацтва” і “Дызайн-студыя”, практычныя заняткі па манікюры і роспісе пазногцяў, зборцы дзіцячага абутку, выкананні бодзі-арта, вырабе швейных сувеніраў і рабоце на касавых апаратах, а таксама вучэбныя заняткі ў майстэрні-краме (не)прадуктовых тавараў. У бягучым навучальным годзе ў прафарыентацыйных мерапрыемствах удзельнічалі ўсяго 110 школьнікаў. Улічваючы іх нізкую актыўнасць, агітбрыгада каледжа наведвае з прафарыентацыйнай праграмай школы горада, раёна і іншых абласцей.

Па словах С.У.Шышынай, большасць вучняў нізка матывавана на атрыманне рабочых спецыяльнасцей і псіхалагічна не гатова да ўсвядомленага выбару прафесіі. Старшакласнікі, як правіла, матываваны на паступленне ва УВА. Школам неабходна ўзмацніць інфармацыйную работу сярод бацькоў аб значнасці атрымання прафесійнай адукацыі і прапаноўваць ім наведваць ПТНУ і ССНУ. Прафарыентацыя патрабуе актывізацыі праз экскурсійнае наведванне прамысловых прадпрыемстваў. Асаблівую ўвагу варта ўдзяляць інфармацыйнаму напаўненню школьных сайтаў. На думку С.У.Шышынай, даволі мэтазгоднай з’яўляецца арганізацыя на базе ПТНУ і ССНУ гурткоў прафесійнага напрамку для дапрофільнай адукацыі вучняў 8 – 10 класаў.

Праблему павышэння прыцягальнасці сельскагаспадарчых прафесій закрануў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама В.М.Грыцук. Віктар Мікалаевіч упэўнены, што прафарыентацыйная работа ў гэтым напрамку без актыўнага ўдзелу бацькоў бесперспектыўная.

- У прафарыентацыі вельмі важна не падменьваць адну форму работы іншай, а прапаноўваць вучням варыятыўныя віды карыснай дзейнасці, - адзначыў А.Ф.Жук. – Установы прафесійнай адукацыі – гэта не музеі для прафарыентацыйных экскурсій, а найперш пляцоўкі для атрымання і замацавання працоўных навыкаў школьнікаў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.

Фота аўтара.