У цэнтры ўвагі – бяспека дзяцей

13.02.2017
- З першых гадоў жыцця цікаўнасць і актыўнасць дзіцяці ў пазнанні навакольнага свету, якія заахвочваецца дарослымі, становяцца часам даволі небяспечнымі для яго, - гаворыць дырэктар дзіцячага сада – пачатковай школы № 1 Брэста Таццяна Аляксееўна Мосіна. – Як зберагчы здароўе дзіцяці? Як навучыць яго правільным паводзінам на дарозе? Як дапамагчы разабрацца ў розных жыццёвых сітуацыях? Як навучыць дзяцей дапамагаць адно аднаму ў іх? Навучыцца правілам жыцця ў дарослым свеце – адна з найбольш важных задач для дзіцяці. І менавіта дарослыя павінны дапамагчы яму ўвайсці ў гэты свет з максімальнымі набыткамі і мінімальнай рызыкай.

Бяспека дзяцей, умацаванне і захаванне іх здароўя з’яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці ўсіх устаноў адукацыі. Вельмі важна ажыццяўляць мэтанакіраваную работу па фарміраванні ў дашкольнікаў і вучняў пачатковых класаў навыкаў бяспечных паводзін і здаровага ладу жыцця.

- Работа па навучанні асновам бяспечных паводзін павінна не абмяжоўвацца толькі навучаннем нормам і правілам паводзін, а вучыць назіральнасці, уменню арыентавацца і хутка рэагаваць у экстрэмальных сітуацыях, - адзначае Т.А.Мосіна. – Максімальны эфект дасягаецца ў тым выпадку, калі работа ажыццяўляецца ў цесным узаемадзеянні ўстановы адукацыі, дзяцей, іх бацькоў і прадстаўнікоў спецыяльных службаў. У нашым дзіцячым садзе – пачатковай школе назапашаны эфектыўны вопыт у гэтым напрамку.

Вялікую дапамогу ў прапагандзе бяспечных паводзін і навучанні дзяцей правілам дарожнага руху, рабоце з бацькамі аказвае галоўны памочнік – начальнік прэс-службы ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Н.М.Сахарчук, пад кіраўніцтвам якой праводзяцца розныя акцыі з удзелам дзяцей: “Увага, дзеці!”, “Я – пешаход”, “Дзіця на вуліцы”, “Іду разам з флікерам” і інш. У даступнай форме, з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей праходзяць інтэрактыўныя гульні і брэйн-рынгі на веданне правіл дарожнага руху і ўменне прымяняць іх на практыцы.

- У бягучым навучальным годзе да прафілактычнай работы больш актыўна прыцягваюцца бацькі дзяцей, - расказвае Т.А.Мосіна. – Разам з імі праведзена шмат мерапрыемстваў, дзе яны з дзецьмі вучыліся практычным дзеянням у розных сітуацыях. Так, педагог дашкольнай адукацыі Вікторыя Адамаўна Салейка абагуліла вопыт работы па тэме “Выхаванне асноў бяспекі жыццядзейнасці з дапамогай дыдактычных гульняў”. Педагог распрацавала для бацькоў дыдактычныя і відэагульні, дзякуючы якім мамы і таты з дзецьмі ў дамашніх умовах могуць вывучаць правілы дарожнага руху і асновы паводзін дзяцей на дарозе, а таксама фарміраваць уменне дзейнічаць у надзвычайных сітуацыях.

Вынікам вялікай сумеснай работы з ДАІ стаў бацькоўскі сход “Бяспека майго дзіцяці” з удзелам Н.М.Сахарчук. Падчас яго мамы і таты ўспаміналі правілы паводзін у нестандартных сітуацыях, а Наталля Міхайлаўна гаварыла аб правілах перавозкі дзяцей у аўтамабілі і правілах бяспечных паводзін на дарозе, правярала веданне правіл дарожнага руху. Увазе бацькоў былі прапанаваны відэаролікі аб паводзінах дзяцей на дарозе і невыкананні правіл перавозкі дзяцей у аўтамабілях. Акрамя таго, мамы і таты разабралі нестандартныя дарожныя сітуацыі. Важна, што бацькі былі не толькі слухачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі сустрэчы, якая яшчэ раз нагадала дарослым: жыццё і бяспека дзяцей залежаць найперш ад іх. Напрыканцы сходу В.А.Салейка падрыхтавала для кожнай сям’і дыскі з рознымі гульнямі па правілах дарожнага руху і бяспечных паводзінах дзяцей.

- Такая форма ўзаемадзеяння з бацькамі нашых выхаванцаў вельмі карысная, бо мамы і таты пасля сустрэчы прадоўжаць прафілактычныя гутаркі з дзецьмі дома, выступіўшы тым самым актыўнымі ўдзельнікамі педагагічнага працэсу, - падагульняе Т.А.Мосіна.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.