Калі фізіка не пужае

06.02.2017
Настаўніца фізікі С.М.Пуціна з Маларыцкай раённай гімназіі працуе ў педагогіцы каля 30 гадоў. З самага пачатку сваёй дзейнасці яна шукала адказы на пытанні, як зрабіць сваю работу найбольш выніковай, як навучыць дзяцей разумець сутнасць фізічных з’яў і законаў, каб яны маглі выкарыстоўваць набытыя веды на практыцы, рашаць творчыя заданні, выконваць даследчыя праекты, паспяхова ўдзельнічаць у алімпіядах, конкурсах і паказваць добрыя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні.

Галоўная задача С.М.Пуцінай – выявіць эфектыўныя прыёмы рашэння фізічных задач, адаптаваць іх да вучэбнай практыкі і стварыць базу заданняў для адпрацоўкі неабходных вучэбных навыкаў. Пры сённяшнім імклівым развіцці навукі законы, формулы і паняцці трэба не проста запамінаць. Імі неабходна дасканала аперыраваць у рашэнні задач.

- Аналіз вынікаў ЦТ сведчыць пра тое, што асноўная прычына невысокіх вынікаў вучэбных дасягненняў школьнікаў па фізіцы – гэта нізкі ўзровень сфарміраванасці ў іх абагуленага ўмення рашаць фізічныя задачы, - упэўнена С.М.Пуціна.

Асэнсаванне супярэчнасцей (паміж недастаткова высокай матывацыяй вучняў да вывучэння фізікі і жаданнем атрымаць тэхнічную адукацыю; паміж абмежаваным часам, адведзеным праграмай на вывучэнне фізікі, і вялікім аб’ёмам вучэбнага матэрыялу па прадмеце, прапанаваным для засваення вучнямі; паміж механічным засваеннем вучэбнага матэрыялу і няўменнем дзяцей творча яго пераасэнсоўваць і прымяняць на практыцы; паміж арыентацыяй большасці вучняў на падрыхтоўку да ЦТ і няўменнем рашаць прапанаваныя на тэсціраванні задачы) паставіла перад С.М.Пуцінай шэраг пытанняў: “Як мадэрнізаваць уласную практыку рашэння фізічных задач рознымі спосабамі?”, “Як зрабіць гэтую практыку даступнай і запатрабаванай для вучняў, каб развіваць творчы падыход пры выкарыстанні тэорыі на практыцы?”, “Як павысіць эфектыўнасць адукацыйнага працэсу і забяспечыць дастатковы ўзровень якасці адукацыі?”. Пошук адказаў на гэтыя пытанні прывёў С.М.Пуціну да стварэння вучэбна-трэніровачнага комплексу для трэнінгу вучняў па рашэнні фізічных задач рознымі спосабамі. Комплекс уключае задачы, прыёмы рашэння, алгарытмы, схемы і табліцы.

- Мая задача – апрабацыя розных прыёмаў, якія дазваляюць лёгка запамінаць тэарэтычны матэрыял, неабходны для рашэння задач і назапашвання матэрыялу для практычнага выкарыстання на ўроку з мэтай павышэння эфектыўнасці навучання, - расказвае С.М.Пуціна. – Імкнуся зрабіць больш даступным і цікавым вывучэнне фізікі, спрабую абудзіць творчую думку дзяцей, выкарыстоўваючы розныя падыходы да рашэння задач і развіваючы здольнасць бачыць і разумець навакольны свет, вучу аналізаваць і сінтэзаваць яго з’явы, ставіць перад сабой пытанні і задачы, умець рашаць іх самастойна. Гэта дапамагае больш глыбока зразумець фізічныя тэорыі і сфарміраваць правільныя фізічныя ўяўленні. Акрамя таго, рашэнне задач дапамагае лагічна думаць, прывучае да дакладнай, лаканічнай і тэхнічна пісьменнай мовы.

Рашэнне задач – неад’емная частка вывучэння фізікі. Яно фарміруе і ўзбагачае фізічныя паняцці, развівае фізічнае мысленне, навыкі прымянення ведаў на практыцы, дапытлівасць, кемлівасць, самастойнасць у меркаваннях, цікавасць да навукі, волю і характар, упартасць у дасягненні пастаўленай мэты. Галоўная ўмова паспяховага рашэння задач, лічыць С.М.Пуціна, заключаецца ў веданні фізічных заканамернасцей, правільным разуменні фізічных велічынь, спосабаў і адзінак іх вымярэння. Праўда, бывае, што многія задачы нельга рашыць не толькі рацыянальна, але нават і алгарытмічным шляхам. Для большасці задач можна паказаць толькі некаторыя агульныя спосабы і правілы падыходу да іх рашэння. Сістэматычнае ўжыванне такіх спосабаў і правіл фарміруе навыкі разумовай працы, вызваляе сілы для выканання больш складанай творчай дзейнасці. Таму С.М.Пуціна вучыць дзяцей свядома рашаць задачы, карыстацца рацыянальнымі спосабамі кароткага запісу яе ўмовы і рашэння. Гэтаму садзейнічае сістэматычнае выкарыстанне трэнінгу па рашэнні фізічных задач. Але спачатку вучняў трэба ўлюбіць у прадмет, які для многіх здаецца складаным і незразумелым.

- У першую чаргу імкнуся “ўлюбіць” іх у сябе, а затым і ў сам прадмет, - гаворыць С.М.Пуціна. – Дэманструю дзецям розныя фізічныя эксперыменты з трэнінгу, затым разам іх тлумачым. Так з простых назіральнікаў вучні становяцца ўдзельнікамі эксперыментаў і дыскусій, дзеляцца вопытам практычнага прымянення фізікі. Дзеці, выкарыстоўваючы інтэрнэт-рэсурсы і дапамогу бацькоў, дапаўняюць трэнінг дэманстрацыйным матэрыялам, які можа выходзіць за рамкі курса 7 класа. Вучні спрабуюць растлумачыць тое, што адбываецца пры дэманстрацыі, не баяцца прапанаваных задач і з задавальненнем іх рашаюць.

Як зацікавіць дзяцей рашаць разліковыя задачы? На пачатковым этапе вывучэння фізікі школьнікам падабаецца займацца гэтым, але цяжкасці ўзнікаюць з афармленнем. С.М.Пуціна прапаноўвае розныя спосабы запісу рашэння задач са свайго комплексу.

- Слоўны запіс рашэння задачы карысны на пачатковым этапе, - тлумачыць С.М.Пуціна. – Ён дапамагае вучням лепш зразумець логіку меркаванняў. У старшых класах неабходнасць такога запісу знікае. Педагог патрабуе правяраць правільнасць рашэння ў агульным выглядзе шляхам дзеяння з адзінкамі фізічных велічынь, якія ўваходзяць у формулу.

На ўроках настаўніца выкарыстоўвае прыёмы, якія развіваюць цікавасць да рашэння задач: “задача без пытання” (разліковыя задачы, у якіх не пазначана, якія велічыні трэба вызначыць); “задача ў выглядзе табліцы” (пры разглядзе аднатыповых з’яў запаўняецца табліца, у частку клетак якой упісваюцца вядомыя значэнні велічынь, а ў іншыя часткі ставяцца пытальнікі (адпаведныя ім велічыні трэба знайсці); “складзі сам” (прапануецца з дапамогай даведніка скласці задачу і запісаць яе ў сшытак; затым вучні, якія сядзяць за адной партай, мяняюцца сшыткамі і рашаюць задачу адно ў аднаго; пасля рашэння зноў абменьваюцца сшыткамі).

Методыка рашэння задачы залежыць ад многіх умоў: яе зместу, падрыхтоўкі вучняў, пастаўленых мэт і г.д. Але існуе шэраг агульных для большасці задач палажэнняў, якія варта памятаць пры іх рашэнні. Для такіх задач С.М.Пуціна прапаноўвае наступны алгарытм дзеянняў: 1) прачытайце ўмову задачы і вызначце яе тэматыку, успомніце паняцці і законы, патрэбныя для рашэння; 2) коратка запішыце ўмову, зрабіце адпаведны малюнак (чарцёж, схему, графік); 3) складзіце план рашэння, дапоўніце ўмову фізічнымі і таблічнымі данымі, прааналізуйце графікі; 4) перавядзіце значэнні фізічных велічынь у адзінкі СІ; 5) знайдзіце заканамернасці, якія аб’ядноўваюць атрыманыя і дадзеныя велічыні, запішыце адпаведныя формулы; 6) складзіце і рашыце ўраўненні ў агульным выглядзе; 7) вылічыце велічыню, якую шукалі; 8) прааналізуйце атрыманы адказ; 9) разгледзьце іншыя магчымыя спосабы рашэння задачы, выберыце з іх найбольш рацыянальны. Гэтая схема агульная для ўсіх тыпаў задач, але пры неабходнасці нейкія этапы можна апусціць.

- Здараецца, што вучні пры рашэнні задачы не ўмеюць асэнсаваць зададзеную сітуацыю, прааналізаваць умову задачы, знайсці асноўныя заканамернасці, неабходныя для яе рашэння. Таму выкарыстоўваю прыём сінтэзу, які ўключае некалькі этапаў. Першы этап – рашэнне задач па ўзоры: сінтэз па жорсткім узоры, сінтэз “зваротных” задач, сінтэз задач па тыпе “скрыжаванне” і сінтэз вобразных задач. Другі этап – сінтэз адкрытых задач. Трэці этап – адбор найбольш цікавых і рацыянальных задач для вучэбна-трэніровачнага комплексу, - расказвае С.М.Пуціна.

Вывучыўшы выніковасць выкарыстання вучэбна-трэніровачнага комплексу, педагог прыйшла да высновы, што ён павышае якасць ведаў і дае стабільную станоўчую дынаміку вучэбных дасягненняў. Гэта пацвярджаецца вынікамі кантрольных работ, зрэзаў, тэстаў і ЦТ. Пры вывучэнні фізікі ў школе дзеці не толькі не губляюць цікавасці да прадмета, але і павышаюць паспяховасць па ім на 1 – 2 балы. Вынікі ЦТ дазваляюць сцвярджаць, што веды вучняў стабільныя і доўгачасовыя. Таму выкарыстанне на ўроках фізікі прыёмаў сінтэзу і аналізу як сродку актывізацыі разумовай дзейнасці дзяцей пры рашэнні задач даволі эфектыўнае.

Вучэбна-трэніровачны комплекс дапамагае С.М.Пуцінай “ажывіць” навучанне, аптымальна размеркаваць вучэбны час на адпрацоўку навыкаў, павялічыць аб’ём выкананай работы і ступень яе самастойнасці, дыферэнцавана падысці да навучання з улікам індывідуальных асаблівасцей дзяцей, ацаніць узровень іх ведаў па кожным тэматычным блоку, скіраваць вучняў да самастойнай працы па ліквідацыі прабелаў у тэарэтычных ведах і адпрацоўцы навыкаў рашэння задач пэўнага тыпу. Важную ролю адыгрывае і псіхалагічны аспект: школьнікі набываюць упэўненасць у трываласці ведаў і магчымасці іх прымянення на ўступных іспытах і ў штодзённым жыцці. А такая ўпэўненасць – гэта абгрунтаваная сітуацыя поспеху, якая павышае матывацыю да навучання і садзейнічае атрыманню новых ведаў.

Мікалай НАВУМЧЫК,

намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.