“Воблачныя” ўрокі
06.02.2017Для іх ўкаранення ў адукацыйны працэс Т.М.Бегер выбрала платформу па стварэнні навучальных курсаў на серверы каледжа ў сістэме кіравання навучаннем Moodle. Віртуальная школа, адміністратарам якой з’яўляецца выкладчыца, размешчана па адрасе http://cdo.bgptk-so.by/. Там размешчаны навучальныя інтэрнэт-курсы педагогаў, у тым ліку з выкарыстаннем воблачных тэхналогій па вучэбным прадмеце “Аргтэхніка”. Акрамя таго, Т.М.Бегер укараняе воблачныя тэхналогіі пры вывучэнні аперацыйных сістэм, інфарматыкі і матэматыкі.
Вялікую ўвагу педагог удзяляе праектаванню ўрокаў, створаных у “воблаку”. Напаўняльнасць усіх этапаў заняткаў неабходным кантэнтам дапамагае без асаблівых намаганняў задаць тэмп урока пры франтальным апытанні. Выкарыстоўваючы інтэрактыўныя практыкаванні, можна разнастаіць формы падачы матэрыялу і дыферэнцаваць заданні з улікам розных метадычных прыёмаў.
- Пры праектаванні ўрока важна правільна выбраць сродкі навучання з улікам агульных законаў дыдактыкі, узроўню падрыхтаванасці навучэнцаў да ўспрымання вучэбнай інфармацыі і спецыфікі вучэбнай дысцыпліны, - расказвае Т.М.Бегер. – Інтэрнэт-тэхналогіі дазваляюць перайсці ад традыцыйнага аповеду на ўроку да абмеркавання праблем у дыскусіі, прадуктыўнай самастойнай работы навучэнцаў, выкарыстання дадатковых рэсурсаў для дасягнення пастаўленай мэты заняткаў. З улікам вызначаных вучэбна-выхаваўчых мэт і задач, а таксама спрагназаванага выніку выкладчык рыхтуе праект (падрабязны план і канспект) урока па прадмеце. У першую чаргу неабходна распрацаваць і сістэматызаваць адукацыйныя рэсурсы тэарэтычнага, практычнага, прэзентацыйнага і кантралюючага характару. Аптымальнае размяшчэнне навучальных рэсурсаў – на серверы ў сістэме кіравання навучаннем Moodle. Да гэтых рэсурсаў навучэнцы павінны мець доступ да пачатку ўрока і падчас яго. Так, найбольшы вучэбны эфект дасягаецца тады, калі педагог адначасова арыентуецца на друкаванае выданне падручніка, даступныя рэсурсы ў электронным фармаце і інтэрнэт-спасылкі на дадатковы матэрыял па кожнай тэме (тэматычныя відэалекцыі, эксперыментальныя праекты, гласарыі, блогі, форумы, чаты і інш.).
Па словах Т.М.Бегер, асаблівай прадуманасці патрабуе працэдура аўтарызаванага доступу да выбраных сучасных навучальных сістэм, а таксама сістэма кантролю ў рэжыме рэальнага часу. На ўсіх этапах урока настаўнік павінен памятаць пра яго мэты і задачы. Пры рэалізацыі праекта ўрока настаўнік павінен абнавіць вучэбна-метадычныя рэсурсы на серверы і праверыць карэктнасць спасылак на інтэрнэт-рэсурсы і сэрвісныя праграмы інтэрнэту, якія будуць выкарыстаны на ўроку; праверыць даступнасць дадатковых адукацыйных рэсурсаў, рэсурсаў для самастойнай работы і практычных заданняў; падрыхтаваць і праверыць даступнасць метадычных рэкамендацый і інструкцый па выкарыстанні пэўнага праграмнага прадукта; ліквідаваць бар’еры, якія перашкаджаюць аператыўнаму доступу да неабходных рэсурсаў; праверыць працаздольнасць матэрыяльна-тэхнічнай базы ўрока; прадумаць і рэалізаваць кансультацыйную службу для ўдзельнікаў вучэбнага працэсу.
- Даволі арыгінальнымі, цікавымі і пазнавальнымі робіць заняткі сістэма інтэрактыўнага галасавання, - адзначае Т.М.Бегер. – Адказваючы на пытанні з дапамогай гэтай сістэмы, навучэнцы могуць адчуць сябе ўдзельнікамі нейкага шоу. Адной з галоўных асаблівасцей сістэмы з’яўляецца магчымасць хутка і беспамылкова вывесці вынікі на экран і прааналізаваць атрыманую ад аўдыторыі інфармацыю.
Інтэрактыўнае галасаванне складаецца з некалькіх этапаў. Спачатку педагог раздае навучэнцам персаніфікаваныя карткі з кодамі (прозвішчы навучэнцаў адпавядаюць нумару карткі і загадзя ўнесены ў сістэму). Затым на мультымедыйным праектары ўключаецца рэжым прагляду. Праз мабільны тэлефон загружаецца дадатак, выбіраецца нумар групы і неабходнае пытанне з бібліятэкі. Потым адбываецца сканіраванне. За 30 секунд можна апытаць групу з 30 чалавек.
- Я працую ва ўстанове, дзе многія спецыяльнасці звязаны з уменнем правільна прэзентаваць спадарожныя паслугі на рынку працы, - заўважае Т.М.Бегер. – Без камунікацыйных навыкаў выпускнікам цяжка вылучыцца сярод канкурэнтаў. Як правіла, раскрыць сябе на занятках прапаноўваю з дапамогай электронных канферэнцый, якія з’яўляюцца дзейсным метадам камп’ютарных тэлекамунікацый. Электронныя канферэнцыі могуць праводзіцца ў рэальным часе і мець адтэрмінаваны доступ да сваіх матэрыялаў. Вельмі важна, што навучэнцы ўключаюцца ў дыскусіі і размовы ў рэжыме рэальнага часу. Акрамя таго, падчас канферэнцыі можна падыскутаваць у пісьмовым выглядзе (чат, форум). Удзельнікі канферэнцый з’яўляюцца актыўнымі суб’ектамі навучання, паколькі для навучэнцаў пры абмеркаванні пэўнай тэмы больш значнай выступае мадэль “партнёра ў зносінах”/“віртуальнага суразмоўцы”, чым гіпертэкставая мадэль паказу вучэбнага матэрыялу. На абмеркаванне выносяцца пытанні, актуальныя для моладзі і грамадства ў цэлым.
Т.М.Бегер прызнаецца, што пры рабоце ў сістэме Moodle яна не толькі ўдасканаліла навыкі па выкарыстанні сучасных сродкаў камунікацыі, але і адкрыла для сябе новыя педагагічныя магчымасці.
Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.