Павышаць прафарыентацыйнае ўзаемадзеянне школ, устаноў вышэйшай і прафесійнай адукацыі

06.02.2017
Адбылося пасяджэнне калегіі ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, на якім былі падведзены вынікі работы адукацыйнай галіны ў мінулым годзе і вызначаны задачы па яе ўдасканаленні ў бягучым. У рабоце калегіі, што праходзіла на базе сярэдняй школы № 1 Брэста, прынялі ўдзел міністр адукацыі Беларусі І.В.Карпенка і намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка.

- Стратэгічнымі мэтамі развіцця сістэмы адукацыі Брэстчыны з’яўляюцца павышэнне якасці адукацыі і эканамічнай эфектыўнасці галіны, пошук дадатковых рэсурсаў для павышэння заробкаў педагогаў і ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, а таксама павышэнне прафесійнай, у тым ліку кіраўніцкай, кампетэнтнасці кадраў, іх адказнасці і выканаўчай дысцыпліны, - расказаў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі.

Сёння ў вобласці амаль 1,2 тысячы ўстаноў адукацыі. Сярэдняя напаўняльнасць класаў у школах складае каля 18 чалавек і з’яўляецца адной з самых высокіх у краіне. Летась былі закрыты 13 школ, 10 дашкольных устаноў, дапаможная школа-інтэрнат і 2 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, 8 устаноў адукацыі рэарганізаваны. Эканамічны эфект ад гэтага склаў 1,9 млн рублёў.

У сістэме дашкольнай адукацыі дзейнічаюць 475 дзіцячых садоў і 108 вучэбна-педагагічных комплексаў “дзіцячы сад – школа”. Месцамі ў дашкольных установах забяспечаны 94% дзяцей. Праблема крокавай даступнасці дашкольнай адукацыі застаецца па-ранейшаму актуальнай для Брэста, Баранавіч і Пінска, нягледзячы на меры, якія прымаюцца для яе вырашэння. Працягваецца будаўніцтва новых дзіцячых садоў.

- На жаль, толькі 68% педагогаў-дашкольнікаў маюць вышэйшую адукацыю, а профільную – 33,5%, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. – У шэрагу раёнаў вобласці гэтыя лічбы больш нізкія. Фактычная наведвальнасць дашкольных устаноў складае каля 64%, а ў асобных раёнах і таго менш. Такая сітуацыя недапушчальная, паколькі без месцаў застаюцца дзеці, якія маюць рэальную патрэбу ў іх.

У 509 установах агульнай сярэдняй адукацыі вобласці атрымліваюць веды каля 160 тысяч вучняў. Працягваецца аптымізацыя і рацыяналізацыя сеткі школ. Сёлета плануецца закрыць 4 малакамплектныя ўстановы. Да канца года 40% школ павінны выкарыстоўваць у рабоце сэрвіс “Электронны журнал/дзённік”.

- Назіраюцца станоўчыя змены ў выніковасці ўдзелу школьнікаў Брэстчыны ў рэспубліканскім алімпіядным руху, - расказаў Ю.М.Прасмыцкі. – На працягу апошніх трох гадоў колькасць дыпломаў, атрыманых вучнямі на заключным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, няўхільна павялічваецца. Найбольшую колькасць пераможцаў інтэлектуальных спаборніцтваў, у тым ліку міжнародных, рыхтуюць установы адукацыі

Брэста і Баранавіч, Іванаўскага і Лунінецкага раёнаў. Палепшыліся вынікі выпускнікоў школ і ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Так, летась 40 прадстаўнікоў Брэстчыны атрымалі на ім 100 балаў.

Амаль у 53% устаноў адукацыі вобласці арганізавана профільнае навучанне. У 28 установах дзейнічаюць класы/групы педагагічнага напрамку. Неабходна больш цеснае прафарыентацыйнае ўзаемадзеянне школ і УВА ў падрыхтоўцы кадраў, запатрабаваных на рэгіянальным рынку працы.

- Выклікае трывогу якасць адукацыі па хіміі, біялогіі і матэматыцы, па якіх школьнікі Брэстчыны на працягу некалькіх гадоў запар займаюць апошнія месцы на цэнтралізаваным тэсціраванні і алімпіядах, - адзначыў Ю.М.Прасмыцкі. – Пакуль не ўсе гімназіі і ліцэі сталі эфектыўнымі цэнтрамі работы з высокаматываванымі вучнямі. Так, за апошнія тры гады не падрыхтавалі ніводнага пераможца алімпіяды гімназія № 3 Брэста, гімназіі Белаазёрска, Ганцавіч, Драгічына, Камянца, Ляхавіч, Століна і Лунінца, а таксама ліцэй Івацэвіцкага раёна. У шэрагу гімназій і ліцэяў адсутнічае конкурс пры залічэнні, што сведчыць пра іх нізкі імідж. Мэтазгоднасць далейшага існавання такіх устаноў відавочная.

Па словах Ю.М.Прасмыцкага, недастатковая работа праводзіцца па арыентацыі дзевяцікласнікаў да паступлення ў ССНУ і ПТНУ. Летась іх навучэнцамі сталі 13,5% і амаль 15% учарашніх школьнікаў адпаведна. Сярод старшакласнікаў гэты паказчык складае 24% і каля 14% адпаведна.

Падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў ажыццяўляе 31 установа прафесійнай адукацыі. Навучанне вядзецца па 95 кваліфікацыях і 40 спецыяльнасцях. Паспяхова працуюць рэсурсныя цэнтры, створаныя на базе вядучых устаноў адукацыі па 8 профілях.

- Найбольш актуальнымі задачамі для сістэмы прафесійнай адукацыі з’яўляюцца фарміраванне аптымальных аб’ёмаў і эфектыўнай структуры падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў з улікам патрэб эканомікі, далейшая аптымізацыя сеткі ўстаноў прафесійнай адукацыі, паляпшэнне іх навукова-метадычнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, а таксама павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, - расказаў Ю.М.Прасмыцкі. – Сёння распрацоўваюцца і неўзабаве будуць рэалізоўвацца сумесныя планы і праграмы па правядзенні ў шосты школьны дзень мерапрыемстваў працоўнага напрамку (майстар-класаў, працоўных майстэрань, прафесійных проб і інш.) для школьнікаў на базе ССНУ і ПТНУ з мэтай фарміравання працоўных навыкаў і ўменняў, прафарыентацыі, дапрафесійнай падрыхтоўкі і прафесійнага навучання.

Гаворачы пра арганізацыю выхаваўчай работы, Ю.М.Прасмыцкі заўважыў, што на яе якасць і эфектыўнасць уплывае цякучасць кадраў – педагогаў-арганізатараў, сацыяльных педагогаў і намеснікаў дырэктара па выхаваўчай рабоце. У некаторых раёнах іх змяняльнасць дасягае 29 – 53%.

Абвастрылася праблема суіцыдальных паводзін сярод вучняў. Застаецца высокай колькасць непаўналетніх, якія кураць і злоўжываюць спіртным. Выклікае трывогу сітуацыя з правапарушэннямі і злачынствамі сярод навучэнцаў ПТНУ.

- Пры арганізацыі шостага школьнага дня нельга падмяняць эфектыўныя формы работы дадатковай справаздачнасцю, - падкрэсліў Ю.М.Прасмыцкі.

У сваім дакладзе начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі закрануў таксама праблемныя пытанні спецыяльнай адукацыі, аховы дзяцінства, дадатковай адукацыі дарослых і матэрыяльна-тэхнічнай базы навучальных устаноў.

Начальнік аддзела сацыяльнай і выхаваўчай работы абласнога ўпраўлення адукацыі М.К.Тарасюк гаварыў пра дзейнасць сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама пра арганізацыю шостага школьнага дня. Начальнік аддзела агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі абласнога ўпраўлення адукацыі В.А.Шапавал засяродзіла ўвагу на рабоце ўстаноў прафесійнай адукацыі. Рэктар Брэсцкага абласнога ІРА Ю.А.Іваноў расказаў пра асаблівасці профільнага навучання і яго метадычнае забеспячэнне.

У сваім выступленні міністр адукацыі І.В.Карпенка вёў гаворку пра актуальныя праблемы адукацыйнай галіны краіны: падрыхтоўку якасных падручнікаў, арганізацыю шостага школьнага дня, эфектыўнае ўзаемадзеянне ўстаноў адукацыі з заказчыкамі кадраў, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі педагагічных кадраў, работу па ўнясенні змен у Кодэкс аб адукацыі Беларусі і інш.

- Да арганізацыі профільнага навучання трэба падыходзіць рацыянальна, з улікам запытаў эканомікі, - адзначыў І.В.Карпенка. – Сёння краіне вельмі неабходны медыкі і спецыялісты тэхнічнага і біяхімічнага профілю. Гэта варта ўлічваць пры арганізацыі профільнага навучання і скіроўваць дзяцей да атрымання запатрабаваных прафесій. Пакуль жа пераважае гуманітарны напрамак у прафілізацыі.

Міністр адукацыі лічыць, што заказчыкі кадраў павінны несці адказнасць за адмову ад падрыхтаваных для іх кадраў, у прыватнасці вяртаць установам адукацыі сродкі, затрачаныя на гэта. Будзе праведзена дэталёвая класіфікацыя спецыяльнасцей ва УВА і ССНУ, каб яны не дубліраваліся. Патрабуе перагляду сістэма падрыхтоўкі кадраў, напрыклад, для патрэб інклюзіўнай адукацыі. На думку І.В.Карпенкі, працаваць з асаблівымі дзецьмі павінны ўмець не толькі адпаведныя спецыялісты, але і настаўнікі-прадметнікі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.