Развіваюць сацыяльна-грамадзянскія кампетэнцыі вучняў
27.01.2017- Сучасныя запыты грамадства і адукацыі патрабуюць ад школы выхавання сацыяльна актыўнай і творчай асобы вучняў, патрыётаў сваёй краіны з трывалай грамадзянскай пазіцыяй, якія змогуць паспяхова рэалізаваць сябе ў жыцці, - гаворыць намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Лядзецкага ясляў-сада – сярэдняй школы Святлана Рыгораўна Царык. – Гэта абумовіла мэтазгоднасць пачатку інавацыйнай дзейнасці па актуальным напрамку вучэбнай работы.
У мінулым навучальным годзе галоўнае месца ў рэалізацыі праекта займала яго навукова-метадычнае суправаджэнне: у педагогаў адсутнічалі неабходныя тэарэтычныя веды па інавацыйнай тэме, а вучні ўвогуле не валодалі навыкамі па выкарыстанні метаду вуснагістарычных даследаванняў. Для вырашэння гэтай праблемы была арганізавана работа праблемнай групы педагогаў і пастаянна дзеючага семінара па фарміраванні даследчых кампетэнцый настаўнікаў, якія ажыццяўляюць інавацыйную дзейнасць. Акрамя таго, былі праведзены розныя мерапрыемствы для вучняў, накіраваныя на іх асобаснае развіццё і развіццё сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый. Усе члены інавацыйнай групы павысілі сваю кваліфікацыю праз адукацыйныя праграмы навучальных курсаў і тэматычныя семінары ў адпаведных установах адукацыі краіны.
- Падчас работы над інавацыйным праектам школьнікі атрымалі навыкі інтэрв’юіравання, навучыліся распрацоўваць апытальнікі і браць інтэрв’ю па тэмах індывідуальных даследчых праектаў, некаторыя з якіх будуць удзельнічаць у раённай навукова-практычнай канферэнцыі “Адкрываю свет – адкрываю сябе”, - расказвае С.Р.Царык. – Вынікам сумеснай дзейнасці настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў стала стварэнне этнаграфічнага пакоя “Наша спадчына”, а таксама работа групы юных экскурсаводаў.
Падчас інтэрв’ю з аднавяскоўцамі вучні і настаўнікі сабралі відэаматэрыялы па розных гістарычных перыядах роднага краю. Гэтыя матэрыялы будуць выкарыстаны пры арганізацыі віртуальнага музея на школьным сайце ў наступным навучальным годзе.
У рамках інавацыйнай дзейнасці вядзецца работа па стварэнні банка індывідуальных дасягненняў вучняў у галіне вуснагістарычных даследаванняў і фонда аўдыё- і відэаматэрыялаў па даследаванні роднага краю, распрацаваны рэкамендацыі і памяткі для вучняў-удзельнікаў праекта.
- Вынікі першага года рэалізацыі праекта паказалі, што падчас інавацыйнай дзейнасці гісторыя роднага краю “пражываецца” школьнікамі, дзеці адчуваюць яе асаблівасць і ўнікальнасць. Гісторыя кранае іх душу, замацоўвае вернасць традыцыям свайго рэгіёна і садзейнічае грамадзянскаму сталенню вучняў. Асабліва важна, што наладжваецца сувязь пакаленняў для перадачы каштоўнасцей і традыцый нацыянальнай культуры і гісторыі.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.