Пра эфектыўнасць дзяржаўна-грамадскага кіравання

27.01.2017
У Мотальскім дзіцячым садзе – сярэдняй школе Іванаўскага раёна лічаць, што адным са шляхоў удасканалення сістэмы кіравання ўстановай адукацыяй з’яўляецца актыўнае і шырокае прыцягненне да гэтага грамадскасці.

- Вопыт самакіравання ў Моталі налічвае не адно стагоддзе, - расказвае дырэктар дзіцячага сада – сярэдняй школы Ганна Якаўлеўна Хоміч. – З ХVІ стагоддзя да сённяшняга часу ўсе рашэнні па развіцці населенага пункта прымаюцца калегіяльна. Гэта ўплывае і на работу ўстановы адукацыі. Педагогі праяўляюць ініцыятыву і прадпрымальнасць у вызначэнні мэт устойлівага развіцця не толькі школы, але і аграгарадка ў цэлым. Так, настаўнікі ўваходзяць у склад ініцыятыўнай групы “Моталь і маталянэ” і грамадскага аб’яднання “Маталянэ”, на пасяджэннях якіх вызначаюцца шляхі развіцця аграгарадка. У сваю чаргу ў склад савета ўстановы адукацыі, акрамя педагогаў, уваходзіць кіраўніцтва Мотальскага сельвыканкама, ААТ “Агра-Моталь” і прыватнага прадпрыемства “Анікс-Санія”. Сярод найбольш значных спраў савета – правядзенне энергетычнага абследавання будынка ўстановы, па выніках якога быў складзены энергетычны пашпарт і былі праведзены энергазберагальныя мерапрыемствы. Гэта дазволіла дасягнуць значнай эканоміі энергарэсурсаў (з 2011 года зніжаецца спажыванне цеплаэнергіі на 15% у год). Дадатковыя мерапрыемствы, якія будуць рэалізаваны ў наступным годзе, прывядуць да эканоміі яшчэ 2% цеплаэнергіі.

Па словах Г.Я.Хоміч, дзякуючы дзейнасці савета былі істотна палепшаны ўмовы працы педагогаў і вучняў. Члены савета – ініцыятары распрацоўкі стратэгіі ўстойлівага развіцця Моталя. Так, у 2011 годзе была распрацавана мясцовая павестка – 21, а затым на яе аснове – стратэгія развіцця экатурызму ў дэстынацыі “Мотальскі шлях” праз комплекс турыстычных паслуг пад брэндам “Незабыўны смак традыцый”.

Установа адукацыі з’яўляецца пастаянным удзельнікам кулінарнага фестывалю “Мотальскія прысмакі”. Вучні распрацавалі экскурсію па Моталі і маршрут экалагічнай зялёнай сцяжыны. Педагогі з ініцыятыўнай групы “Моталь і маталянэ” выступілі партнёрамі Мотальскага сельвыканкама ў конкурсным адборы тэрыторый для праекта “Пашырэнне эканамічных магчымасцей у сельскай Беларусі”. У выніку тэрыторыя Мотальскага сельсавета была выбрана пілотнай тэрыторыяй для рэалізацыі праектаў эканамічнай і сацыяльнай накіраванасці. Акрамя таго, два праекты “Ландшафтны дызайн” і “Стварэнне цэнтраў інфармацыйных крыніц па кліматычных зменах”, распрацаваныя грамадскім аб’яднаннем “Маталянэ” і рэалізаваныя ў партнёрстве з установамі адукацыі Моталя, атрымалі грант на 16 тысяч еўра ад Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа.

- Забяспечыць стабільную работу ўстановы адукацыі – галоўная задача папячыцельскага савета дзіцячага сада – сярэдняй школы, - гаворыць Г.Я.Хоміч. – Дзякуючы зладжанай дзейнасці савета ўдалося абнавіць вучэбнае і спартыўнае абсталяванне, набыць неабходную аргтэхніку. Члены савета, куды ўваходзяць і бацькі-прадпрымальнікі, добра разумеюць важнасць работы на перспектыву, таму распрацавалі перспектыўны план удасканалення матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы. Бацькі не толькі самі дапамагаюць ёй, але і арганізоўваюць дзейнасць іншых. У мінулым навучальным годзе дапамога папячыцельскага савета склала больш за 5 тысяч рублёў.

На эфектыўнасць кіравання ўстановай адукацыі ўплывае і дзейнасць педагагічнага савета, рашэнні якога вызначаюцца канкрэтнасцю і дакладна акрэсліваюць перспектывы далейшай работы педагогаў па павышэнні якасці навучання і вырашэнні выхаваўчых праблем. Так, вынікам вывучэння пытання, звязанага з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, стала актыўнае ўкараненне ў практыку работы воблачных тэхналогій. Сёння ўсе настаўнікі выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці камп’ютарную тэхніку.

На працягу 2012 – 2014 гадоў дзіцячы сад – сярэдняя школа з’яўляўся рэспубліканскай эксперыментальнай пляцоўкай па апрабацыі мадэлі сістэмнага вывучэння факультатываў. Вынікі работы атрымалі высокую ацэнку Нацыянальнага інстытута адукацыі і выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы метадычных рэкамендацый па арганізацыі профільнага навучання.

- Не сакрэт, што дасягнуць высокіх вынікаў у выхаванні дзяцей можна толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых структур, - адзначае Г.Я.Хоміч. – Таму школьны савет па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў працуе ў цесным узаемадзеянні з бацькоўскім камітэтам. Дзякуючы сістэмнай сумеснай рабоце, на працягу апошніх гадоў зніжаецца колькасць правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

Педагогі дзіцячага сада – сярэдняй школы ўпэўнены, што яшчэ падчас вучобы ў дзяцей павінна быць сфараміравана патрэба ў працоўнай дзейнасці. Задача ўстановы адукацыі – скіраваць выпускнікоў да правільнага выбару прафесіі. Над гэтым працуе савет па прафарыентацыі, у склад якога, акрамя педагогаў, уваходзяць прадстаўнікі розных прадпрыемстваў Моталя. Радуе, што з году ў год усё больш дзевяцікласнікаў выбіраюць рабочыя спецыяльнасці ў ПТНУ і прыходзяць пасля іх заканчэння працаваць на прадпрыемствы і ў арганізацыі роднага аграгарадка. Дарэчы, 75% настаўнікаў установы – яе выпускнікі.

- Сістэма сумеснага кіравання дазваляе зрабіць установу адукацыі зонай павышанай увагі бацькоў, спонсараў, будучых работадаўцаў, выпускнікоў і сацыяльных партнёраў, прычым увагі канструктыўнай, а не патрабавальна-крытычнай. Вопыт работы дзіцячага сада – сярэдняй школы паказвае, што эфектыўнае ўзаемадзеянне ўстановы і грамадскіх структур можна забяспечыць толькі тады, калі яе прадстаўнікі актыўна ўключаны ў іх дзейнасць. Гэта дазваляе сфарміраваць кампетэнтны сацыяльны заказ школе і эканамічна падтрымаць яго, - падагульняе Г.Я.Хоміч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.