З павагай да гісторыі, з цікавасцю да грамадазнаўства

23.01.2017
Каля 900 вучняў Брэстчыны прынялі ўдзел у сёлетнім абласным этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды. Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі на базе школ і ПТНУ Брэста, Баранавіч, Пінска, Кобрына і Івацэвіч, а таксама Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

У Брэсцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі лёгкай прамысловасці сабраліся 99 аматараў гісторыі і грамадазнаўства, каб на працягу трох алімпіядных дзён вызначыць лепшых у веданні гісторыка-грамадскіх працэсаў.

- Абласная алімпіяда па гісторыі складалася з двух тураў – тэарэтычнага і тэставага, - расказала старшыня журы абласной алімпіяды па гісторыі, дэкан гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат гістарычных навук А.А.Бурык. – Алімпіядныя заданні ўключалі пытанні па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, што патрабавала ад вучняў сур’ёзнай падрыхтоўкі і шырокага кругагляду. Тэарэтычны тур прадугледжваў работу з гістарычнымі крыніцамі, картамі, табліцамі, выявамі, фотаздымкамі, малюнкамі і нават карыкатурамі. Школьнікі выяўлялі прычынна-выніковыя сувязі ў розных гістарычных падзеях, працавалі з вялікім факталагічным матэрыялам, давалі азначэнні тэрмінам (калектывізацыя, НЭП). Каб справіцца з заданнямі тэарэтычнага тура, неабходна было праявіць лагічнае і аналітычнае мысленне. Тэставы тур складаўся са 107 пытанняў і мультымедыйных заданняў. Найбольшыя цяжкасці ў алімпіяднікаў выклікаў тэарэтычны тур, паколькі ведання аднаго фактажу для яго было мала, патрабавалася дакладна і канкрэтна фармуляваць думкі.

Узровень складанасці алімпіядных заданняў адпавядаў мэтам і задачам спаборніцтваў – стымуляваць вучняў да атрымання дадатковых ведаў, творчага пошуку і мыслення. Зразумела, што аднаго школьнага падручніка для гэтага было недастаткова. Патрабавалася вывучэнне шматлікай дадатковай літаратуры.

Істотных прабелаў у ведах вучняў не было. Работа кожнага з іх заслугоўвала ўвагі, бо з’яўлялася вынікам карпатлівай падрыхтоўкі, у тым ліку і педагогаў. Адно пажаданне – навучыцца канкрэтна, без разгалінаваных адхіленняў адказваць на пытанні.

Адзінаццацікласнік Валерый Герас з гімназіі № 5 Брэста ўдзельнічае ў алімпіядным руху з 9 класа. Юнаку вельмі падабаецца вывучаць гістарычную літаратуру. Асабліва Валерый захапляецца Сярэднявеччам, эпохай рыцарства. Увагу хлопца прыцягваюць асобы Ганібала, Спартака, А.В.Суворава, Г.К.Жукава і К.К.Ракасоўскага.

Алімпіядныя заданні падаліся юнаку даволі складанымі. Асаблівыя цяжкасці выклікалі пытанні, звязаныя з культурай і архітэктурай.

Да спаборніцтваў вучня рыхтавала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства В.А.Рацук. Шмат часу займала самастойная работа. Пасля заканчэння гімназіі Валерый плануе звязаць жыццё з пагранічнай службай.

У алімпіядах па гісторыі адзінаццацікласнік Яўген Лапушка з Высокаўскай сярэдняй школы імя Дняпроўскай флатыліі Пінскага раёна ўдзельнічае ажно з 7 класа. На рахунку юнака – дыпломы рознай вартасці, атрыманыя на раённых спаборніцтвах. Хлопец лічыць гісторыю вельмі цікавай навукай і любіць даведвацца, як жылі продкі шмат гадоў назад. Акрамя таго, Яўгену пашанцавала з педагогам. Захапленню гісторыяй вучань абавязаны настаўніцы Н.А.Ганчарэнка, якая ўмее зацікавіць прадметам. Асабліва старанна школьнік вывучае гісторыю Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.

Найбольш складанымі юнаку падаліся заданні, звязаныя з гісторыяй БССР пасля 1945 года, і мультымедыйныя пытанні, якія патрабавалі ведання партрэтаў пэўных гістарычных дзеячаў. Да спаборніцтваў Яўген рыхтаваўся на стымулюючых і факультатыўных занятках, падчас самастойнай работы пад кіраўніцтвам педагога і вучэбна-трэніровачных збораў, арганізаваных раённым аддзелам адукацыі, спорту і турызму. Пасля школы юнак плануе паступаць у Інстытут пагранічнай службы.

Дыпломы І ступені атрымалі прадстаўнікі Баранавіч: дзесяцікласнікі Гардзей Сянько з гімназіі № 3 і Мікалай Лагошын з гімназіі № 4, адзінаццацікласнікі Канстанцін Філіпаў з сярэдняй школы №7 і Мілана Любецкая з гімназіі № 4.

***

- Абласная алімпіяда па грамадазнаўстве складалася з двух тураў – тэарэтычнага і тэставага, - расказаў старшыня журы абласной алімпіяды па грамадазнаўстве, загадчык кафедры паліталогіі і сацыялогіі БрДУ імя А.С.Пушкіна, кандыдат палітычных навук Я.У.Скакун. – Алімпіядныя заданні былі аб’яднанны ў блокі, якія ахоплівалі сацыяльную, духоўную, эканамічную і палітычную сферы грамадства, а таксама дэмаграфічныя працэсы ў ім і месца моладзі ў сучасным свеце. Для паспяховага рашэння заданняў тэарэтычнага тура патрабавалася праявіць лагічнае мысленне і аналітычныя навыкі. Тэсціраванне ўключала каля 50 пытанняў.

У цэлым алімпіядныя заданні адпавядалі ўзроўню школьных падручнікаў, але для падрыхтоўкі да спаборніцтваў неабходна было чытаць і дадатковую літаратуру, вучыцца разважаць і аналізаваць розныя грамадскія працэсы. Алімпіяднікам варта ўдзяляць большую ўвагу пытанням, звязаным з эканамічнай сферай грамадства. Спаборніцтвы паказалі істотныя прабелы ў ведах вучняў па гэтым раздзеле грамадазнаўства.

Дзесяцікласнік Мікіта Якуш з брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна ўдзельнічае ў алімпіядах па гісторыі, грамадазнаўстве і прававых ведах з 7 класа. Юнак вучыцца ў класе грамадазнаўча-філалагічнага напрамку і аддае перавагу гуманітарным прадметам. У абласной алімпіядзе па грамадазнаўстве Мікіта ўдзельнічаў упершыню. Найбольшыя цяжкасці ў яго выклікалі тэарэтычныя пытанні: значнасць працэсаў заключэння і скасавання шлюбаў, асноўныя эканамічныя школы і іх значэнне ў сучасным свеце. З тэставымі заданнямі праблем не ўзнікла.

Да спаборніцтваў юнака рыхтавала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Г.Э.Навуменка. Пасля заканчэння ліцэя Мікіта плануе прадоўжыць вучобу на факультэце міжнародных адносін БДУ.

Грамадазнаўства з’яўляецца не адзіным прадметам, якому адзінаццацікласнік Вадзім Рыбачук з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава ўдзяляе павышаную ўвагу. На мінулагодняй Рэспубліканскай алімпіядзе па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў юнак атрымаў дыплом І ступені. На рахунку ліцэіста – дыплом І ступені ў абласной алімпіядзе па грамадазнаўстве і дыплом ІІІ ступені ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па гэтым прадмеце.

Вадзім – на дзіва сур’ёзны і старанны вучань. Юнак вучыцца ў класе правазнаўчага напрамку і мэтанакіравана рыхтуецца да паступлення на юрыдычны факультэт БДУ, пасля заканчэння якога, магчыма, звяжа прафесійную дзейнасць з дзяржаўнай службай.

Асаблівых цяжкасцей алімпіядныя заданні ў Вадзіма не выклікалі, бо, як прызнаўся юнак, ён быў да іх добра падрыхтаваны. У гэтым вучню вельмі дапамагла настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Н.Г.Галушка.

Дыпломы І ступені атрымалі баранавіцкія дзесяцікласніцы Яна Непагода з гімназіі № 5 і Ксенія Асаўцова з ліцэя № 1, а таксама адзінаццацікласнікі Вадзім Рыбачук і Іван Крэстагорскі з Брэсцкага абласнога ліцэя імя П.М.Машэрава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.