У бацькоўскую гасцёўню – па псіхолага-педагагічныя кампетэнцыі

04.01.2017
- Неабходнасць умацавання бацькоўска-педагагічнага ўзаемадзеяння дакладна выяўлена ў выказванні: “Школа без сям’і, як птушка з адным крылом”, - гаворыць педагог-псіхолаг брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Людміла Вітальеўна Клюева. – Школа і сям’я патрэбны адно аднаму, бо бацькі і настаўнікі выхоўваюць адных і тых жа дзяцей. І дасягнуць поспеху ў гэтай рабоце можна толькі сумеснымі намаганнямі. Ад эфектыўнасці ўзаемадзеяння школы і сям’і залежыць выніковасць усяго вучэбна-выхаваўчага працэсу.

Сёння праблемам сям’і ўдзяляецца вялікая ўвага з боку дзяржавы. Так, распрацоўваюцца і рэалізоўваюцца комплексныя мэтавыя праграмы па павышэнні і ўмацаванні значнасці сям’і. Але даволі часта эканамічныя праблемы абвастраюць сямейныя, калі бацькі самаўхіляюцца ад выхавання сваіх дзяцей. У такой сітуацыі сям’і неабходна дапамога з боку школы. Ад таго, наколькі шчаслівым было дзяцінства, вельмі часта залежыць здольнасць чалавека самарэалізавацца ў жыцці. Узаемадзеянне школы і сям’і накіравана на пашырэнне магчымасцей выхаваўчага асяроддзя, папярэджанне магчымых памылак у бацькоўскай педагогіцы. Таму ў ліцэі ўдзяляецца вялікая ўвага фарміраванню ў мам і татаў псіхолага-педагагічных кампетэнцый.

- У нашай установе вучацца дзеці з сем’яў, якія адрозніваюцца сацыяльным статусам, адукаванасцю бацькоў, даходамі, веравызнаннем і г.д., - расказвае Л.В.Клюева. – Прымаючы дзіця ў ліцэй, мы прымаем і ўсю яго сям’ю, бо ад таго, як будуць будавацца адносіны паміж педагогамі і ёй, залежыць хуткасць адаптацыі дзіцяці да новых умоў навучання, яго эфектыўнасць, рэалізацыя індывідуальных здольнасцей і прафесійнае самавызначэнне.

У ліцэі створана сістэма работы з бацькамі, якая рэалізоўваецца праз праграму “Сям’я, ліцэй, соцыум”. Гэтая праграма аб’ядноўвае ўсе структурныя падраздзяленні ўстановы. Важнае месца ў наладжванні партнёрскіх адносін з бацькамі належыць сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службе, у арсенале якой шмат эфектыўных сродкаў паспяховага ўзаемадзеяння.

- Супрацоўніцтва з сям’ёй пачынаецца адразу пасля залічэння дзіцяці ў ліцэй, - гаворыць Л.В.Клюева. – Усе бацькі прыходзяць на кансультацыю да педагога-псіхолага, дзе атрымліваюць інфармацыю пра сваіх дзяцей: іх асобасныя асаблівасці, узровень гатоўнасці да навучання па выбраным профілі, патэнцыяльныя магчымасці, прафесійныя намеры, магчымыя цяжкасці ў адаптацыі і г.д. Разам акрэсліваюцца шляхі вырашэння праблемных пытанняў. Задача падрыхтоўчага этапу работы заключаецца ў тым, каб бацькі ўсвядомілі сумесную адказнасць за будучую паспяховасць дзяцей.

Першыя бацькоўскія сходы ў пачатку навучальнага года праводзяцца ў трэнінгавым коле, дзе сустракаюцца мамы, таты і настаўнікі-прадметнікі, якія будуць выкладаць у пэўных класах. Гэта дазваляе аб’яднаць бацькоў, азнаёміць іх з патрабаваннямі педагогаў да пачатку вучэбных заняткаў, зразумець стыль жыцця, традыцыі, духоўныя каштоўнасці і выхаваўчыя магчымасці сем’яў.

- Наша работа будуецца на перакананні, што такім чынам можна больш эфектыўна скіраваць бацькоў да адкрытага супрацоўніцтва з педагогамі, прычым нават тады, калі мамы і таты лічаць, што ўжо зрабілі ўсё, а астатняе павінна рабіць школа, - адзначае Л.В.Клюева. – У рабоце з бацькамі выкарыстоўваем дыягностыку і апытанні, даследуем узровень псіхалагічнай і педагагічнай дасведчанасці мам і татаў. Выяўленыя праблемы кладуцца ў аснову заняткаў у псіхалагічнай гасцёўні для бацькоў. Іх тэматыка распісана на ўвесь год. На занятках бацькі атрымліваюць не проста інфармацыю ці рэкамендацыі. Поспех гасцёўні заключаецца ў перасячэнні асабістых і грамадскіх інтарэсаў і патрэб. Практыка паказвае, што найбольшыя праблемы тычацца ўзроставых крызісаў дзяцей і бацькоў, якія пражываюцца па-рознаму і даволі часта накладваюцца адно на адно, з-за чаго ўзмацняюць перажыванні і пагаршаюць сітуацыю. Канечне, дапамагчы ў ёй можна, але лепш яе папярэдзіць.

Па словах Л.В.Клюевай, развіццё псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў грунтуецца на практыка-арыентаваным падыходзе, які прадугледжвае інавацыйныя ўводзіны псіхолага-педагагічных ведаў па выхаванні мам і татаў, іх асобасным і сацыяльна-псіхалагічным развіцці, фарміраванні навыкаў індывідуальнай работы ў выхаваўчай дзейнасці. Для гэтага выкарыстоўваюцца розныя рэсурсы: медыя-, відэа- і фанатэка, арт-матэрыялы, фотаздымкі, сімвалдрама і інш. На занятках бацькі атрымліваюць больш асабіста значнай інфармацыі (часцей – тэрапеўтычнай), якую могуць выкарыстоўваць у жыцці. Асабліва важнымі з’яўляюцца рэфлексіі пасля праведзеных заняткаў. Гэта паказчык таго, наколькі педагогі ўдала спрацавалі і дакладна трапілі ў цэль.

- Заняткі ў псіхалагічнай гасцёўні праходзяць адзін раз у месяц па суботах для мэтавай групы колькасцю не больш за 20 чалавек, - расказвае Л.В.Клюева. – У мінулым навучальным годзе адбыліся трэнінгавыя заняткі “Уплыў нефармальных аб’яднанняў на падлетка. Прыёмы эфектыўнага бацькоўства” і “Як пераадолець сямейны канфлікт”, былі арганізаваны арт-студыя “Сямейныя традыцыі, ці Сіндром апусцелага гнязда”, сустрэча з педагогам-псіхолагам на тэму “Выхаванне ў няпоўнай сям’і”, эксперыментальная лабараторыя “Уплыў стылю выхавання ў сям’і на будучае дарослае жыццё дзіцяці” і круглы стол “У свеце прафесій”. У бягучым навучальным годзе прайшлі пасяджэнне “Ваш адораны падлетак”, трэнінг “На шляху да разумення” і круглы стол “Дэтэрмінанты падлеткавага здароўя”. У планах – дыскусія “Прафесійнае выхаванне”, арт-майстэрня “Раздзеленая радасць, або Калі ты ў сям’і не адзін” і практыкум “Добрае ў дрэнным”. Узбройваючы бацькоў навуковымі ведамі, мы прапаноўваем ім самім прааналізаваць цяжкасці і тыповыя памылкі выхавання, мадэлюем розныя сітуацыі і разам шукаем выйсце з іх. Сустрэчы праходзяць з удзелам класных кіраўнікоў, якія рассылаюць бацькам запрашэнні, даюць запыты на работу над пэўнай праблемай у класе ці з нейкім вучнем, у тым ліку звязанай з сямейнай сітуацыяй. Улічваючы даступнасць псіхалагічных паслуг у ліцэі, эфектыўнасць фарміравання псіхолага-педагагічных кампетэнцый бацькоў дазваляе забяспечыць паспяховае вырашэнне магчымых цяжкасцей. Важна, што наша работа дазваляе ўбачыць не толькі сённяшнія, але і будучыя праблемы, якія для многіх мам і татаў з’яўляюцца нябачнымі.

Вялікая ўвага ўдзяляецца папярэджанню суіцыдальных паводзін падлеткаў, якія адважваюцца на трагічны крок найчасцей з-за праблем у міжасобасных адносінах з бацькамі ці равеснікамі, цяжкага перажывання кахання ці здрады. Школа не можа змяніць эканамічную ці палітычную сітуацыю, але можа навучыць дзіця асновам камунікацыі, што дапаможа ў неабходны момант справіцца з сітуацыяй.

- У гэтым напрамку праводзіцца прэвентыўная работа з вучнямі, - гаворыць Л.В.Клюева. – Ва ўстанове дзейнічае “Акадэмія гарманічных адносін”, дзе праходзяць заняткі, якія рыхтуюць будучых выпускнікоў да выбару спадарожніка ў жыцці, стварэння сям’і і будучага бацькоўства. Выхоўваць будучых мам і татаў трэба яшчэ ў школе, а не пасля яе заканчэння. Раней гэта адбывалася на ўроках “Этыкі і псіхалогіі сямейнага жыцця”. Сёння такога прадмета няма, але ў ім ёсць вострая неабходнасць. Таму на занятках “Акадэміі гарманічных адносін” гаворым з дзецьмі пра тое, што чалавек не адзінокі і ў яго заўсёды ёсць свая палавінка, законы кахання, выбар мужа і жонкі, час заключэння шлюбу, вучым адрозніваць сапраўдныя пачуцці ад захаплення і маніпуляцыі, расказваем пра псіхалогію палоў, фарміруем навыкі сама- і ўзаемадапамогі ў сітуацыі вострага псіхалагічнага напружання, разбіраем і прагназуем магчымыя гендарныя рэакцыі і г.д. Усё гэта так ці інакш уплывае на дабрабыт будучага сямейнага жыцця выпускнікоў.

Л.В.Клюева ўпэўнена, што кампетэнтныя бацькі – гэта людзі, якія не адчуваюць страху за тое, што яны дрэнныя і не пераносяць пачуццё страху і віны на сваіх дзяцей. Кампетэнтныя бацькі гатовы бачыць рэальную сітуацыю, у якой растуць іх сыны і дочкі, і прадпрымаць намаганні для яе паляпшэння. Кампетэнтныя бацькі разумеюць, што для станоўчых змен у развіцці дзіцяці варта мяняцца самім, спрабаваць, шукаць, вучыцца. Бацькоўская кампетэнтнасць – важная частка самарэалізацыі дарослага чалавека. І пачынаецца яна са школьнай парты.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.