У пастаянным творчым пошуку

28.12.2016
На працягу 10 гадоў удзельнікі клуба педагагічных сустрэч “Разам”, які аб’ядноўвае выхавальнікаў дашкольных устаноў Століншчыны, выкарыстоўваюць у рабоце з дзецьмі тэхналогію “Тэорыя рашэння вынаходніцкіх задач” і актыўна абменьваюцца вопытам у гэтым напрамку.

Нязменным кіраўніком клуба з’яўляецца выхавальніца Рэчыцкага ясляў-сада № 2 Наталля Барысаўна Крэнь. Разам з ёй педагогі не толькі папаўняюць тэарэтычныя веды і прафесійны багаж уменняў, павышаюць узровень прафесіяналізму і майстэрства ў цэлым, але і атрымліваюць шмат станоўчых эмоцый ад зносін з калегамі-аднадумцамі.

- Работа па вывучэнні і ўкараненні ТРВЗ-тэхналогіі пачыналася ў 2006 годзе са стварэння раённай праблемнай групы, куды ўвайшлі актыўныя і ініцыятыўныя педагогі, - расказвае метадыст Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Наталія Андрэеўна Кавальская. – На працягу некалькіх гадоў яны распрацоўвалі канспекты заняткаў, абагульнялі вопыт планавання адукацыйнай работы з дашкольнікамі. З часам праблемная група перарасла ў клуб педагагічных сустрэч “Разам”, на пасяджэннях якога вырашаюцца задачы па фарміраванні ў выхавальнікаў навыкаў сістэмнага мыслення, здольнасцей да самастойнай імправізацыі ў адукацыйным працэсе, уменняў весці мэтанакіраваную работу па развіцці дыялектычнага мыслення, творчага ўяўлення і маўлення дзяцей. Гэтаму садзейнічаюць розныя формы правядзення пасяджэнняў клуба: трэнінгі, дыскусіі, круглыя сталы, майстар-класы, творчыя прэзентацыі і інш.

Па словах Н.А.Кавальскай, усіх удзельнікаў клуба аб’ядноўваюць высокі кваліфікацыйны ўзровень, актыўная жыццёвая і прафесійная пазіцыя. Педагогі ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах і конкурсах, праводзяць майстар-класы для загадчыкаў дашкольных устаноў, іх намеснікаў, выхавальнікаў і настаўнікаў-дэфектолагаў па эфектыўным выкарыстанні метадаў і прыёмаў ТРВЗ-тэхналогіі і іншых напрамках работы з дзецьмі.

Выхавальнікі Галіна Аляксандраўна Дульская, Алена Яўгенаўна Кураева і Валянціна Міхайлаўна Белаус – удзельнікі рэспубліканскага клуба педагагічных сустрэч “Эфектыўны вопыт выкарыстання ў рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту ТРВЗ-тэхналогіі”. Напрацоўкі клуба па маўленчым развіцці дашкольнікаў сродкамі ТРВЗ-тэхналогіі карысталіся інтарэсам падчас мінулагодняга рэгіянальнага этапу Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый у Іванаве Брэсцкай вобласці. Многія з выхавальнікаў удзельнічалі ў раённых этапах Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” ў адпаведнай намінацыі.

На нядаўнім (юбілейным) пасяджэнні клуба педагогі дзяліліся вопытам па вырабе дыдактычных і наглядных дапаможнікаў, аўтарскіх гульняў і цацак, іх выкарыстанні ў адукацыйным працэсе для развіцця ў дашкольнікаў інтэлектуальных здольнасцей, вынаходніцкай кемлівасці, творчага ўяўлення і мыслення.

- Удзельнікі клуба добра разумеюць, што сучаснаму грамадству неабходны інтэлектуальна развітыя, самастойныя і творчыя людзі, якія арыгінальна мысляць і ўмеюць прымаць нестандартныя рашэнні, - гаворыць Н.А.Кавальская. – Практыка паказала, што ТРВЗ-тэхналогія дазваляе дзецям праявіць індывідуальнасць і нестандартнае мысленне, з’яўляецца аптымальным сродкам развіцця інтэлектуальных здольнасцей старшых дашкольнікаў у іх падрыхтоўцы да школы. Радуе, што ў клуб прыходзяць маладыя ініцыятыўныя педагогі, гатовыя да творчага пошуку. Гэта дазваляе клубу развівацца і дабівацца новых поспехаў.

Фарміруюць талерантную адукацыйную прастору

- Адной з задач дашкольнай адукацыі з’яўляецца забеспячэнне яе даступнасці для асаблівых дзяцей у адпаведнасці з іх здароўем і пазнавальнымі магчымасцямі, стварэнне спецыяльных умоў для навучання, выхавання і карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, - гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 10 Пінска Алена Уладзіміраўна Красоўская. – Дашкольная ўстанова, якая займаецца інтэграваным навучаннем і выхаваннем, павінна арганізаваць рознабаковае развіццё дзяцей з улікам іх узроставых і індывідуальных асаблівасцей, здольнасцей і патрэб, а таксама спрыяльную атмасферу для добразычлівага супрацоўніцтва з бацькамі. За кошт якіх педагагічных сродкаў можна рэалізаваць пастаўленыя задачы? Найперш за кошт правільна выбудаванага адукацыйнага асяроддзя.

У яслях-садзе, дзе разам з групамі агульнага развіцця дзейнічаюць інтэграваныя і спецыяльныя групы, вялікая ўвага ўдзяляецца фарміраванню талерантнага адукацыйнага асяроддзя, накіраванага на рэалізацыю патрэб і магчымасцей кожнага дзіцяці. З 2014 года педагогі працуюць у рамках інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі талерантнага адукацыйнага асяроддзя пры арганізацыі інтэграванага навучання і выхавання ў дашкольнай установе. Асноўны напрамак работы ўдзельнікаў праекта – мадэліраванне сацыякультурнага, прасторава-прадметнага і развіццёвага асяроддзя, якое дазваляе дзецям праяўляць і развіваць здольнасці, рэалізоўваць пазнавальна-эстэтычныя і культурна-камунікацыйныя патрэбы ў свабодным выбары.

- Асноўнымі групамі асяроддзевых рэсурсаў з’яўляюцца прадметныя, прасторавыя, сацыяльна-псіхалагічныя і арганізацыйна-сэнсавыя, - расказвае А.У.Красоўская. – Прадметныя рэсурсы ўзаемазвязаны з прасторавымі. Так, прадметы, якія акружаюць дзяцей, падабраны з улікам іх узросту і фізіялагічных магчымасцей. У групах створана камфортная прастора для разнастайнай дзейнасці дашкольнікаў. Размежаваны развіццёвыя цэнтры актыўнасці, у якіх лагічна сканцэнтравана гульнявое асяроддзе. Гэта дазваляе кожнаму дзіцяці развівацца ў значных для яго відах дзейнасці. Прасторавыя рэсурсы дапамагаюць выхаванцам свабодна перасоўвацца і арыентавацца на тэрыторыі ўстановы. Пры стварэнні прадметных і прасторавых рэсурсаў выкарыстоўваецца прынцып універсальнага дызайну, дзякуючы якому ўсталёўваецца інтэрактыўнае ўзаемадзеянне дзяцей з навакольным светам і арганізоўваецца іх самастойная дзейнасць, накіраваная на самаразвіццё. Універсальны дызайн улічвае адукацыйныя патрэбы ўсіх выхаванцаў.

Па словах А.У.Красоўскай, арганізацыйна-сэнсавыя рэсурсы рэгламентуюць рэжым жыццядзейнасці дзяцей з улікам іх здароўя, патрэб і магчымасцей. Гэтыя рэсурсы (фізіяпрацэдурны і масажны кабінеты, басейн, сенсорны пакой, спартыўная зала) накіраваны на аднаўленне і ўмацаванне здароўя.

- Асаблівая роля ў фарміраванні талерантнай культуры належыць сацыяльна-псіхалагічнаму ўзаемадзеянню дзяцей з равеснікамі і дарослымі, - адзначае А.У.Красоўская. – Калі бацькі актыўна ўдзельнічаюць у жыцці групы і дашкольнай установы, эфектыўнасць работы па фарміраванні талерантнай культуры істотна павышаецца. Мамы і таты могуць у любы час наведаць дзіця і паўдзельнічаць з ім у арганізаванай дзейнасці.

Фарміраваць актыўную пазіцыю бацькоў да ўдзелу ў адукацыйным працэсе дапамагаюць сямейны клуб “Школа любячых бацькоў”, адукацыйная праграма “Акадэмія татаў” і тыдні актыўнага ўзаемадзеяння з сем’ямі “Супрацоўніцтва”. Так, дзейнасць клуба дазваляе бацькам падзяліцца ўласным вопытам сямейнага выхавання і азнаёміцца з чужым, прааналізававаць свой удзел у жыцці ўстановы за круглым сталом, прыйсці да агульных рашэнняў па ўзніклых цяжкасцях. Інтэрактыўны характар пасяджэнняў клуба аб’ядноўвае яго ўдзельнікаў, далучае іх да розных відаў дзейнасці з дзецьмі, іх равеснікамі і іншымі дарослымі ў сацыяльна-педагагічных праектах, накіраваных на фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з АПФР. Асабліва актуальнымі для мам і татаў сталі такія тэмы пасяджэнняў, як “Як пасябраваць з уласным дзіцем”, “Дзіця – патрэба ў любові”, “Разам з дзіцем” і “Талент педагога ў кожным з нас”.

- Вельмі важна прыцягнуць татаў да актыўнага выхавання дзяцей у сям’і і ўдзелу ў жыцці дзяцей у дашкольнай установе, - заўважае А.У.Красоўская. – Адукацыйная праграма “Акадэмія татаў” адкрыла новыя магчымасці па парытэтным выхаванні дзяцей абоімі бацькамі. Назіраецца павышаны інтарэс мам і татаў да гэтай праграмы.

Практыка паказала, што талерантныя адносіны дзяцей і дарослых добра фарміруюцца падчас сумеснай творчай дзейнасці. Паспяховае ўзаемадзеянне дзяцей, бацькоў і педагогаў адлюстравана ў сацыяльна-педагагічных праектах “Свет, у якім я шчаслівы”, “Вясёлка нашай дружбы”, “Нашы маленькія сябры” і “Кожны дзень – гэта падарунак”. Удасканальваць якасць педагагічнай дзейнасці дапамагае педагагічная лабараторыя “Практыка, арыентаваная на поспех”. Адукацыйныя сесіі, майстар-класы і сацыяльна-педагагічныя трэнінгі садзейнічаюць прафесійнаму абмену вопытам, ствараюць умовы для творчага ўзаемадзеяння, асобаснага развіцця і самарэалізацыі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.