Школьны двор як крыніца натхнення

27.12.2016
- Школьны двор з’яўляецца часткай агульнаадукацыйнага асяроддзя, дзе адбываюцца выхаванне, сацыялізацыя і развіццё асобы дзіцяці, - гаворыць настаўніца біялогіі Л.С.Крыўчэня з Астроміцкай сярэдняй школы Кобрынскага раёна. – Гэтае асяроддзе павінна быць камфортным, бо ў ім арганізоўваецца не толькі навучанне, але і вольны час школьнікаў. Таму ў нашай установы даволі высокі ўзровень патрабаванняў да яе эстэтычнага выгляду.

Школа знаходзіцца ў цэнтры аграгарадка, дзе адсутнічаюць рэкрэацыйныя зоны кшталту парка ці сквера. Паколькі вялікі школьны двор часта наведваюць вяскоўцы, стан яго тэрыторыі заўсёды знаходзіцца ў полі іх зроку. Гэта накладвае на педагогаў вялікую адказнасць па выхаванні ў вучняў, іх бацькоў і іншых жыхароў населенага пункта беражлівых адносін да прыроднай спадчыны роднага краю, уменняў бачыць і цаніць прыгажосць.

- Штогод на пасяджэннях савета школьнага самакіравання па добраўпарадкаванні прышкольнай тэрыторыі агучваюцца ідэі па ўдасканаленні сучаснага азеляняльнага комплексу з улікам правіл дызайну, - расказвае Л.С.Крыўчэня. – Гэтыя ідэі падтрымліваюцца кіраўніцтвам установы і ўвасабляюцца ў рэальнасць. Важна, што работа мае не толькі экалагічны характар, але і сацыяльную практычную значнасць: фарміруе працоўныя і камунікацыйныя навыкі вучняў.

Астроміцкія педагогі лічаць, што работа па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі – гэта вялікая школа стваральнай працы, любові і дабрыні, творчы працэс, які прыносіць шмат яркіх уражанняў і станоўчых эмоцый. Удзельнікі праекта на пэўны час становяцца мастакамі і скульптарамі, ландшафтнымі дызайнерамі і кветкаводамі.

- Рэалізацыя праекта патрабуе вялікага цярпення і вялікіх намаганняў, ведаў і вопыту, - заўважае Л.С.Крыўчэня. – Таму ў гэтай рабоце задзейнічаны вучні рознага ўзросту і дарослыя, якія сумесна вырашаюць пытанні па стварэнні камфортных умоў жыццёвай прасторы. Школьнікі генерыруюць ідэі, выконваюць пасільныя працоўныя аперацыі. Абслуговы персанал з ліку Сяргея Мікалаевіча Чалея, Сяргея Аляксандравіча Шыкасюка і Уладзіміра Уладзіміравіча Штыка стварае дэкаратыўныя элементы двара. Каардынуюць работу настаўнікі Наталля Васільеўна Варанюк і Наталля Васільеўна Штык пад кіраўніцтвам дырэктара школы Галіны Уладзіміраўны Свянцецкай.

Па словах Л.С.Крыўчэня, кветкі з’яўляюцца ідэальным і ўніверсальным інструментам у ландшафтным дызайне. Сёлета педагогі рабілі акцэнт на манахромных клумбах, якія складаліся з кветак з некалькімі адценнямі аднаго колеру. Так, вясной радавалі вока яркія віёлы жоўта-аранжавай гамы. Іх змянілі петуніі, бягоніі і герані чырвона-ружовых адценняў. Гэта надало двару асаблівы настрой і прыгажосць.

Увесь пасадачны матэрыял педагогі вырошчваюць самі. Для гэтага кожную восень нарыхтоўваюцца сцябловыя чаранкі кветкавых культур, высейваецца насенне на расаду.

- Асаблівым гонарам школы з’яўляюцца малыя архітэктурныя формы, якія ствараюць непаўторную чароўнасць, - прызнаецца Л.С.Крыўчэня. – Так, партэр упрыгожаны перасовачнымі канструкцыямі “Лётаючая кветка” з галерэяй гаршковых раслін у форме матылёў, якія сімвалізуюць працэс гарманічнага развіцця. Каля школьнага ўваходу размешчаны металічныя кашпо “Вясёлка настрою”. Пра адкрыццё ва ўстанове трэнажорнага пакоя “Гармонія” апавяшчае прыпаркаваны веласіпед – атрыбут здаровага ладу жыцця. На радасць малодшых школьнікаў пейзажны сад дапоўнены драўлянай скульптурай “Алень”. Дагледжаныя газоны акультурваюць прастору і з’яўляюцца ідэальным фонам для кустоўя і маляўнічых кветнікаў. Зімовы двор упрыгожваюць вечназялёнае кустоўе (самшыт, брызгліна) і хвойныя (туя, ядловец, яліна).

Кожны наведвальнік школьнага двара-сада знойдзе куток, блізкі сэрцу, бо на тэрыторыі ўстановы знаходзіцца партэр, пейзажны двор, зона ў стылі кантры, вадаём з групавымі пасадкамі хвойнікаў, куток “Перамозе прысвячаецца”, фруктовы сад, зона адпачынку з альтанкай і лаўкамі, кампазіцыя параднага ўваходу, сектар для заняткаў рухавымі гульнямі.

Вынікі сістэмнай і карпатлівай работы астроміцкіх педагогаў не застаюцца незаўважанымі. Другі год запар школа перамагае ў абласным аглядзе-конкурсе па навядзенні парадку і азеляненні тэрыторый устаноў адукацыі “Цудоўней стане Брэстчына мая” (у намінацыі “Азеляненне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў сельскай мясцовасці”). Журы адзначае эфектнасць і маляўнічасць школьнага двара, прыгажосць і акуратнасць яго афармлення, адпаведнасць кампазіцый мэтаваму прызначэнню. На абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый “Упрыгожым Беларусь кветкамі” школа была адзначана ў намінацыі “Водны сад” дыпломам І ступені за праект “Фарбы лета на вадзе”.

- Прыгажосць, створаная рукамі дружнага калектыву, застанецца ў памяці дзяцей і доўгі час будзе саграваць сэрцы выпускнікоў светлымі ўспамінамі пра цудоўныя школьныя гады. Ландшафтны дызайн двара – гэта не проста комплекс работ па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, гэта погляд у будучыню. Школьны двор – знешняе выяўленне ўнутранага свету яго стваральнікаў. Гэты прыгожы свет патрабуе пастаяннага клопату і ўвагі. Педагогі на спыняюцца да дасягнутым. Мы ў пачатку цікавага творчага шляху, - падагульняе Л.С.Крыўчэня.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.