Мабільны настаўнік – мабільны вучань – мабільная ўстанова адукацыі

22.12.2016
На базе гімназіі №1 Баранавіч прайшоў абласны семінар для кіраўнікоў гімназій і ліцэяў Брэстчыны “Інфармацыйная прастора ўстановы адукацыі як элемент адукацыйнага асяроддзя”. Арганізатарамі мерапрыемства, на якім быў прэзентаваны эфектыўны вопыт работы баранавіцкіх педагогаў, выступілі Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі і аддзел адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама.

Адкрываючы семінар, метадыст Брэсцкага абласнога ІРА Л.Я.Медзічэнка адзначыла, што інфармацыйная прастора ўстаноў адукацыі – гэта прастора інтэлектуальных, тэхналагічных, сацыяльных і культурных магчымасцей. Мэтазгоднасць выкарыстання ІКТ у школе відавочная. Але інфарматызацыя – гэта не толькі ўстаноўка камп’ютараў і падключэнне да інтэрнэту, а найперш змена зместу, метадаў і арганізацыйных форм агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі вучняў да жыцця ва ўмовах інфармацыйнага грамадства. Таму надзвычай актуальнай праблемай стала фарміраванне і ўдасканаленне інфармацыйнай культуры карыстальнікаў ІКТ.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Баранавіцкага гарвыканкама С.С.Сідаровіч падкрэсліла, што традыцыі і інавацыі ў адукацыйным асяроддзі горада з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі яго эфектыўнага развіцця. Святлана Станіславаўна падзялілася вопытам выкарыстання інфармацыйных рэсурсаў у арганізацыі адукацыйнай дзейнасці баранавіцкіх школьнікаў.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай гімназіі, якая дазваляе паспяхова прымяняць сучасныя ІКТ у вучэбна-выхаваўчым працэсе. Дырэктар навучальнай установы М.М.Шырко засяродзіў увагу на кіраванні зменамі ў інфармацыйнай культуры ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу: “Галоўная задача – гэта забеспячэнне ўмоў для навучання педагогаў эфектыўнай рабоце з камп’ютарнай тэхнікай, выкарыстання магчымасцей інтэрнэт-тэхналогій у вучэбным працэсе, павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, стварэння сістэмы электронных адукацыйных рэсурсаў, метадычнага і дыдактычнага суправаджэння ІКТ. Работа ў гэтым напрамку будзе садзейнічаць самарэалізацыі вучняў і педагогаў ва ўмовах укаранення новых сеткавых форм вучэбнай і пазавучэбнай дзейнасці”.

Удзельнікі семінара атрымалі цудоўную магчымасць пабываць у дзвюх эпохах – параўнаць працуючы камп’ютар ІВМ 1991 года выпуску з навінкай ХХІ стагоддзя мультыбордам.

- Інфарматызацыя школы – гэта пошук новых спосабаў арганізацыі адукацыйнага працэсу і кіравання ім, - адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі С.П.Лімошкіна. – Пабудова адзінай інфармацыйнай прасторы ва ўстанове ажыццяўляецца па двух напрамках: інфарматызацыя кіраўніцкай дзейнасці і выкарыстанне ІКТ у адукацыйным працэсе. У гэтай рабоце задзейнічаны адміністрацыя, настаўнікі, сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба, вучні і іх бацькі. Паміж усімі імі наладжана эфектыўнае ўзаемадзеянне, напрыклад, на ўзроўні гімназічнага сайта.

Педагогі знаходзяцца ў пастаянным пошуку выніковых форм работы з вучнямі. Для многіх настаўнікаў зносіны ў віртуальнай прасторы сталі арганічным працягам адукацыйнага працэсу. У гімназіі створаны блогі педагогаў, класаў і вучэбна-метадычных аб’яднанняў. Гэта дапамагае настаўнікам хутка ўзаемадзейнічаць з вучнямі і іх бацькамі.

Па словах С.П.Лімошкінай, асаблівай папулярнасцю карыстаецца смарт-клас, работа ў якім арганізавана з дапамогай праграмнага забеспячэння VisionPro, планшэтаў і мультыборда. Усталяваўшы сувязь паміж мультыбордам і планшэтамі настаўніка і вучняў, можна цалкам кантраляваць змест планшэтаў дзяцей, што мінімізуе фактары, якія адцягваюць іх увагу ад вучобы. Акрамя таго, адкрываецца магчымасць для адначасовага выканання тэстаў усімі вучнямі, адсочвання сувязі планшэтаў з мультыбордам і выканання заданняў на дошцы, знаходзячыся на рабочым месцы.

Гаворачы пра мадэль фарміравання і развіцця вучняў новай фармацыі, С.П.Лімошкіна расказала пра ўкараненне ў работу адукацыйнай платформы EFFOR, якая ўяўляе сабой комплексную сістэму навучання і развіцця. Платформа заснавана на своечасовым выяўленні і прадухіленні прабелаў у ведах вучняў. Галоўная асаблівасць платформы заключаецца ў сістэме тэставых практыкаванняў для дзяцей і іх бацькоў. EFFOR дазваляе карыстальнікам планаваць і карэкціраваць навучанне, матываваць дзяцей да навучання і дадатковых вучэбных намаганняў, аператыўна дыягнаставаць і паспяхова прадухіляць прабелы ў ведах, ацэньваць бягучыя вынікі навучання, атрымліваць аператыўныя даныя па выніках работы вучняў. Гімназісты, якія дадаткова займаюцца на гэтай платформе, гарантавана паляпшаюць веды.

- Вялікая ўвага ў самаадукацыі настаўнікаў удзяляецца арганізацыі сеткавай праектнай дзейнасці, фарміраванню і развіццю сеткавай прафесійнай супольнасці намеснікаў дырэктара і педагогаў, што з’яўляецца добрым сродкам назапашвання і распаўсюджвання эфектыўнага вопыту работы, - расказала намеснік па вучэбнай рабоце гімназіі Л.І.Тарасюк. – Наш лозунг “Мабільны настаўнік – мабільны вучань – мабільная ўстанова адукацыі”. Развіццё міжнародных сувязей – адзін з эфектыўных сродкаў вывучэння і выкарыстання замежнага вопыту для павышэння якасці адукацыі, добрая магчымасць для прэзентацыі сваіх напрацовак на міжнародным узроўні і ўсталявання культурных стасункаў.

Удзельнікі семінара прагледзелі відэафільм “Мадэляванне вучэбных заняткаў з выкарыстаннем інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій”, зняты гімназістамі. Напрыканцы мерапрыемства кіраўнікі арганізавалі сеткавую супольнасць дырэктараў гімназій і ліцэяў Брэстчыны. Цяпер на створанай платформе яны змогуць дзяліцца ідэямі, абменьвацца вопытам і знаходзіць адказы на актуальныя пытанні.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.