У інтарэсах педагогаў

19.12.2016
Адбыўся ІІ пленум Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. У рабоце пленума, на якім разглядалася дзейнасць прафсаюзных органаў па забеспячэнні працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў педагогаў, удзельнічалі намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі В.А.Ільіна, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А.І.Вялічка і начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі.

- Асноўныя задачы прафсаюзных арганізацый – павышэнне матывацыі прафсаюзнага членства, удасканаленне сацыяльнага партнёрства і стварэнне належных умоў для работы педагогаў, - адзначыў старшыня Брэсцкага абкама галіновага прафсаюза В.А.Харытановіч. – Сёння на Брэстчыне дзейнічаюць 1140 пярвічных прафсаюзных арганізацый устаноў адукацыі. Членамі галіновага прафсаюза з’яўляюцца амаль 96% педагогаў і каля 98% навучэнцаў ССНУ і УВА.

Узаемадзеянне з сацыяльным партнёрам (абласным упраўленнем адукацыі) ажыццяўляецца на аснове штогадовага плана сумесных мерапрыемстваў. Вялікая ўвага ўдзяляецца навучанню прафсаюзнага актыву: лекцыі, абмен вопытам, дзелавыя гульні, круглыя сталы, семінары-практыкумы, прэзентацыі, справаздачы, паказальныя масавыя мерапрыемствы, тэматычныя дні, абагульненне і распаўсюджванне практыкі лепшых пярвічак. Кіраўнікі ўстаноў адукацыі зацікаўлены ў сумеснай дзейнасці з прафсаюзам па выкананні патрабаванняў Працоўнага кодэкса Беларусі, удасканаленні кадравага справаводства, афармленні арганізацыйна-распарадчых дакументаў у адпаведнасці з дзяржаўным стандартам.

- Важнае месца ў рабоце прафсаюзных кадраў займае інфармацыйная дзейнасць, - расказаў В.А.Харытановіч. – Прафкамы распрацоўваюць профільныя веснікі, брашуры, інфармацыйныя лістоўкі і метадычныя рэкамендацыі па асноўных напрамках прафсаюзнай дзейнасці. На прафсаюзных старонках сайтаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму рэгулярна размяшчаюцца матэрыялы аб рабоце сацыяльных партнёраў. Традыцыйнымі сталі дні прафсаюзнага інфармавання і дні сацыяльнага партнёрства ў пярвічных прафсаюзных арганізацыях устаноў адукацыі. Сёлета былі падведзены вынікі абласнога конкурсу на лепшы матывацыйны буклет пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, які праводзіўся з мэтай павышэння эфектыўнасці іх інфармацыйнай работы, фарміравання станоўчага іміджу прафсаюза, павышэння прававой кампетэнтнасці і інфмармацыйнай культуры прафсаюзных актывістаў. На сайце абкама прафсаюза размешчаны інфармацыя па аздараўленні педагогаў, педагагічных дынастыях Брэстчыны, рабоце са зваротамі, моладдзю і ветэранамі, нарматыўныя прававыя дакументы па розных напрамках дзейнасці і матэрыялы па галіновых аглядах-конкурсах. На высокім узроўні арганізавана інфармацыйная дзейнасць у пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БрДУ імя А.С.Пушкіна, Жабінкаўскай раённай і Брэсцкай гарадской прафсаюзных арганізацыях.

Па словах В.А.Харытановіча, асноўныя намаганні прафсаюза накіраваны на забеспячэнне працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў педагогаў. Паміж абласным упраўленнем адукацыі і абкамам галіновага прафсаюза заключана пагадненне аб супрацоўніцтве на 2016 – 2018 гады. Вынікі яго выканання разглядаюцца двойчы ў год. Пры неабходнасці аператыўна ўносяцца змены і дапаўненні ў пагадненне і калектыўныя дагаворы. Дзякуючы пастаяннай рабоце па ўдасканаленні норм пагаднення, яно не толькі рэгламентуе і сістэматызуе дзейнасць устаноў адукацыі, але і паляпшае становішча педагогаў у параўнанні з існуючым айчынным заканадаўствам.

На працягу 2015 – 2016 гадоў у рамках ажыццяўлення грамадскага кантролю за выкананнем працоўнага заканадаўства была вывучана работа 319 устаноў адукацыі і адпаведных прафкамаў. Гэта выявіла 2186 парушэнняў заканадаўства, з якіх 2161 было вырашана ў месячны тэрмін.

- Асаблівая ўвага ўдзяляецца забеспячэнню працоўных правоў работнікаў пры кантрактнай форме найму, якая сёння прымяняецца ў дачыненні да 53,8 тысяч чалавек, - заўважыў В.А.Харытановіч. – Кантракты на 5 гадоў маюць 51% работнікаў, на год – 16%. У 2010 – 2016 гадах не дапушчаны выпадкі адмовы ў працягу працоўных адносін з работнікамі, якія не мелі дысцыплінарных спагнанняў на працягу года да завяршэння кантракта. Сёлета ніводны работнік не пажадаў перайсці на работу па працоўным дагаворы на нявызначаны тэрмін.

Што да аплаты працы работнікаў адукацыі, то сёння іх сярэдні заробак знаходзіцца на 4 месцы сярод іншых абласцей краіны, хаця кваліфікацыйны ўзровень педагогаў Брэстчыны самы высокі ў Беларусі. Павышэнне тарыфных ставак ад 30% да 50% маюць 56,5% работнікаў-кантрактнікаў. Маладыя спецыялісты маюць павышэнне на 20%, у шэрагу раёнаў – на 30 – 35%. Сярэдні заробак настаўнікаў вобласці ў верасні склаў амаль 600 рублёў, урачоў – каля 870.

Па словах В.А.Харытановіча, стрымлівае рост заробкаў педагогаў адсутнасць магчымасці праходжання атэстацыі і прысваення кваліфікацыйнай катэгорыі выхавальнікам дашкольных устаноў без спецыяльнай адукацыі. Сёння каля 25% выхавальнікаў не маюць кваліфікацыйнай катэгорыі, а каля 46% - не могуць атрымаць ці павысіць кваліфікацыйную катэгорыю.

У сваім дакладзе В.А.Харытановіч закрануў пытанні, звязаныя са спартыўна-масавай работай, забеспячэннем бяспечных умоў працы, грамадскім кантролем, зваротамі грамадзян, аздараўленнем дзяцей і падтрымкай ветэранаў педагагічнай працы. Так, добра працуюць з ветэранамі ў Брэсце, Пінску і Баранавічах, Жабінкаўскім, Івацэвіцкім, Бярозаўскім, Маларыцкім і Пінскім раёнах. Значная работа па захаванні педагагічнай спадчыны праводзіцца ва ўстановах адукацыі Ляхавіччыны, дзе ў кожнай з іх аформлены летапісы і створаны галерэі педагагічнай славы. Сёлета на Піншчыне стартавала акцыя “Спадчына”, у рамках якой пярвічныя прафсаюзныя і ветэранскія арганізацыі збіраюць матэрыялы аб усіх кіраўніках устаноў адукацыі, заслужаных настаўніках і выдатніках адукацыі.

Вопытам работы падзяліліся кіраўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый Р.В.Чуль з БрДУ імя А.С.Пушкіна і С.П.Гардзіюк з Кіселявецкага дзіцячага сада – сярэдняй школы Кобрынскага раёна, а таксама старшыні Іванаўскай і Жабінкаўскай раённых арганізацый галіновага прафсаюза Л.М.Захарэвіч і Н.М.Урбан.

- Сацыяльнае партнёрства прафсаюза і сістэмы адукацыі надзвычай важнае ў забеспячэнні больш якаснай работы галіны, - адзначыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Ю.М.Прасмыцкі. – Сёння найбольш актуальнымі пытаннямі з’яўляюцца паляпшэнне мікраклімату ў педкалектывах, павышэнне заробкаў за кошт унутраных рэзерваў, сістэмнае павышэнне кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў, недапушчэнне фактаў звальнення работнікаў па прынцыпе “не пажаданы”, павышэнне іміджу настаўніцкай прафесіі. Вырашыць гэтыя пытанні можна толькі сумеснымі намаганнямі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.