Дзеля поспеху кожнага вучня
17.12.2016З мінулага навучальнага года ўстанова працуе над інавацыйным праектам па ўкараненні мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення. Мэта праекта, у якім удзельнічаюць старшакласнікі, заключаецца ў фарміраванні ключавых кампетэнцый інтэлектуальна адораных і высокаматываваных вучняў шляхам іх псіхолага-педагагічнага і цьютарскага суправаджэння падчас прафесійнага станаўлення.
- Вучні фарміруюць адукацыйныя запыты, а настаўнікі павінны арганізаваць адукацыйную траекторыю развіцця кожнага дзіцяці, - расказвае С.У.Мартысюк. – На першы план выходзіць індывідуальны падыход і дыферэнцыяцыя навучання. Індывідуальную адукацыйную праграму ствараюць настаўнікі-цьютары. Сярод іх – настаўнік гісторыі Сяргей Аляксандравіч Сярко і настаўніца рускай мовы і літаратуры Раіса Баталбіеўна Магаметава, пад кіраўніцтвам якіх цьютаранты неаднаразова станавіліся пераможцамі раённых і гарадскіх творчых конкурсаў і прадметных алімпіяд, удзельнічалі ў міжнародных спаборніцтвах.
С.У.Мартысюк лічыць, што вельмі важна арганізаваць не толькі сутворчасць настаўнікаў і вучняў, але і супрацоўніцтва з іншымі ўстановамі горада для большага развіцця творчага патэнцыялу дзяцей. Так, вялікую падтрымку ў рабоце з высокаматываванымі вучнямі аказвае Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Брэсце, які прапаноўвае цікавыя формы сумеснай дзейнасці. Вучні ўдзельнічалі ў міжнароднай акцыі “Татальная дыктоўка – 2016”, перамаглі ў конкурсе “Я – брэстаўчанін. Я – беларус. Я – славянін” сярод устаноў адукацыі Ленінскага раёна Брэста, якія займаюцца інавацыйнай дзейнасцю, увайшлі ў склад зборнай каманды горада і сталі пераможцамі міжрэгіянальнай гульні “Што я ведаю пра Расію?”. Сёння школа падключылася да новых праектаў РЦНК: “Лінгвістычны марафон” і “Інтэрнэт-віктарына”. Акрамя таго, навучальная ўстанова на працягу некалькіх гадоў паспяхова супрацоўнічае з БрДТУ: раз у месяц выкладчыкі кафедры бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту праводзяць са старшакласнікамі заняткі па фінансавай дасведчанасці.
- Надзвычай актуальным напрамкам работы з’яўляецца псіхолага-педагагічнае суправаджэнне вучняў з мэтай фарміравання іх прафесійнага самавызначэння і паспяховай сацыялізацыі, - адзначае С.У.Мартысюк. – У другім паўгоддзі бягучага навучальнага года стартуе праект “Прафпробы” для цьютарантаў, якія змогуць паспрабаваць сябе ў некаторых прафесіях. Цьютаранты – гэта вучні класа грамадазнаўчага напрамку, дзе профільнымі прадметамі з’яўляюцца гісторыя Беларусі і грамадазнаўства. Профільны клас мае асаблівы статус у школе. Яго вучні ўжо сфарміравалі свае адукацыйныя мэты і прафесійныя намеры.
С.У.Мартысюк прызнаецца, што з выбарам профілю навучання ў школе праблем не было. Для гэтага ва ўстанове ёсць усё неабходнае: высокакваліфікаваныя кадры, добрыя ўмовы, дакладныя запыты і традыцыі. Гісторыя школы – гэта і гісторыя профільнай адукацыі. Шмат гадоў навучальная ўстанова мела гістарычны ўхіл.
- Многія пытаюцца: “Навошта вывучаць гісторыю?”. Адказ відавочны: вывучаючы мінулае, мы будуем будучыню, кіруючыся багатым вопытам папярэдніх пакаленняў. Вывучэнне гісторыі і грамадазнаўства на павышаным узроўні дазваляе сфарміраваць у вучняў такія важныя якасці і навыкі, як самасвядомасць, адказнасць за вынікі сваёй дзейнасці, аратарскае майстэрства, культура і інтэлігентнасць. Акрамя таго, навучанне ў профільным класе дапамагае дзецям рыхтавацца да паступлення на гуманітарныя факультэты. Узровень ведаў па ўсіх прадметах у вучняў профільнага класа больш высокі, чым у звычайным. Цьютаранты – пераможцы школьнага конкурсу “Клас года – 2016”. Прыемна, што выпускнікі з году ў год становяцца студэнтамі гістарычных факультэтаў УВА, - падагульняе С.У.Мартысюк.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.