З даверам і падтрымкай

12.12.2016
- Вялікая роля ў фарміраванні даверлівых адносін паміж педагогамі, вучнямі і іх бацькамі належыць класнаму кіраўніку, - гаворыць дырэктар Дварэцкага ясляў-сада – сярэдняй школы Лунінецкага раёна Андрэй Савіч Янкевіч. – Давер – гэта ўніверсальны сродак, які дапамагае своечасова выявіць і вырашыць пэўныя праблемы.

У эфектыўнай рабоце вельмі важныя дыялог бацькоў і педагогаў, абмен меркаваннямі, пошук сумесных рашэнняў, агульныя намаганні, неабходныя для развіцця дзяцей. У нашай школе працуе зладжаны калектыў настаўнікаў, працоўны стаж многіх з якіх перавышае 15 гадоў. Па аб’ектыўных прычынах дырэктар абмежаваны ў выбары прэтэндэнтаў на ролю класных кіраўнікоў. А перад імі пастаўлены вельмі сур’ёзныя задачы. Далёка не кожны педагог, які з’яўляецца майстрам выкладання пэўнага прадмета, здольны быць сапраўдным настаўнікам у пытаннях станаўлення асобы. Многім прасцей адвесці ўрокі, чым штодзень займацца выхаваўчымі праблемамі.

Выхаваўчая сістэма ўстановы адукацыі абумоўлена сельскім статусам і невялікай колькасцю вучняў (250). Іх бацькі большую частку часу пасля работы і на выхадных заняты на прысядзібных участках.

- Некалькі гадоў назад перад школай востра паўстала праблема арганізацыі занятасці вучняў у суботу, - расказвае А.С.Янкевіч. – Анкетаванне дзяцей і іх бацькоў паказала, што большасць вучняў па суботах дапамагае мамам і татам па гаспадарцы. Але частку суботы дзеці ўсё роўна праводзілі з равеснікамі. Бацькі жадалі, каб яны былі заняты карыснымі і цікавымі справамі. Адны лічылі, што суботняя занятасць павінна быць арганізавана ў школе, другія былі катэгарычна супраць гэтага. Перад адміністрацыяй установы паўстала складаная задача па ўдасканаленні існуючых і пошуку новых магчымасцей школы ў арганізацыі вольнага часу дзяцей у шосты дзень, далучаючы іх да заняткаў фізкультурай і спортам, турызмам, мастацкай і тэхнічнай творчасцю, работы розных клубаў і аб’яднанняў, рацыянальнай працоўнай, культурнай і грамадска карыснай дзейнасці. Без актыўнага ўдзелу бацькоў вырашыць гэтую праблему было немагчыма. Таму стратэгічнай задачай класных кіраўнікоў стала аб’яднанне бацькоў у пытанні арганізацыі шостага школьнага дня.

Класныя кіраўнікі правялі з бацькамі неабходную тлумачальную работу, падчас індывідуальных гутарак і анкетаванняў вывучалі іх запыты, падтрымлівалі вылучаныя карысныя ініцыятывы і праз сумесныя мерапрыемствы і экскурсіі зрабілі мам і татаў актыўнымі партнёрамі ў правядзенні сумеснага вольнага часу. На школьным сайце былі размешчаны планы выхаваўчай дзейнасці, расклад заняткаў гурткоў, клубаў і секцый, графік работы спартыўнай залы, камп’ютарнага класа і бібліятэкі. Штотыдзень на сайце з’яўляліся фотасправаздачы праведзеных мерапрыемстваў.

- Анкетуючы вучняў, мы не толькі выяўлялі іх інтарэсы і запыты, але і праводзілі своеасаблівую рэкламную кампанію з інфармацыяй пра асноўныя напрамкі пазаўрочнай дзейнасці, - адзначае А.С.Янкевіч. – Прааналізаваўшы вынікі, мы скарэкціравалі некаторыя напрамкі арганізацыі вольнага часу і дапамаглі вучням у выбары віду занятасці. Улік меркаванняў і пажаданняў дзяцей у гэтым надзвычай важны. Практыка паказала, што яны аддаюць перавагу тым заняткам і відам дзейнасці, дзе адчуваюць поспех. Падчас гульні “Аўкцыён”, у якой педагогі, вучні і іх бацькі, разбіўшыся на малыя групы па 3 – 4 чалавекі, прыдумлялі цікавыя справы для класа, быў складзены план правядзення калектыўна-масавых мерапрыемстваў. Такім чынам, рэсурс класных кіраўнікоў у стварэнні дабратворнага псіхалагічнага клімату ў арганізацыі школьнай суботы быў выкарыстаны максімальна. Дзякуючы праведзенай рабоце, усталяваліся бесканфліктныя адносіны паміж сем’ямі і школай, настаўнікамі і вучнямі, акрэслілася пэўная сістэмнасць у правядзенні шостага дня, актывізавалася наведвальнасць школьных мерапрыемстваў не толькі вучнямі, але і іх бацькамі. Істотным укладам у замацаванне выніку стала арганізацыя суботняга падвозу дзяцей ад месца жыхарства да школы. Сёння ў вучняў і бацькоў ужо не ўзнікаюць пытанні наконт неабходнасці арганізацыі суботняй занятасці.

У кожнай установе адукацыі ёсць дзеці, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы ці стаяць на прафілактычным уліку за ўчыненыя проціпраўныя дзеянні. Гэтыя вучні патрабуюць павышанай педагагічнай увагі. Далёка не заўсёды гэтую ўвагу адэкватна ўспрымаюць і вітаюць іх бацькі. Часам яны з-за адсутнасці педагагічных навыкаў не здольны заўважыць нейкую праблему ці лічаць яе нязначнай і не вартай увагі. У выніку педагогам даводзіцца прыкласці шмат намаганняў, каб пераканаць бацькоў у тым, што іх дзіцяці неабходна дапамога і дапамагчы яму можна толькі праз работу з сям’ёй.

- Аднойчы наш калектыў сутыкнуўся з праблемай, - гаворыць А.С.Янкевіч. – У 7 клас прыйшоў хлопчык з дэвіянтнымі паводзінамі, нізкім узроўнем выхаванасці і духоўнага развіцця. Ён не стасаваўся з іншымі дзецьмі, быў агрэсіўным. З цягам часу яго паводзіны сталі негатыўна ўплываць на дысцыпліну ў класе і правядзенне ўрокаў. Сітуацыю пагаршала тое, што дамашнія праблемы аддалілі сына ад бацькоў, якія мала клапаціліся не толькі выхаваннем і развіццём дзіцяці, але і забеспячэннем яго базавых патрэб.

Да работы з вучнем, акрамя класнага кіраўніка, падключыўся педагог-псіхолаг. Гэта дазволіла выявіць прычыны ўзнікнення дэвіянтных паводзін. Класны кіраўнік, атрымліваючы кансультацыі педагога-псіхолага, стаў сувязным паміж хлопчыкам і іншымі вучнямі. Спачатку важна было наладзіць кантакт паміж дзецьмі і зменшыць значнасць унутраных перажыванняў. Прыём далучэння прадугледжваў прыняцце цяжкага становішча як уласнага. “Не хвалюйся, я табе дапамагу”, - гэтыя словы класнага кіраўніка, сказаныя своечасова, ад чыстага сэрца і падмацаваныя справай, дазволілі заваяваць давер хлопчыка, пераканаць яго, што ён не адзін. Паступова паводзіны вучня змяніліся. Усталяваліся добрыя міжасобасныя адносіны з равеснікамі, знікла адчуванне дыскамфорту і нядобранадзейнасці.

Класны кіраўнік паспяхова выкарыстоўваў прыём далучэння да дзейнасці, які падкрэсліваў запатрабаванасць дзіцяці, змяншаючы ці знімаючы стрэсавы стан. Вельмі эфектыўнымі аказаліся прыёмы дапамогі (для ўсталявання даверлівага кантакту з хлопчыкам класны кіраўнік звяртаўся да яго за парадай і расказваў пра ўласныя праблемы) і ацэньвання ўчынку (для высвятлення маральных пазіцый падлетка і іх карэкцыі педагог расказваў гісторыю і прасіў ацаніць розныя ўчынкі яе ўдзельнікаў).

- Індывідуальная прафілактычная работа прынесла пэўныя вынікі, паспяховае замацаванне якіх залежыць ад падтрымкі класнага калектыву і бацькоў, - адзначае А.С.Янкевіч. – Асноўная роля ў арганізацыі такой падтрымкі належыць класнаму кіраўніку. Узаемадзеянне з педагогам-арганізатарам, прадстаўнікамі культуры, спорту і грамадскасці пры правядзенні мерапрыемстваў у вольны час, класныя гадзіны па праблемах міжасобасных зносін і гутаркі з элементамі казкатэрапіі стварылі атмасферу агульнай зацікаўленасці і ўключылі падлетка ў дзейнасць класа, дазволілі адчуць сваю паспяховасць у агульнай справе і непадробны інтарэс з боку равеснікаў. Вялікую ролю адыграла і сістэмная работа з бацькамі, сустрэчы з якімі праходзілі так, каб яны зразумелі, што педагогі хвалююцца за дзіця, прымаюць яго і гатовы дапамагчы ў цяжкіх сітуацыях. Бацькі павінны былі пераканацца ў тым, што педагогі дзейнічаюць менавіта ў інтарэсах іх сына. Вельмі важна было далучыць бацькоў хлопчыка і да зносін з іншымі бацькамі, каб яны разумелі, што работа ў імі і іх дзіцем вядзецца ў рамках педагагічнай падтрымкі і асветы, а не з мэтай павучальнага кантролю.

Пры абмеркаванні тэмы дзіцяча-бацькоўскіх адносін акцэнт рабіўся на тое, што ўсе дзеці падобныя паміж сабой і ў той жа час па-свойму асаблівыя. Таму трэба ўмець прымаць кожнага з іх. Такі падыход дапамог зменшыць рознагалоссі паміж бацькамі класа і значна знізіць іх абурэнне паводзінамі цяжкага падлетка. Практыка паказала, што інтарэс яго бацькоў да школьных праблем сына істотна вырас. Палепшыліся псіхалагічны клімат у сям’і і эмацыянальны камфорт дзіцяці ў школе і дома.

- Спектр праблем, якія ўзнікаюць перад класным кіраўніком у выхаваўчай рабоце, настолькі шырокі, што далёка не заўсёды можна прымяніць пэўныя алгарытмы дзеянняў для іх вырашэння. Таму вельмі важна класным кіраўнікам абменьвацца вопытам з калегамі. З гэтай мэтай у нашай школе дзейнічае вучэбна-метадычнае аб’яднанне класных кіраўнікоў. Любыя пытанні і праблемы, якія ўзнікаюць у іх дзейнасці, спачатку абмяркоўваюцца на пасяджэннях аб’яднання і толькі потым выносяцца на ўзровень дырэктара для прыняцця адпаведных кіраўніцкіх рашэнняў. Гэта дазваляе класным кіраўнікам усведамляць сваю адказнасць і значнасць у выхаваўчай рабоце, а таксама наладзіць добрыя адносіны ў сістэме “педагог – вучань – бацькі”, - падагульняе А.С.Янкевіч.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.